Рэформа органаў улады: кіраўніцтва краіны і грамадзянская супольнасць думаюць паасобку і па-рознаму

Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб стварэнні дзяржкамісіі па рэфармаванні органаў дзяржаўнай улады. Паралельна прапановы наконт мадэрнізацыі сістэмы дзяржорганаў распрацоўваюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Але надзей, што гэтымі напрацоўкамі скарыстаецца кіраўніцтва краіны, мала.

"Лічу, што нам прыйдзецца правесці значнае скарачэнне ў дзяржаўных структурах, думаю, працэнтаў дзесьці на 25—30. Унізе менш, уверсе пабольш, прыбраўшы непатрэбныя функцыі і значна потым павялічыўшы грашовае забеспячэнне і заработную плату дзяржслужачых. І адсюль — міліцыі, ваеннаслужачым і гэтак далей", — сказаў Лукашэнка, прымаючы 1 кастрычніка з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Гаворачы аб рэфармаванні МУС, кіраўнік дзяржавы прапанаваў "падумаць пра павелічэнне ўлады міліцыі".

Паводле яго слоў, "ні ўчастковы, ні міністр, ні іншыя, ніхто не павінен бегаць па дзесяць разоў па адным і тым жа месцы і ўгаворваць кагосьці. Міліцыянер павінен прыйсці і на падставе выразна заканадаўча прапісаных нормаў запатрабаваць выканання абавязкаў той ці іншай асобай, і больш там не з'яўляцца". Лукашэнка лічыць, што ў выніку такога падыходу ўзмоцніцца "адпаведная ўлада службовых асоб у міліцыі, і не толькі ў міліцыі".

У сваю чаргу Шуневіч праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб папярэдніх выніках працы па рэфармаванні сістэмы органаў унутраных спраў і планах на будучыню. Гэты працэс развіваецца па трох асноўных кірунках: ідэалагічнае і кадравае забеспячэнне органаў унутраных спраў, рэфармаванне міліцыі грамадскай бяспекі і рэфармаванне крымінальнай міліцыі.

Былы следчы пракуратуры, а цяпер праваабаронца Алег Волчак, каментуючы заяву Лукашэнкі, адзначыў, што кіраўнік дзяржавы "нарэшце прыслухаўся да тых рэкамендацый, якія яму давалі".

"Мы даўно казалі, што ўчастковых трэба вызваліць ад папяровай працы, даць ім больш паўнамоцтваў, большую зарплату. Цяпер кожны другі скардзіцца на вялікую занятасць пры нізкай зарплаце, са службы бягуць, у першую чаргу нізавыя супрацоўнікі — участковыя і оперупаўнаважаныя. Яны робяць асноўную працу. Даходзіць нават да таго, што ўчастковыя і оперупаўнаважаныя робяць працу следчых — бяруць паказанні, дапытваюць пацярпелых і сведак. Навошта нам тады Следчы камітэт?" — адзначыў Волчак.

Ён не падзяляе асцярог некаторых аналітыкаў наконт магчымага пашырэння функцый і паўнамоцтваў супрацоўнікаў міліцыі. "Па-першае, пакуль яшчэ не ясна, у якім ключы будзе праводзіцца рэформа МУС. Я думаю, гэта мы пачуем праз два-тры дні, калі перад падначаленымі выступіць Шуневіч. Па-другое, функцыі супрацоўнікаў міліцыі пашыраць няма куды — яны і так ужо пашыраны да мяжы, так што ў гэтым плане я праблем пакуль не бачу", — сказаў Волчак.

Ён таксама адзначыў, што прапановы, якія прагучалі да Лукашэнкі, выказваліся экспертамі ў межах ініцыятывы " Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". "Я не выключаю, што менавіта адтуль Лукашэнка запазычыў ідэю рэформы і што Еўрасаюз акажа тэхнічную дапамогу па мадэрнізацыі МУС", — выказаў меркаванне эксперт.

Сапраўды, адна з экспертных рабочых груп, створаных у межах "Дыялогу аб мадэрнізацыі", абмяркоўвае пытанні, што датычацца рэформ у сістэме юстыцыі і ўнутраных спраў.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, які каардынуе працу гэтай групы экспертаў, адзначае, што неабходнасць у такіх рэформах ужо даўно наспела. "Гэта разумеюць і ўлада, і грамадства. Не выпадкова супала так, што пачалася распрацоўка прапаноў па мадэрнізацыі сістэмы дзяржорганаў на двух узроўнях — ва ўладзе і сярод грамадзянскай супольнасці", — сказаў Пастухоў у інтэрв'ю БелаПАН.

Суразмоўца адзначае, што аптымальны варыянт распрацоўкі такой рэформы — гэта магчымасць незалежным юрыстам і іншым прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці абмеркаваць наспелыя перамены з прадстаўнікамі ўлады і сумесна распрацаваць рашэнні.

"На жаль, атрымліваецца так, што ўлады пакуль ігнаруюць дапамогу з боку грамадзянскай супольнасці. Еўрасаюз, як вядома, афіцыйна прапанаваў Беларусі пачаць такі дыялог. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці адгукнуліся, а ўлады не палічылі патрэбным узяць удзел у гэтым дыялогу", — адзначыў Пастухоў.

Тым не менш, падкрэслівае эксперт, цяпер і ў вышэйшым эшалоне ўлады пачынаецца праца па мадэрнізацыі сістэмы, у тым ліку па скарачэнні дзяржапарату.

На жаль, мяркуе суразмоўца, пункты перасячэння паміж уладай і трэцім сектарам наўрад ці будуць знойдзены. Паводле слоў Пастухова, улада па-ранейшаму не прымае дапамогі грамадзянскай супольнасці і жадае праводзіць рэформы толькі так, як лічыць патрэбным.

"У выніку зноў атрымаецца бутафорыя і імітацыя, а скарачэнне часткі дзяржслужачых, па сутнасці, нічога не прынясе. Дасць, вядома, некаторую эканомію сродкаў, нейкую чыстку дзяржапарату, прымусіць чыноўнікаў яшчэ больш аддана служыць вышэйшай уладзе. Але грамадству гэта практычна нічога не дасць", — прагназуе Пастухоў.

Паводле яго слоў, у экспертнай групы ўжо ёсць пэўныя напрацоўкі. "Нашы прапановы не носяць кардынальнага характару, яны досыць рэалістычныя і могуць быць ажыццёўлены ў межах дзеючай сістэмы органаў улады. Але яны закліканы значна палепшыць якасць працы дзяржорганаў і забяспечыць сістэму якаснай абароны правоў і свабод грамадзян", — сказаў каардынатар групы.

Эксперты прапануюць правесці рэфармаванне судоў, МУС, пракуратуры, пенітэнцыярнай сістэмы. "Што датычыцца судоў, мы гаворым пра неабходнасць далейшай іх спецыялізацыі, — растлумачыў Пастухоў. — Прапанавана стварэнне спецыялізаваных судоў, такіх як суды па справах непаўналетніх, па разглядзе адміністрацыйных спрэчак. Таксама гаворым аб скасаванні інстытута судовых засядацеляў і ўвядзенні па асобных катэгорыях спраў судоў з удзелам прысяжных засядацеляў, аб праве грамадзян звяртацца непасрэдна ў Канстытуцыйны суд".

Пры рэфармаванні МУС экспертная група прапануе значна скараціць апарат, як цэнтральны, так і на рэгіянальным узроўні. Акрамя таго, не выключаюць эксперты і гранічнага скарачэння ўнутраных войскаў, а ў перспектыве — іх вывядзення з сістэмы МУС. Ёсць прапанова вывесці дэпартамент выканання пакаранняў з сістэмы МУС і падпарадкаваць Міністэрству юстыцыі.

"Што датычыцца пракуратуры, то мы выступаем за тое, каб скараціць сферу агульнага нагляду, каб пракуратура магла працаваць толькі ў нейкіх пэўных сферах, у тым ліку ажыццяўляць кантроль за расследаваннем злачынстваў, а таксама ажыццяўляць больш надзейны нагляд за законнасцю ў месцах пазбаўлення волі", — сказаў Пастухоў.

Акрамя таго, эксперты лічаць неабходным зрабіць так, каб Міністэрства юстыцыі не ўмешвалася ў дзейнасць адвакатаў. Ліцэнзіі адвакатаў павінны насіць бестэрміновы характар, а пазбавіць ліцэнзіі можна будзе толькі пры наяўнасці дастатковых да таго падстаў і абавязкова ў судовым парадку.

"Мы таксама выпрацавалі прапановы па мадэрнізацыі турэмнай сістэмы, каб надаць ёй нейкае чалавечае аблічча, палепшыць умовы ўтрымання ў калоніях, следчых ізалятарах, каб не дапускаць недазволенага ўздзеяння на асуджаных і не распраўляцца з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі, якія аказваюцца ў месцах пазбаўлення волі", — расказаў Пастухоў.

Гаворачы аб перспектывах супрацоўніцтва з уладамі ў межах "Дыялогу аб мадэрнізацыі", Пастухоў падкрэслівае: "Мы былі б вельмі рады, калі б улады захацелі вывучыць нашы прапановы. Мы іх не ўтойваем і гатовы сумесна папрацаваць, каб прыняць нейкія не бутафорскія, а рэальныя меры, якія могуць якасна палепшыць працу і судоў, і праваахоўных органаў, і жыццё нашых грамадзян".

Аднак пакуль не падобна на тое, што на такое супрацоўніцтва гатовы пайсці ўлады. Па-першае, таму, што лічаць трэці сектар той жа апазіцыяй, з якой вадзіцца сорамна. Па-другое, само бачанне пераўтварэнняў у кіруючых вярхах і ў незалежных экспертаў рознае.

Каментаваць