Рэкорд па ператрусах

Дэмакратычных актывістаў 4 студзеня напаткала новая хваля ператрусаў. А разам з тым і выклікаў у КДБ. Пабіты ўсе ранейшыя рэкорды па колькасці вобшукаў цягам дня.

Дэмакратычных актывістаў 4 студзеня напаткала новая хваля ператрусаў. А разам з тым і выклікаў у КДБ. Пабіты ўсе ранейшыя рэкорды па колькасці вобшукаў цягам дня.

Пасля ператрусу офіса «Вясны» па кватэрах праваабаронцаў пайшлі супрацоўнікі КДБ. Тры прадстаўнікі гэтага ведамства правялі 4 студзеня ў Мінску ператрус у прыватным доме праваабаронцы Насты Лойкі. «Вобшук цягнуўся каля дзвюх гадзін. Узялі як «доказы» старыя ўлёткі, нічога іншага не было ў хаце. Як яны сказалі: «Падрыхтавалася», — паведаміў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Ён адзначыў, што Наста зараз удзельнічае ў кампаніі дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій. «І, мабыць, такім чынам яна патрапіла ў поле зроку КДБ», — мяркуе Алесь Бяляцкі. Адразу пасля ператрусу Насту Лойку павезлі ў КДБ, дзе дапыталі па справе 19 снежня ў якасці сведкі.

Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры моладзевага актывіста Андрэя Прасняка. Канфіскаваны ноўтбук і 26 кампакт-дыскаў. У актывіста Аляксандра Пяткевіча падчас вобшуку супрацоўнікі КДБ канфіскавалі кампутар і носьбіты інфармацыі. На наступны дзень прызначылі допыт. КДБ правёў ператрус у працоўным офісе сустаршыні БХД Георгія Дзмітрука ў Кобрыне. Забралі кампутар і выклікалі на допыт 5 студзеня. Ператрусы напаткалі сябра перадвыбарнага штабу Уладзіміра Някляева — Святлану Навумаву, а таксама давераную асобу кандыдата — Ніну Пахлопку. Узялі нэтбук, флэшкі, дыск з песнямі на вершы Някляева, і СД-дыскі, якія забіралі і падчас ператрусу ў маі 2010 года. Прайшоў таксама ператрус у тэлеаператара «Белсату» Алеся Баразенкі, канфіскаваны ноўтбук. Адразу пасля гэтага яго забралі на допыт у следчы камітэт МУС.

Лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў не паспеў нават прыехаць дадому пасля 15 сутак арышту. Гэтым днём ён толькі выйшаў з жодзінскага ізалятара за ўдзел у акцыі салідарнасці 20 снежня, а яму пра намер правесці ператрус паведаміла жонка. Дома былі двое дзяцей, якія не пусцілі супрацоўнікаў КДБ. Як паведаміў на той момант «Радыё Свабода» Алесь Макаеў, ён едзе дадому і ўжо на месцы будзе разбірацца ў прычынах патрабаванняў КДБ.

Каментаваць