Рэпрэсаваныя «Добрыя мыслі»

31 мая за паўгадзіны да пачатку прэзентацыі кнігі вядомага філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Не думайте о рыжем и слепом утконосе» гасцям фальварка «Добрыя мыслі» паведамілі: мерапрыемства адмяняецца. Як высветлілася, прычынай адмены стаў тэлефонны званок з адміністрацыі Маскоўскага раёна.



31 мая за паўгадзіны да пачатку прэзентацыі кнігі вядомага філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Не думайте о рыжем и слепом утконосе» гасцям фальварка «Добрыя мыслі» паведамілі: мерапрыемства адмяняецца. Як высветлілася, прычынай адмены стаў тэлефонны званок з адміністрацыі Маскоўскага раёна.

1 чэрвеня мастацтвазнавец Таццяна Гаранская планавала адчыніць у «Добрых мыслях» выставу твораў жывапісу Міхася Рагалевіча (1932–2010) «Яблыня ў квецені». За паўгадзіны да адкрыцця адбылося тое самае, што і напярэдадні. Кіраўнічка ідэалагічнай і культурнай работы Маскоўскага выканкама нехта Таццяна Каліціна, вырашыўшы, што яна мае права распараджацца прыватнай кавярняй і планамі абсалютна непадпарадкаваных ёй людзей, забараніла мерапрыемства сваім тэлефонным званком. У выніку адбылася «закрытая» прэзентацыя, а выставу яе арганізатары дэмантавалі 6 чэрвеня. Такім чынам, рэпрэсаваны мастак Рагалевіч, які вырас у дзіцячым доме, таму што бацькоў саслалі, аказаўся рэпрэсаваным ідэалагіняй з маскоўскага выканкаму яшчэ раз. Кажуць, жонка мастака, якая спецыяльна прыехала на адкрыццё, ціха плакала ў кутку.

6 чэрвеня стала вядома, што «Добрыя мыслі» зачыняюцца. На дзвярах наведвальнікаў сустракала шыльда: «Не работаем. Вабще».

І тут варта паведаміць чытачу тое, пра што амаль ніхто не ведаў. Гаспадыня кавярні, Ірына Каліноўская, маючы іншы бізнес, падтрымлівала больш 10 гадоў фальварак як выключна актыўную выставачна-канцэртную пляцоўку. Якая прыносіла гаспадыні толькі страты. Гэта называецца — займацца дабрачыннасцю. За 10 гадоў, супрацоўнічаючы з Таццянай Гаранскай і Віктарам Маркаўцом, гаспадары здужалі арганізаваць у кавярні каля трох соцень выстаў. 2–3 выставы штомесяц. 10 гадоў таму, дарэчы, усё пачалося з экспазіцыі таго ж самага Рагалевіча. Зараз кола гісторыі «Добрых мысляў» сімвалічна замкнулася выставай яго ж работ. У прамежку былі паказы жывапісу, графікі, фатаграфіі.

Гаранская і Маркавец адчынялі забытыя імёны мастакоў Заходняй Беларусі. Калі ў мінулым годзе адбылася шырокая рэтраспектыва «Мастакі Заходняй Беларусі» у Нацыянальным мастацкім музеі, больш 50 працэнтаў паказаных на ёй работ былі творамі, якія прайшлі праз экспазіцыі ў «Добрых мыслях». А яшчэ былі паказы сотняў іншых таленавітых творцаў.

І да кожнай выставы — абавязковы каляровы буклет з тэкстам. І так 10 гадоў. Толькі на выставы (не лічачы канцэртаў) Ірына Каліноўская выдаткавала за гэты перыяд каля 150 тысяч долараў. А яшчэ яна купіла неабходную тэхніку для вядзення музейнай работы ў фальварку. Купляла работы ў мастакоў, асабліва імкнучыся падтрымаць небагатых творцаў. Яшчэ вынікам шматгадовай працы зрабілася падрыхтаваная да выдання серыя з 10 кніг: «Мастацтва Заходняй Беларусі», «Беларускае маладзёвае мастацтва», «Беларускае мастацтвазнаўства ў ХХ стагоддзі», «Беларускі маляваны дыван» (пад гэта выданне было арганізавана дзясятак пленэраў у Заслаў’і) і іншыя. Пэўна, зараз выхад гэтых кніг адкладаецца.

Ірына Каліноўская доўгі час маўчала і не казала нікому, як нахабная ідэалагіня разбурала яе бізнэс. Пасля прэзентацыі, прысвечанай стагоддзю «Нашай нівы», адбыўся першы наезд: у Каліноўскай забралі офіснае памяшканне на «АўтаВАЗе». Потым былі пастаянныя бязглуздыя праверкі ўсіх яе бізнэсаў і штрафы, штрафы, штрафы... І зараз — фінал.

У іншай краіне, амаль у кожнай краіне свету, такую асобу, як Каліноўская, якая ўкладае свае грошы ў падтрымку культуры, пэўна, узнагародзілі б галоўным дзяржаўным медалём. А частку грошай кампенсавалі б, панізіўшы ёй падаткі. У нас — не так. Ціхія героі ідэалагічнага фронту вядуць вайну супраць уласнага народа. Вы запомнілі гэта прозвішча — Таццяна Леанідаўна Каліціна? Мне здаецца, яго пакуль няма ў спісе чыноўнікаў, якім забаронены выезд у краіны ЕС. Хай адпачывае ў той самай краіне, атмасферу якой яна ўласнаручна атручвае.
 

Каментаваць