«Рэжысёра з МАЗа» Руслана Мірзоева пасадзілі, але праславілі па ТВ

Кастрычніцкі суд 12 жніўня асудзіў яго на 7 сутак арышту, угледзеўшы ў роліку з мінскай Курасоўшчыны хуліганства.



Руслан Мірзоеў


У сцэнары знятага відэа былі наркаманы, рабаўнікі, прастытуткі і нават бойка на стадыёне. Дагэтуль Руслан праславіўся ролікамі пра працу на МАЗе. З заводу яго неўзабаве звольнілі.
 
 
У інтэрв'ю Сталічнаму тэлебачанню Руслан сказаў, што відэа з жыцця спальнага раёну было збольшага пастановачным:
 
 
«Ну, было пару момантаў, калі я падыходзіў да звычайных мінакоў і задаваў ім пытанні. Вось там рэалістычнае было... У рэальнасці, зразумела, мне наркаманы не дазволілі б ніколі зайсці. Злоснага намеру ў мяне не было, мая выключная мэта — нейкае гумарыстычнае шоў зрабіць. Гэтак, каб людзі пасмяяліся».
 
 
Намеснік начальніка ўпраўлення Генэральнай пракуратуры Павал Радзівонаў заявіў:
 
 
«Руслан Мірзоеў і падобныя правапарушальнікі мусяць выразна разумець, што сваімі дзеяннямі яны могуць штурхнуць, асабліва маладых людзей, на ўчыненне злачынстваў і проціпраўных дзеянняў. Гэткая дзейнасць ёсць незаконнай і ніяк не можа ўспрымацца грамадзтвам з усмешкай. Мы павінны даваць прынцыповую грамадзкую ацэнку гэткім дзеянням і спыняць іх на ўсіх узроўнях».
 
 
Тэлеканал АНТ даў сюжэт з пагрозлівым загалоўкам: «Кар'ера» працоўнага МАЗа, які здымаў скандальныя відэа аб жыцці Мінска, скончылася ў ізалятары.
 
 
Аўтары здзекліва гавораць, што «аўтар выдуманага сюжэта атрымаў рэальны тэрмін... ролікі набіралі папулярнасць у інтэрнэце, але хэпі-энда не атрымалася». Афіцыйна Руслана асудзілі за нецэнзурную лаянку, аднак, як паведамляе тэлеканал, «тое, што галоўная прычына пакарання не мат, у пракуратуры не хаваюць». Нарэшце тэлеканал радасна рапартуе — здымаць новыя ролікі ў хлопца «ахвоту адбілі»...

Абмеркаванне:

  • Мікіта
  • 2013-08-13 14:06:44
Ізалятары - самыя папулярныя установы у нашай краіне...

Каментаваць