Ірына Халіп: Да Андрэя Саннікава прымянялі катаванні і пагражалі нашай сям’і

Шляхам катаванняў і пагроз жыццю яго сям’і з Андрэя Саннікава выбілі прашэнне аб памілаванні. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 студзеня распавяла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Ірына Халіп. Паводле яе слоў, пагроза жыццю яе мужа пасля гэтага толькі ўзмацнілася.



Шляхам катаванняў і пагроз жыццю яго сям’і з Андрэя Саннікава выбілі прашэнне аб памілаванні. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 студзеня распавяла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Ірына Халіп. Паводле яе слоў, пагроза жыццю яе мужа пасля гэтага толькі ўзмацнілася.

Ірына Халіп разам з маці Андрэя Саннікава Алай Уладзіміраўнай 24 студзеня наведалі калонію “Віцьба–3, дзе зараз адбывае пяцігадовае пакаранне палітык. Родныя ўбачылі Саннікава ўпершыню за тры месяцы. Таксама ўпершыню за працяглы час да палітвязня дапусцілі ягонага адваката. Як распавяла Ірына Халіп, і яе муж, і ягоны абаронца былі папярэджаныя адміністрацыяй папраўчай установы, што калі гутарка пойдзе па-за межамі крымінальнай справы і наглядных скаргаў, то сустрэча адразу ж будзе спыненая, а адвакаты больш не атрымаюць доступу да падабароннага. Да таго ж, сустрэча адваката з Саннікавым праходзіла пад аўдыё- і відэазапіс, пад наглядам прадстаўніка адміністрацыі калоніі. “Менавіта таму абаронца потым сказала, што Андрэй нібыта выглядае някепска і не мае скаргаў на здароўе. Гэта таксама было ўмовай, — адзначыла жонка палітыка.

Ірына была ўражаная, калі праз доўгі час убачыла свайго мужа. “Гэта быў чалавек, які за тры месяцы прайшоў сама мала дзесяць гадоў лагераў. Канкрэтна Андрэй нічога не мог сказаць, было відаць, што яму гэта забаронена, — лічыць Ірына Халіп.

Паводле яе слоў, 16 лістапада 2011 года Саннікава прывезлі ў турму горада Магілёва, і вось з 16 да 20 лістапада з ім там адбывалася нешта жахлівае. “Я напісала цыдулку: ці пагражалі нашай сям’і? Андрэй кіўнуў. Справа ў тым, што я зараз у вельмі складаным становішчы, бо асуджана з адтэрміноўкай выканання прысуду. У мяне каменданцкая гадзіна, вечарамі да мяне прыходзяць міліцыянты. Калі мне ў 11 гадзін вечара пазвоняць у дзверы і скажуць: “Адчыніце, міліцыя!, то я абавязаная ім адчыняць. Вы можаце зразумець, што з гэтымі словамі да мяне можа прыйсці хто заўгодна. Такім чынам, шляхам пагроз і катаванняў яны выбілі з Андрэя прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, — распавяла Ірына Халіп.

Жонка Саннікава звярнула ўвагу, што адбылося гэта яшчэ 20 лістапада мінулага года. 

“Цяпер пытанне: калі Лукашэнка яшчэ летась 20 лістапада атрымаў так жаданую ім паперку за подпісам свайго самага моцнага суперніка, то чаму ён не размахваў ёю на сваёй прэс-канферэнцыі напрыканцы снежня? Чаму ён казаў, што палітзняволеныя не хочуць пісаць прашэнні і таму сядзяць? Андрэй здолеў мне сказаць адну фразу: “Мая адсідка скончылася ў верасні, затым пачаліся катаванні. То бок, катаваннямі і пагрозамі з яго выбілі гэтую паперку. Дык чаму ж Лукашэнка зрабіў выгляд, што нічога гэтага не існуе? Тут могуць быць толькі два варыянты. Альбо на самай справе Лукашэнка ўжо даўно не кантралюе сітуацыю, і яму ўжо не дакладаюць, што на самай справе адбываецца, а краінаю насамрэч кіруюць “шэрыя кардыналы. Альбо тое, пра што сказаў Андрэй, — у рэальнасці Лукашэнку не патрэбны ніякія паперкі. Гэта ўсё “адмазка для журналістаў, якія задаюць пытанні. Перад Лукашэнкам стаіць задача не выпусціць іх жывымі. Калі спатканне ўжо скончылася, і мы пакідалі пакой, Андрэй прыклаў да шкла цыдулку, дзе было напісана: “Гаворка ідзе пра выратаванне жыцця. Мяне могуць забіць у любы момант. Цяпер я разумею, навошта Міколу Статкевіча накіравалі ў тую ж Магілёўскую турму, як мага далей ад любых сведак. Чаму не адпускаюць хворага Змітра Бандарэнку. Іх проста збіраюцца забіць, яны не патрэбны ўладам жывыя, — мяркуе Ірына Халіп.
 
Па словах журналісткі, маці Андрэя Саннікава вельмі цяжка перанесла сустрэчу: “Яна праплакала ўсе чатыры гадзіны, пакуль мы вярталіся дадому, і я нічым не магла яе суцешыць. Сама Ірына Халіп заявіла, што не збіраецца пакідаць Беларусь. “Я нідзе не змагу жыць спакойна, пакуль мой муж за кратамі, — сказала жонка Андрэя Саннікава.

Варта адзначыць, што ў поўнай ізаляцыі ад сваякоў і адвакатаў Андрэй Саннікаў знаходзіўся ад 8 лістапада 2011 года да 20 студзеня 2012 года.
 

Каментаваць