Роля грамадзянскай супольнасці ў аб’яднанні Германіі

Пяты дыспут памяці былога прэзідэнта ФРГ Йаханэса Рау “Роля арганізацый грамадзянскай супольнасці ў працэсе аб’яднання Германіі адбыўся 21 верасня ў вялікай зале Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінскі МАЦ імя Йаханэса Раў, Дортмундскі Міжнародны адукацыйны цэнтр і Фонд імя Фрыдрыха Эберта.



Пяты дыспут памяці былога прэзідэнта ФРГ Йаханэса Рау “Роля арганізацый грамадзянскай супольнасці ў працэсе аб’яднання Германіі адбыўся 21 верасня ў вялікай зале Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінскі МАЦ імя Йаханэса Раў, Дортмундскі Міжнародны адукацыйны цэнтр і Фонд імя Фрыдрыха Эберта.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў форума звярнуліся намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, новы пасол Германіі ў Беларусі Крыстаф Вайль, прадстаўнік Фонду Эберта Аляксандр Петрачкоў, а таксама кіраўнік Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Маціяс Цюмпель. У ролі “хэдлайнера дыспуту быў віцэ-прэзідэнт нямецкага Бундэстагу Вольфганг Тырзэ, які і выступіў з асноўным дакладам.

Як адзначыў, адкрываючы дыспут, беларускі дырэктар ММАЦ Віктар Балакіраў, аб’яднанне Германіі дваццаць гадоў таму мела не толькі агульнаеўрапейскае, але сусветнае значэнне. “3-га кастрычніка 1990 года ўпершыню адбылася рэвалюцыя без кровапраліцця, упершыню ў гісторыі чалавецтва адна суверэнная дзяржава мірна растварылася ў іншай. Калі б не было 3-га кастрычніка 1990 года, і сёння б захавалася ваеннае і палітычнае супрацьстаянне паміж Усходам і Захадам… Йаханэс Рау не верыў, што аб’яднанне Германіі стане магчымым яшчэ пры яго жыцці, ён назваў тое, што здзейснілася, цудам. І гэты цуд адбыўся дзякуючы грамадзянскай мужнасці, у першую чаргу, жыхароў ГДР, якія на шматтысячных мітынгах пад пільным вокам Дзяржбяспекі спачатку скандавалі: “Мы — народ!, а потым: “Мы — адзіны народ!, — адзначыў Віктар Балакіраў.

Прадстаўнік Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Маціяс Цюмпель паведаміў, што вельмі вялікую ролю ў аб’яднанні Германіі адыграў цяперашні віцэ-прэзідэнт Бундэстагу Вольфганг Тырзэ, які сам паходзіць з былой ГДР і які шмат працаваў поплеч з Йаханэсам Рау. Апошнія гады існавання ГДР Тырзэ ўзначальваў апазіцыйную сацыл-дэмакратыячную партыю Усходняй Германіі, вакол яго канцэнтраваліся антыкамуністычныя сілы і грамадзяне, якія былі праціўнікамі існаваўшага на той час у ГДР хонэкераўскага рэжыму.

Віцэ-прэзідэнт Бундэстагу адзначыў, што без удзелу кожнага грамадзяніна, у першую чаргу, Усходняй Германіі, дзяржава б ніколі не стала адзінай. І ў гэтым, па словах палітыка, вялікая роля таго, што мы сёння называем грамадзянскай супольнасцю, якая здолела пераадолець антыдэмакратычную ўладу і літаральна перавярнуць сітуацыю ў свеце.

Па словах Вольфганга Тырзэ, Беларусь бачыць сябе часткай Еўропы і таму хоча палепшыць стасункі з Еўрапейскім саюзам. “А мы з’яўляемся не толькі эканамічнай супольнасцю, але і каштоўнаснай, і з намі не так проста весці перамовы, як з бізнесменамі, — падкрэсліў віцэ-прэзідэнт нямецкага парламента. Спадар Тырзэ закрануў тэму прымянення ў Беларусі смяротнага пакарання. “Гэта недапушчальна для грамадзян ЕС, паколькі дзяржава не можа распараджацца чалавечым жыццём, — падкрэсліў Вольфганг Тырзэ. “Рэформам могуць паспрыяць адначасовае развіццё супрацоўніцтва ў галіне эканомікі і правоў і свабод чалавека, распаўсюд узаемадзеяння на максімальную колькасць сфер, — падкрэсліў Вольфганг Тырзэ і дадаў, што ў нармальнай цывілізаванай краіне абавязкова павінна быць апазіцыя. У тым ліку і сістэмная, парламенцкая.

Паводле яго слоў, грамадзянская актыўнасць і палітычнае жыццё па-ранейшаму з’яўляюцца асновай сучаснага грамадства і дэмакратыі. “Незалежнае мысленне, арыентаванае на карысць чалавека, і актыўная дзейнасць з’яўляюцца адпраўнымі пунктамі дзейнасці грамадзянскай супольнасці, — падкрэсліў віцэ-прэзідэнт Бундэстагу.

Валеры Варанецкі, у сваю чаргу, адзначыў, што “на дзяржаўным узроўні ў Беларусі адбываецца паступовая эвалюцыя агульнага ўспрыняцця няўрадавых арганізацый як паўнавартасных партнёраў у вырашэнні задач, якія стаяць перад дзяржавай. “Са студзеня 2009 года працуе Грамадска-кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, партый і чыноўнікаў. ГКС з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для дыялога і абмену меркаваннямі па найбольш актуальных праблемах беларускага грамадства, — падкрэсліў высокі чыноўнік.

Аднак Валеры Варанецкі забыў сказаць, што ў Крымінальны кодэкс уведзены артыкул 193.1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Што ўжо амаль ніхто не памятае, калі гэты ГКС збіраўся апошні раз і якія пытанні абмяркоўваў. Што ў Беларусі сёння практычна немагчыма зарэгістраваць не тое што палітычную партыю, але нават папросту няўрадавую арганізацыю (грамадскае аб’яднанне). Напрыклад, зусім нядаўна ўжо ў дзясяты раз (!) улады адмовілі ў рэгістрацыі праваабарончага аб’яднання “Берасцейская вясна, сёлета зноў не атрымала дазволу на легальную дзейнасць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, і гэтыя прыклады можна прыводзіць бясконца.

Таму, як адзначыў палітолаг Вячаслаў Пазняк, “агульны працэс дэмакратызацыі, дэмакратычных рэвалюцый у Еўропе — гэта той кантэкст, якога сёння няма ў Беларусі.
 

Каментаваць