Рубель трэба адпусціць

Міжнародны валютны фонд прапануе ўраду і Нацыянальнаму банку Беларусі адмовіцца ад падвышэння зарплаты і адправіць курс рубля ў свабоднае плаванне.



Міжнародны валютны фонд прапануе ўраду і Нацыянальнаму банку Беларусі адмовіцца ад падвышэння зарплаты і адправіць курс рубля ў свабоднае плаванне.

“У Беларусі сур’ёзны эканамічны крызіс, але ёсць выхад. Мы рэкамендавалі дзяржаўным органам — прэзідэнту, ураду, Нацыянальнаму банку — працаваць разам, каб распрацаваць дакладны план па выхаду з крызісу. Яны мусяць патлумачыць насельніцтву, што і якім чынам мусяць гэта зрабіць, — заявіў кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс. — Вытокі крызісу ляжаць у лішкавым аб’ёме крэдытавання і росце аплаты працы, калі гэтага не трэба было рабіць.

Міжнародны валютны фонд раіць правесці поўную лібералізацыю на ўсіх сегментах валютнага рынку і ўніфікацыю абменнага курсу беларускага рубля. “Валютны рынак зараз не працуе. Мала хто гатовы прадаваць замежную валюту па афіцыйным курсе. А большасць ахвотных набыць валюту вымушаныя набываць яе па менш выгадным абменным курсе, — сказаў кіраўнік місіі.

МВФ раіць перайсці на рэжым плаваючага абменнага курсу. “Такім чынам абменны курс будзе ўстанаўлівацца пад уздзеяннем рыначных сіл, адпаведна, будзе адбывацца свабоднае фарміраванне курсу на міжбанкаўскім рынку і рынку наяўнай валюты, — зазначыў Джарвіс. Гэта дазволіць збіць тэмпы інфляцыі, скараціць дэфіцыт аперацый і стабілізаваць эканоміку. Кіраўнік місіі зазначыў, што мінусамі гэтых крокаў будзе нізкая заработная плата і нявызначанасць валютнага курсу пэўны перыяд часу, аднак гэта “факты жыцця. Ён падкрэсліў, што эксперты МВФ не робяць прагнозаў адносна значэнняў абменнага курсу. Кіраўнік місіі МВФ пазітыўна ацаніў той факт, што Нацбанк Беларусі ў сакавіку спыніў свае валютныя інтэрвенцыі на рынку. “Было б памылкай аднавіць інтэрвенцыі ў значных аб’ёмах у падтрымку якога-небудзь значэння курсу, — сказаў Джарвіс. — Плаваючы курс лепшы за фіксаваны. Пры гэтым мы не выключаем невялікіх інтэрвенцый з боку Нацбанку, каб згладжваць вялікія ваганні курсу.

Эфектыўнасць плаваючага курсу будзе мець месца, калі Нацбанк зробіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, падвысіць працэнтныя стаўкі, а таксама будуць скарочаныя расходы дзяржбюджэту.

Крыс Джарвіс сказаў, што эксперты місіі МВФ пазітыўна ацэньваюць меры, ужо прыняты ўрадам і Нацбанкам Беларусі. У прыватнасці, кіраўніцтва “паспяхова спраўляецца са скарачэннем дэфіцыту бюджэту і крэдытавання па дзяржпраграмах.

МВФ папярэджваў пра негатыўныя тэндэнцыі, якія развіваюцца ў эканоміцы Беларусі. Аднак крызіс аказаўся “больш моцным і развіваўся хутчэй, чым меркавалі эксперты МВФ.

Пачаліся перамовы аб магчымасці падрыхтоўкі новай праграмы супрацоўніцтва. Аднак гаварыць пра аб’ёмы фінансавай дапамогі пакуль рана. «Мы пачалі перамовы аб магчымай новай праграме з МВФ. Перамовы толькі пачаліся, і нам трэба прайсці яшчэ доўгі шлях», — сказаў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі.

Нагадаем, 31 мая ўрад і Нацбанк Беларусі накіравалі ў МФВ запыт на прадстаўленне краіне стабілізацыйнага крэдыту. Паводле слоў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, Мінск запытвае 3,5–8 мільярдаў долараў на тэрмін 3–5 гадоў.

 

Каментаваць