Рух «За Свабоду» ўшанаваў памяць герояў, якія палеглі за Бацькаўшчыну ў 1941-1945 гадах

Бел-чырвона-белы букет ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ўсклаў першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Ён патлумачыў, чаму варта памятаць пра гадавіну заканчэння вайны з нацыстамі.



“Мы выбралі дату 8 траўня невыпадкова. Гэта дзень, калі адзначаецца перамога над фашысцкай Германіяй ва ўсёй Еўропе. Такім чынам мы салідарызуемся з еўрапейскімі краінамі. Мы лічым, што памяць пра тую вайну павінна захоўвацца ў сэрцах і розумах усіх жыхароў Беларусі, асабліва новага пакалення. Мы назіраем, што ўлады зараз больш увагі надаюць форме, а не зместу гэтага свята. Адбываецца бразгатанне зброяй, дэманстрацыя вайсковай моцы, але ў той жа час падзеі ў нашым рэгіёне, а менавіта – агрэсія Расіі супраць Украіны, паказваюць, што гэтая зброя можа быць павернутая супраць мірнага насельніцтва. Ізноў, як 75 год таму, можа з’явіцца краіна-агрэсар, якая пачне адхопліваць кавалкі чужых тэрыторый, прыкрываючы гэта сваімі нацыянальнымі, але напраўду імперскімі інтарэсамі. Таму трэба надаваць увагу зместу, памятаць, што любая вайна – гэта ні з чым не параўнальны боль і гора для любога народа: для таго, які трапляе пад агрэсію і для таго, які вымушаны па загаду сваіх неразумных кіраўнікоў ажыццяўляць экспансію. Таму мы гэтую дату адзначаем і лічым неабходным нагадаць пра тыя трагічныя падзеі”, – распавёў Юрась Губарэвіч.
 
 
 
Таксама сёння прадстаўнікі Руху “За Свабоду” у складзе дэлегацыі ад кампаніі “Народны рэферэндум” усклалі кветкі на магілу пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава, якога без перабольшвання можна лічыць сумленнем беларускай нацыі. 

Каментаваць