Рух «За Свабоду» запрашае Мінабароны абмеркаваць ваенныя праблемы

Рух «За Свабоду» звярнуўся з адкрытым лістом да Міністэрства абароны і афіцыйнага выдання армейскага ведамства — «Белорусской военной газеты. Во славу Родины» з заклікам узяць удзел у грамадскіх слуханнях, якія арганізуюцца кампаніяй «Народны рэферэндум».



«Адно з пытанняў «Народнага рэферэндуму» непасрэдна тычыцца нацыянальнай бяспекі і гучыць так: «Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжой?», — гаворыцца ў лісце Руху «За свабоду».

Па меркаванні Руху, гэтая праблема вельмі актуальная і жыццёва важная, «улічваючы палітыку уладаў Беларусі, якая вядзе да поўнай ваенна-палітычнай залежнасці краіны ад Расіі і павелічэнню пагрозы негатыўнага стаўлення беларусаў да мілітарысцкай прысутнасці афіцыйнай Масквы на тэрыторыі краіны».

Так, у межах вераснёўскага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў беларусам задавалася пытанне: «Нядаўна галоўнакамандуючы ВПС Расіі В. Бондараў заявіў, што ў 2015 годзе Расія мае намер размясціць у Беларусі сваю авіябазу з 24 знішчальнікамі СУ-27. Адны людзі паставіліся да гэтага станоўча, іншыя адмоўна, а трэція абыякава. А як да гэтага ставіцеся Вы?» У 45,1% рэспандэнтаў стаўленне адмоўнае, у 22,4% — станоўчае. «Розніца — у два разы!», — падкрэслівае Рух «За свабоду».

Па меркаванні арганізацыі, падчас слуханняў варта было б абмеркаваць і патрыятычнае выхаванне грамадзян. «Падставай для дыскусіі маглі б стаць вынікі таго ж апытання НІСЭПД, згодна з якім кожны чацвёрты беларус гатовы змагацца са зброяй у руках у выпадку нападу як з боку NATO, так і Расіі. А між тым, прапаганда ў якасці патэнцыйнага ворага малюе выключна Паўночна-Атлантычны альянс. Хоць апошнія падзеі ва Украіне дэманструюць, што пагроза незалежнасці сёння ідзе якраз з усходу», — адзначаюць «засвабодаўцы».

«Рух «За Свабоду» заклікае ваеннае ведамства да канструктыўнага дыялогу, заснаванага на свабодзе слова. Гэтая каштоўнасць з’яўляецца адной са статутных задачаў нашай арганізацыі, а таксама прадэкларавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў лісце.

«Газета Міністэрства абароны «Белорусская военная газета. Во славу Родины» сцвярджае, што праблем са свабодай у Беларусі няма: «Недоумение вызывают уже сами оппозиционные лозунги, призывы и воззвания. Взять хотя бы название движения «За свободу». Позволительно спросить: о чьей свободе идет речь? О свободе заключенных, что ли? Но не о свободе же белорусского народа, потому что все знают: страна наша стала свободной после завершения крупномасштабной наступательной операции «Багратион» еще в 1944 году». Мы прапануем Міністэрству абароны і «Ваеннай газеце» даказаць гэта, размясціўшы на сваіх старонках дадзены ліст і зварот Руху «За Свабоду» да беларускай арміі, а таксама заклікаем прыняць удзел у згаданых грамадскіх слуханнях і асвятліць іх. Мы згодныя і на любы іншы фармат абмеркавання праблем нацыянальнай бяспекі. Напрыклад, падчас дэбатаў на адным з тэлеканалаў нашай, як сцвярджаецца ў Вашай газеце, свабоднай і прававой дзяржавы», — гаворыцца ў звароце.

«Мы патрабуем даць нам слова, у тым ліку каб чытачы «Ваеннай газеты» прачыталі аб нашым адказе на адкрыты паклёп выдання пра Рух «За Свабоду», — піша арганізацыя.

«Ратующее «за свободу» движение известило общественность, что в нашей армии якобы «недостаточно развит белорусский патриотизм, мало делается для осознания ценностей независимости и нейтралитета Беларуси». В дальнейшем движение решило исправить этот «недостаток» путем оказания помощи военному ведомству и отправило комплект плакатов «Палкаводцы і ваеначальнікі зямлі беларускай» в адрес нескольких органов военного управления, причем безвозмездно», — сказана ў адным з артыкулаў.

Па словах аўтара, «сразу же за бесплатной раздачей плакатов последовали письма в различные инстанции с настойчивыми просьбами (почти требованиями) осуществить закупку вышеназванных плакатов по цене 85 тысяч рублей».

Рух «За Свабоду» прапануе «Ваеннай газеце» і Міністэрству абароны прадэманстраваць нібыта існуючую камерцыйную прапанову ад арганізацыі «не ў судзе, таму што яго справядлівасць падобна да свабоды слова ў Беларусі, а на згаданых грамадскіх слуханнях, прысвечаных нацыянальнай бяспекі краіны». «Паколькі ў кампетэнтнасці і патрыятызме адказных за яе забеспячэнне асоб значная частка беларускага грамадства небеспадстаўна сумняецца», — адзначаецца ў лісце.

Каментаваць