Рух Салідарнасці «Разам»: асноўная мэта — абарона незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Чарговае паседжанне паседжанне Сойму Руха Салідарнасці «Разам» адбылося ў суботу, 27 траўня.

Мерапрыемства пачалося з вітання Вячаслава Сіўчыка на волі і падзякі за яго мужныя паводзіны падчас апошніх арыштаў.

Па першаму пытанню парадка дня з дакладам “Аб неабходных мерах па ахове гісторыка-культурнай каштоўнасці І катэгорыі "Урочышча Курапаты” выступіла сябра Сойму Валянціна Вяргей. У дэбатах бралі ўдзел сябры Сойму Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Мечыслаў Бурак, Вячаслаў Сіўчык, якія падтрымалі асноўныя палажэнні даклада і выніковую рэзалюцыю “Аб ушанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Курапатах”.

У гэтай рэзалюцыі, у прыватнасці, гаворыцца аб неабходнасці надання статусу заканадаўчага акта праекту зон аховы Курапатаў, распрацаванаму інстытутам “Белрэстаўрацыя” па замове Беларускай  асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій (архітэктар Таццяна Косціч і гісторык Вольга Кукуня) і аднагалосна ўхваленаму Беларускай  рэспубліканскай навукова-метадычнай радай пры Міністэрстве культуры Беларусі 20 мая 2003 года за выняткам тэрыторыі пасёлка “Сонечны”, які неабходна ўключыць у зону рэгулюемай забудовы.
Любы конкурс па мемарыялізацыі Курапатаў павінен быць адкрытым і адбывацца з удзелам шырокага кола спецыялістаў і грамадскасці.

Таксама патрэбна стварыць свабодны доступ ва ўсе архівы без выключэння, дзе захоўваюцца матэрыялы па справах палітычных рэпрэсій, і распачаць працу па ўстанаўленні  імёнаў расстраляных у Курапатах і іншых мясцінах на тэрыторыі Беларусі.

У падручнікі па гісторыі Беларусі для ВНУ і школ павінна быць уключана тэма аб палітычных рэпрэсіях 30-40-х гадоў у СССР і іх трагічных наступствах  для чалавечага патэнцыялу Беларусі, яе нацыянальнага і культурнага развіцця.


Па другому пытанню з дакладам “Аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі” выступіў сябра Сойму Вячаслаў Сіўчык.


У абмеркаванні даклада актыўны ўдзел узялі сябры Сойму Уладзімір Халіп, Сяргей Законнікаў, Аляксей Марачкін, Ада Чалей, і іншыя. Было прынята рашэнне Сойму, што асноўнай мэтай на бліжэйшы перыяд з’яўляецца абарона незалежнасці Рэспублікі Беларусь і паступовае вяртанне правоў і свабодаў яе грамадзянам. А таксама былі прыняты дзве заявы: “Свабоду беларускім патрыётам!” і “Спыніць здзек і катаванні ў дачыненні да адміністратыўна арыштаваных!”.


Кіраўніцтву Руха было дадзена даручэнне прыняць у бліжэйшы перыяд яшчэ некалькі заяваў па актуальных для грамадства тэмах, узнятых падчас выступу сябраў Сойму.

Сустаршыня Руха Салідарнасці “Разам” Алена Талстая запрасіла прысутных на Фэст Нацыянальнага Сцяга, які адбудзецца ўжо заўтра, 28 траўня, а 12-й гадзіне, на сядзібе Славаміра Адамовіча (г. Мар’іна Горка), а таксама на традыцыйную акцыю Руха, якая адбудзецца 29 траўна а 18-й гадзіне ў Курапатах.

Прэс-служба Руха Салідарнасці “Разам”

Каментаваць