«Рускі свет» і праваслаўе

«Дык вы журналісты? А як вы асвятляеце ўкраінскія падзеі?» — пытае нас з сяброўкай насельнік аднаго з беларускіх праваслаўных манастыроў. Туды мы трапілі не па працоўных справах. Пытанне заспявае нас непадрыхтаванымі.



Спрабуем памяняць тэму гаворкі і хутка сыходзім. Папярэдне мы ўжо паспелі даведацца, што большая частка прыхаджан, якія наведваюць храм пры манастыры, дый самі святары, ухваляюць «апалчэнцаў» і лічаць вайну на паўднёвым усходзе Украіны грамадзянскай.

Пачалося ўсё яшчэ падчас трагічных падзеяў на Майдане ды акупацыі Крыма «зялёнымі чалавечкамі». «Вы мусіце разумець, што пасля Майдану да ўлады ва Украіне прыйшлі сапраўдныя бандыты», — даводзілі падчас казаняў прыхаджанам некаторыя святары. Не дзіва, што шмат хто з вернікаў потым свядома чапляў на вопратку георгіеўскую стужку, прызнаваўся ў нянавісці да ўкраінцаў і апраўдваў анексію Крыма выказваннямі кшталту: «Я за Святую Русь».

Адмовіцца ад гэтых поглядаў не прымусіў нават заліты крывёю Данбас. Больш за тое, шмат хто і дагэтуль упэўнены, што сепаратысты на паўночным усходзе Украіны бароняць менавіта праваслаўе.

Ну а там, дзе не прызнаюць незалежнага і свабоднага палітычнага выбару краіны-суседкі, як правіла, няма месца і каштоўнасцям незалежнай Беларусі. Манархія, вяртанне да ўлады цара, і Беларусь з Украінай як часткі вялікай Расійскай імперыі — вось чаго прагнуць прыхільнікі сучаснай версіі «рускага свету». Адкуль жа ўзяліся гэтыя погляды?

«Рускі свет» ніколі і не выветрываўся з Беларусі з таго часу, як у ХVІІ стагоддзі адбылася першая поўная акупацыя Беларусі Расіяй, — кажа адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. — Вялася мэтанакіраваная праца, у тым ліку і праз царкву. Потым праз акупацыйныя дзяржаўныя ўстановы, праз школу, праз войска. Тое, што называюць зараз «рускім светам» — насамрэч маскоўскае імперскае паганства, яно прысутнічала тут у розных формах, тлела, часам захапляла ўсю Беларусь, калі краіна была пад акупацыяй Расійскай імперыі, перараджалася ў камунізм... З тым жа самым запалам былыя «чарнасоценцы», а цяпер палітрукі грамілі ўсё беларускае, нацыянальнае, сапраўды хрысціянскае… Усё гэта толькі розныя абліччы таго самага імперскага цмока, які поўзае тут ужо стагоддзі».

Гэткія погляды не перашкаджаюць Севярынцу заставацца праваслаўным вернікам. «Праваслаўная царква ў Беларусі — вялікая, — тлумачыць Павел, — там ёсць і беларускія святары з беларускім духам і чыстым хрысціянствам, а ёсць і тыя, хто, будзем так казаць, замутнёныя шавінізмам ці нянавісцю. Царква — гэта частка грамадства, і ў ёй ад чалавечага не схавацца. Так, «Рускага свету» тут шмат, і ягоны распаўсюд мае даволі пагрозлівы характар. Але выходзіць з царквы з-за гэтага — значыць, цалкам аддаваць тысячагадовае светлае беларускае праваслаўе імперыі. Пасля падзеяў ва Украіне тут у некаторых прыходах можна пачуць дымок нецярпімых настрояў, але ў Бібліі сказана, што «брамы пекла царкву не адолеюць». Царква — не група рэлігійных чыноўнікаў, якія хочуць прадставіць маскоўскія інтарэсы як інтарэсы царквы, а гэта супольнасць вернікаў, якія вераць у Ісуса Хрыста — і любяць».

Сапраўды, сярод праваслаўных хапае і прыхільнікаў беларускай нацыянальнай ідэі. Яны прыходзяць на службы з бел-чырвона-белай сімволікай, без аніякіх праблемаў моляцца і спавядаюцца па-беларуску.

Беларускі гісторык Анатоль Валахановіч — католік, але наведвае набажэнствы не толькі ў касцёле, але і ў праваслаўнай і ўніяцкай цэрквах. Беларуская мова для яго важны чыннік удзелу ў той ці іншай службе. Магчыма, таму ён часцей за ўсё бачыць навокал толькі аднадумцаў. «Я не сустракаў беларускіх вернікаў, якія маліліся б за «апалчэнцаў», нават не чуў пра такіх», — кажа спадар Анатоль.

Хапае ў Беларусі і апантаных нацыянальнай ідэяй праваслаўных святароў. Адзін з удзельнікаў Агульнага сходу епархій Мінскай мітраполіі распавядаў пра сваю спробу набыць царкоўны каляндар на беларускай мове падчас мерапрыемства. Ды вось толькі не паспеў: усе асобнікі былі прададзеныя...

Так ці інакш, пакуль пра гучныя канфлікты на ідэалагічнай глебе паміж праваслаўнымі вернікамі не чуваць. Аднак падзел паглыбляецца. Барані Божа Беларусь ад падзеяў, якія развядуць людзей па розныя бакі барыкадаў. 

Афіцыйная версія БПЦ

Сергій Лепін. Фота аўтара

Прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы сцвярджаюць, што паняцце «рускі свет» мае не этнічны, палітычны або моўны сэнс, а выключна духоўны. На гэту тэму журналістка НЧ Ганна Мызенка паразмаўляла са старшынёй Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэем Сергіем Лепіным.

— Шмат у каго сёння «рускі свет» выклікае асацыяцыі з гэтак званай Наваросіяй, дзе людзі, маўляў, ваююць у тым ліку за праваслаўе.

— Гэта аднабокая ацэнка. Лінія фронту не аддзяляе праваслаўных ад неправаслаўных. Хто ваюе супраць самаабвешчаных ДНР-ЛНР? У тым ліку праваслаўныя людзі. А хто ваюе на баку названых фармаванняў? Адны праваслаўныя? Не! Каго там толькі няма! Як ні парадаксальна, праваслаўе можа і павінна аб’ядноўваць у сваіх шэрагах людзей з абсалютна рознымі пунктамі гледжання. Сумна, але так бывае, што праваслаўныя трапляюць па розныя бакі барыкадаў — на жаль, у гэтым сэнсе яны не адрозніваюцца ад вернікаў іншых канфесій.

— Ну а як быць з грамадскай думкай? Чаму беларускіх праваслаўных так часта вінавацяць у сімпатыях да апалчэнцаў на паўднёвым усходзе Украіны?

— Нядобразычліўцы праваслаўя, і беларускага праваслаўя ў прыватнасці, натуральна, выкарыстоўваюць любую інфармацыйную нагоду, каб тэма праваслаўя трапіла ў негатыўны сюжэт. Але я лічу, што гэта несправядліва. Сярод беларускіх праваслаўных ёсць людзі, якія прытрымліваюцца абсалютна розных меркаванняў, па пытаннях Украіны ў тым ліку. І гэта нармальна! Мы не навязваем нікому «правільныя» меркаванні. Мы проста заклікаем людзей да малітвы пра мір ва Украіне. Ва ўсіх храмах падчас кожнай Літургіі чытаецца адпаведная малітва, дзе мы просім, каб Гасподзь пачуў Сваіх дзяцей, «в земли украинстей сущих». Там так і сказана!

— Ведаю людзей, якія пераходзяць са сваіх прыходаў у іншыя, каб быць сярод аднадумцаў па пытаннях Украіны і Расіі. Ці не можа праз гэта адбыцца раскол у Беларускай царкве?

— Якраз Царква павінна спрыяць пераадоленню расколу паміж людзьмі. Духавенства не можа ўдзельнічаць у палітычных баталіях, вырашаць, хто правы, хто вінаваты. Бо гэта не спрыяе яднанню паствы. Святар павінен абстрагавацца ад асабістых амбіцый, інакш ён не здолее ацаніць галоўнае і другаснае. Што галоўнае для святара? Прапаведаваць Хрыста, еднасць у Хрысце, а калі для яго больш важна казаць пра палітыку, хоць тое падзяляе і сварыць прыхаджан, то, на мой погляд,  ён няправільна расстаўляе прыярытэты. Гэта прафесійная памылка. Ён сам жа вырывае тое, што насадзіў.

— А калі весці гаворку пра тых, хто хоча, каб набажэнствы адбываліся па-беларуску, ці няма рызыкі Беларускай царкве быць абвінавачанай у нацыяналізме?

— Сумна, але факт: ёсць людзі, якія менавіта так усё і ўспрымаюць. Яны нават эпізадычныя ўкрапіны беларушчыны ў набажэнствы ўспрымаюць не проста як нацыяналізм, а нацызм, беларускую «бандэраўшчыну», і люта абураюцца. Мы ж увесь час адсочваем інтэрнэт-форумы: адны нас вінавацяць у здрадзе праваслаўю, а іншыя — у здрадзе нацыянальным інтарэсам (пры тым кожны разумее па-свойму: і праваслаўе, і інтарэсы).

— Гэта прыхаджане такое пішуць?

— Падазраю, што не. Бо прыхаджане не могуць не любіць месца, дзе яны моляцца. Агрэсіўная палітыка ў дачыненні да праваслаўя магчымая толькі там, дзе хочуць выкарыстаць царкву, царкоўнасць у якасці падставы для прапаганды сваіх палітычных поглядаў. Нядобразычліўцы ёсць з усіх бакоў. Беларускаму грамадству зараз цяжка. Але калі мы ўжо ўзялі курс на паслядоўны няўдзел у палітыцы, то мы не можам уплываць на палітычную свядомасць. Мы і не павінны гэтым займацца, гэта місія тых, хто распаўсюджвае беларушчыну, беларускую мову, культуру — адпаведных міністэрстваў, навуковых, адукацыйных і мастацкіх устаноў. Тым не меней, я грамадзянін, і я спадзяюся, што яны будуць рабіць гэта ўсё лепей.

— У некаторых цэрквах з «рускім светам» вельмі часта звязваюць імкненне да адраджэння Расійскай імперыі, вяртання цара, станоўчую ацэнку СССР як правапераемніка імперыі...

— Існуе такі дакумент — «Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы». Там ёсць раздзел «Дзяржава і Царква», дзе наўпрост сказана, што Царква не лічыць ніводную форму праўлення найлепшай. Усё астатняе з’яўляецца асабістым палітычным меркаваннем. Мы зыходзім з  таго, што ў грамадстве існуюць розныя пункты гледжання. Згодна з аднымі, мы — частка Расійскай імперыі, згодна з другімі — частка Рэчы Паспалітай, згодна з трэцімі, мы наогул не беларусы нават, а ліцвіны… Ну і няхай! Абы гэтыя людзі памяталі, што яны хрысціяне, што ім трэба маліцца, рабіць добрыя справы, каяцца і любіць бліжняга, нават і тады, калі ён не згодны з іхным палітычным выбарам.

— А як ставіцца Беларуская праваслаўная царква да таго, што некаторыя святары апраўдваюць асобу Сталіна?

— Мяне як прапаведніка насцярожвае эстэтызацыя сталінізму, апраўданне таго зла, з якім быў звязаны бальшавіцкі тэрор. Злачынствы сталінізму нельга абяляць, але трэба таксама пазбягаць аднабаковай дэманізацыі гістарычных персон. Тут палка з двума канцамі: у той час, як адны малююць Сталіна на абразах, іншыя — вешаюць усіх магчымых «сабак» на яго аднаго з жаданнем ва ўсім зрабіць вінаватым Сталіна і тым самым вывесці з-пад крытыкі саму сістэму... Трэба быць уважлівым і не забывацца, што гісторыю, як і вірусы, трэба вывучаць асцярожна — спрэчкі аб ацэнцы падзей могуць справакаваць паўтор саміх падзей. Якой бы ні была гісторыя, мне б вельмі хацелася, каб яна нас аб’ядноўвала, а не размяжоўвала. 

Як Беларуская праваслаўная царква ставіцца да казацкага руху? Шмат дзе яны даволі актыўна ўдзельнічаюць у набажэнствах... Чаму менавіта яны?

— Казацтва — гэта не падраздзяленне царквы, гэта грамадская арганізацыя. Мы наладжваем свае стасункі з казакамі гэтаксама, як і з іншымі сацыяльнымі інстытутамі. У нас ёсць раздзелы (епархіяльныя ці сінадальныя) па ўзаемадзеянні з узброенымі сіламі, адукацыйнымі ўстановамі, Міністэрствам аховы здароўя, з моладзевымі арганізацыямі і шматлікімі іншымі. У тым ліку мы маем аддзел па ўзаемадзеянні з казацтвам. Хаця ў Беларусі казакі не такія распаўсюджаныя, як у Расіі, але яны ёсць. Дарэчы, само слова «казак» нічога не кажа пра палітычныя погляды. Яно толькі сведчыць пра лад жыцця і баявыя здольнасці. Казакі ў свой час ваявалі і за Расію, і за Польшчу, і за ВКЛ і супраць ВКЛ, і за Савецкі Саюз, і на баку нацысцкай Нямеччыны... Казакі бываюць рознымі. З другога боку, няправільна дзяліць усіх на сваіх і чужых, адразу адносячы казакоў да чужых «па змоўчанні». У нас, у Царкве, ёсць такое паняцце, як «увацаркаўленне». Дык вось, беларуская дзяржава са свайго боку мусіць дбаць пра беларусізацыю насельніцтва, і ў тым ліку казакоў, заахвоціць іх служыць беларускім інтарэсам. Але гэтым ужо варта заняцца ідэолагам, беларусазнаўцам, міністэрству культуры, а магчыма, і МУС.

Каментаваць