«Мірзоеў зрабіў болей, чым уся апазіцыя за апошні год»

Справа Руслана Мірзоева ўнікальная для Беларусі — упершыню да арышту асуджаны чалавек за выказванне ў інтэрнэце, зробленае ў форме аматарскага відэа.  



Асуджаны па артыкуле 17.1 КаАП, які даўно ўжо выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Прычым у яго выпадку пракуратура нечакана прызнала, што сапраўднай прычынай была зусім не лаянка.  «Новы Час» папрасіў вядомых блогераў пракаментаваць гэты прэцэдэнт. 
 
Бо Руслан Мірзоеў пацярпеў менавіта ў якасці блогера, атрымаўшы за сваё асабістае меркаванне і бачанне рэчаіснасці тыднёвую «пуцёўку» на Акрэсціна. 
 
 

Севярын Квяткоўскі, літаратар і журналіст, мэнэджэр культурных праектаў:

 
 
«Камерцыйная ініцыятыва з віруснымі ролікамі спатыкнулася аб уласную фармулёўку Руслана, які сказаў у адным з інтэрв'ю, што «трэба зняць гэтыя ружовыя акуляры, якія нам дэманструюць на дзяржаўных каналах, і паказаць сапраўднае жыццё ў спальных раёнах». Каб не апазіцыя да афіцыйнай пазіцыі, афіцыйныя б не замітусіліся, на мой погляд».  
 
 

Андрэй Стрыжак, лідар моладзевай сеткі прафсаюза РЭП:

 
 
«У апошні час улада ўсё больш спрабуе кантраляваць тое, што адбываецца ў інтэрнэце. Асабліва ў тых выпадках, калі гаворка непасрэдна заходзіць аб захаванні "гонару мундзіра" ці дзяржаўнага вобразу ўлады. Штраф за абразу работніка міліцыі, які атрымаў Андрэй Карэлін і адміністрацыйны арышт Мірзоева, гэта сігнал для ўсіх інтэрнэт-каментатараў — сачыце за сваімі словамі і дзеяннямі не толькі ў рэальным жыцці, але і ў віртуальным.
 
Нічога дрэннага ў гэтым няма, але вось толькі шкада, што самі "кантралёры" і іх падапечныя не заўсёды выконваюць свае "запаведзі". Можна ўспомніць хаця б выпадак судовага разбору брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якая (пакуль безвынікова) спрабуе прыцягнуць да адказнасці каментатара, які яе абразіў — супрацоўніка дзяржгазеты». 
 

 

Віктар Марціновіч, намеснік галоўнага рэдактара «Белгазеты», пісьменнік:

 
 
«Ну, мне здаецца, што асуджэнне Руслана — глабальнае глупства. Я не буду зараз чапаць юрыдычны аспект, усі гэтыя гранічна дзіўныя фармулёўкі пра "а насамрэч не за гэта", а таксама таго, ці можна ў прынцыпе чалавека караць за мат у інтэрнэце, дзе мацюкаюцца ўсё. Па факце мы маем адміністрацыйны арышт на 7 сутак для чалавека, які імкліва становіцца інтэрнэт-зоркай.
 
Ці зменшыць гэта яму папулярнасць? Відавочна, не! Ці стане ён яшчэ больш вядомым? Відавочна, так! Ужо стаў! Адпаведна, цікава назіраць, як з звычайнага хлопца рукамі суддзяў і міліцыі кляпаюць Навальнага. Прычым хацеў бы адзначыць, што рэпартажы Руслана з Автаза зрабілі больш, чым уся апазіцыйная актыўнасць апошняга года — а менавіта раскрылі вочы мас (менавіта мас) на тое, што адбываецца за сценамі стабільнасці».  
 
 

Яўген Ліпковіч, грамадскі актывіст і «медыяскандаліст»:

 
 
«Прэцэдэнтная справа, дарэчы. Судзілі аўтара мастацкага твора за яго змест. У нас ужо абвясцілі экстрэмісцкімі дакументальныя фатаграфіі, цяпер вось гэта. Пастановачныя ролікі, якія змяшчаюць абсцэнную лексіку. А калі б дзяржаўная мова была толькі адна, беларуская, гэтай справы наогул бы не было».
 
 

Віктар Малішэўскі, журналіст:

 
 
«Звычайная справа — дзяржава самаабараняецца, цяпер і ў інтэрнэце. Самаабараняецца яна як умее, а наша дзяржава ўмее вось так — з дапамогай Артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Даўно ўжо пісаў, што праваабаронцам і Еўропе трэба змагацца не за абстрактную дэмакратыю ў нашай краіне, а канкрэтна супраць гэтага вось Артыкула 17.1.
 
 
Калі б у Кодэксе не было такога Артыкула, на судзе пракурору давялося б даказваць незразумела што. Магчыма, даказваць факт дыскрэдытацыі Курасоўшчыны, што гучыць неяк... дзёрзка. Я не думаю, што гэта новы трэнд або новы кейс. Проста ад абывацеля дзяржава абараняецца з дапамогай дробнага хуліганства (артыкул 17.1). Ад палітыка — з дапамогай Крымінальнага кодэску. Кожнаму апаненту свой узровень». 
 
 

Пётр Кузняцоў, палітык:

 
 
«Можна ўспомніць падобную сітуацыю. У 2011 годзе, у разгар «маўклівых акцый», у Гомелі здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак. Малады чалавек, Руслан Усціменка, нічым асабліва не вылучаўся і ніколі раней (і пазней таксама) у палітычнай актыўнасці не замяшаны, атрымаў два разы запар па 15 сутак, правёўшы ў выніку за кратамі цэлы месяц. І да яго, і пасля яго, гэтак «ганараваўся» толькі Павел Севярынец. Але фігуры па маштабе яўна непараўнальныя. 
 
У беларускіх спецслужбаў ёсць у арсенале такі прыём: дэманстратыўна ўжываць да каго-небудзь меры ўздзеяння, неадэкватныя здейсненым учынкам. «Каб іншым непанадна было». Калі б улада прапусціла выпадак з Мірзоевым, гэта азначала б, што любы працоўны можа на тэлефон здымаць выварат беларускай «прамысловасці».
 
Між тым, на любым беларускім заводзе, можа, за выключэннем Белкалія, сітуацыя катастрафічная і з вытворчым фондам, і з якасцю чалавечага рэсурсу, і з узаемаадносінамі ў працоўным калектыве. Я быў ўнутры некаторых гомельскіх заводаў, там сітуацыя — як пасля ядзернай вайны. Калі такія карцінкі стануць масава з'яўляцца ў інтэрнэце, то наступяць кранты не толькі міфу пра беларускі эканамічны цуд, наступяць кранты у тым ліку і міфу аб тым, што ў гэтай краіне яшчэ ёсць што прыватызаваць. А гэта ўжо куды горш, таму што будзе дэманстраваць поўнае банкруцтва.
 
Думаю, па тэлебачанні Мірзоева паказалі дзеля таго, каб гісторыя атрымала як мага большы рэзананс. З аднаго боку, так, у кароткатэрміновай перспектыве гэта можа пашкодзіць іміджу уладаў (хаця куды больш?). з другога боку яны, упэўнены, менавіта гэтага і дамагаюцца: каб усе паглядзелі, падумалі: «А ці хачу я на суткі?» і пахавалі свае мабільныя тэлефоны...»
 
 

Анатоль Матвеенка, Аргамітэт Свабоднага Міжпрафесійнага Аб'яднання Працоўных

«Выдатны хлопец, творчы і неабыякавы, за такімі будучыня. Шкада толькі, што ён, я думаю, з'едзе з Беларусі. Руслана асудзілі за яго грамадзянскую пазіцыю, а гэта абсурд». 

Павел Вінаградаў, лідар моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду»  «Змена»:

«Я думаю, што фармальна там было за што судзіць. Матам на вуліцы лаяўся? Лаяўся. Вось толькі ці варта было  не зразумела. Я ўжо бачу як гэта было: які-небудзь высокі чыноўнік-ідэолаг ўбачыў "Хронікі раёна" і неверагодна абурыўся. Выказаў сваё абурэнне начальству ГУУС. На якой-небудзь планёрцы гэта абмяркоўвалі і прызначылі адказнага.

Адказны спусціў ўказанні да начальніка РУУС. Той у сваю чаргу перадаў гэта адказнаму за грамадскі парадак. Далей падначаленыя гэтага чалавека паехалі шукаць Мірзоева. Потым канваіравалі яго ў суд. У судзе з ім працавалі суддзя з сакратаром, ды яшчэ і здымачная група дзяржаўнага тэлеканала. Потым яго канваіравалі ў ІЧУ і там яго тыдзень будуць ахоўваць людзі. Усе гэтыя дзеянні ЗА нашы грошы. Я  супраць. Да таго ж "Хронікі раёна" мне спадабаліся».

Дзмітры Ісаёнак, палітолаг, адзін з стваральнікаў часопіса сацыяльнай крытыкі «Прасвет»

«Мне здаецца, што гэтая праблема не столькі палітычная, колькі культуралагічная, калі не сказаць фармацыйная. Такі мілы, дрымучы патрыярхат  «кожны цвыркун хай ведае свой прыпек» і «не спяшяйся паперад бацькі ў пекла». Вось ёсць у нас «дзеячы культуры»  яны здымаюць ролікі, а рабочыя ў нас працуюць і ціха ядуць, а тыя, хто хоча выскачыць за межы схемы  хуліганы, іх караюць.
 
 
Хлопец не рабіў палітычных выказванняў і ні выкрываў нічога, аб чым бы ўсе не ведалі. Ён, як гэта цяпер модна казаць,  «рабіў з цытрыны ліманад»  канвертаваў смяротную нуду на працоўным месцы ў сеткавую папулярнасць. І ў яго, у нейкай ступені, атрымалася. Ну і ўключыліся ўсе гэтыя правінцыйныя фобіі -а што ж гэта будзе, калі кожны? ...
 
 
Наогул жа нічога не было б. У савецкі час пры буйных прадпрыемствах, напрыклад, існавалі адмысловыя клубы, якія папулярызавалі аматарскія кіназдымкі сярод працоўных, вучылі, падавалі матэрыялы і г.д. Даволі масавае было захапленне ў 60-70-я. І неба на зямлю не падала. Цяпер гэта хуліганства?.. Здзічэлі-с».
 
 

Дар'я Каткоўская, юрыст:

 
 
У рамках сваей прафесійнай юрыдычнай дзейнасці як эксперт цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend” я ўважліва манітору ўсе працэсы, звязаныя са свабодай і адказнасцю ў беларускім сеціве, і магу сказаць, што ў 2013 г. сітуацыя стала мяняцца  праваахоўныя органы сталі часьцей высочваць і прыцягваць да адказнасьці менавіта за он-лайнавую дзейнасьць.
 
 
Так, напрыклад, калі па артыкуле 22.16 за парушэнне Указа №60 па афіцыйных дадзеных у 2012 годзе было складзена ўсяго некалькі пратаколаў і ў дачыненьні да правайдэраў, то ўжо ў 2013 годзе можна было назіраць тэндэнцыю па прыцягненьні да адказнасьці, напрыклад, па арт. 22.34 за ўдзел у масавым мерапрыемстве на падставе здымкаў у сацыяльных сетках, так былі прыцягнуты да адказнасьці актывісты Малашонак, Парчынскі, Хільмановіч і Юргель.
 
 
Таксама з прававога боку цікавы нядаўні кейс па абразе прадстаўнікоў улады ў каментарах на сайце tut.by з прысуджаным  штрафам па двух адміністрацыйных справах у памеры аж 10 мільёнаў рублеў. Пры гэтым, калі юрыст  гэтага ж парталу звяртаўся пару месяцаў таму з заяўленнем аб прыцягненні каментатара да адказнасці за распальванне нацыянальнай нянавісці па факце змяшчэння шматлікіх абразлівых і антысеміцкіх выказванняў на сайце, ува ўзбуджэнні адміністрацыйнай справы было адмоўлена. Прымячальна, што каментатарам быў супрацоўнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ. 
 
Калі раней на актывістаў аказваліся “неправавыя” метады ўціску  як выкраданьне пароляў, блакіроўка груп, то ў дадзеным выпадку паказальным з’яўляецца і той факт, што хлопца не прыпугнулі такім чынам, а менавіта прыцягнулі да адказнасці, прычым па яскрава палітычным артыкуле КаАП  дробнае хуліганства.
 
 
І выбар “ахвяры” мне падаецца таксама невыпадковым, бо збольшага актывісты, апазіцыйныя ці сеціўныя, часта лічацца маргіналамі, а вось суб’ект, які з’яўляецца з непалітычнага полю, і мэтай якога з’яўляецца паказаць менавіта правалы дзяржаўнай палітыкі на самым базавым сацыяльным, побытавым узроўні, прычым той мовай і тымі сучаснымі папулярнымі сярод моладзі метадамі як вясёлы вірусны ролік  вось менавіта тут дзяржаўная машына абсалютна заканамерна пачынае адчуваць небяспеку. І такія захады  фактычны сігнал блогерам, што нават улязанне ў сацыяльную, побытавую тэму можа быць небяспечным і ёсць механізмамі кантроля і запалохваньня надта актыўных.
 
 
Заўважальна, што таксама ў прапагандысцкіх мэтах быў негатыўна выкарыстаны вобраз хлопца Руслана Мірзоева: у рэпартажы АНТ яскрава  і ў непрыемнай манеры падкрэсліваўся антысацыяльны характар яго дзейнасці  ранейшая судзімасць, сувязь з мясцовымі “нізамі”, уцягнутасць і дасведчанасць у праблемах наркаманіі, алкагалізма.    
 
 
Дарэчы, мяркую, што заяўленне Мірзоева ў судзе аб тым, што здымкі былі пастановачнымі і ўдзельнікі несапраўднымі  метад прававой абароны, які ў дадзеным выпадку не дапамог пазбегнуць адказнасці. Такім жа чынам удзельнікі масавых мерапрыемстваў часта ў судзе заяўляюць аб тым, што ў акцыях не ўдзельнічалі, а проста “ішлі побач і трапіліся выпадкова”. Насамрэч, такія рэчы ў беларускіх судах не працуюць, і потым ствараюць цяжкасці для абскарджвання судовых рашэнняў, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Я думаю, што калі чалавек асэнсавана рэалізуе сваё права, гарантаванае артыкулам 34 Канстытуцыі, на збор і распаўсюд інфармацыі, то варта трымацца свайго права да канца.
 
 
Шчыра спадзяюся, што гэтыя меры не паўплываюць на далейшыя планы Руслана, бо стварэнне кароткіх і змястоўных урбаністычных ролікаў на злобадзённую тэматыку, накіраваных на аўдыторыю фактычна шырэйшую, чым звычайныя “палітычныя” кластэры ў сацыяльных сетках, гэта безумоўна новы цікавы трэнд і пакуль што незанятая ніша беларускага сеціва. Магчыма, варта “запіківаць” ненарматыўную лексіку, калі яна з’яўляецца ў відэа, каб пазбегнуць фармальных падстаў для прыцягнення да адказнасці.
 
 
Што тычыцца салідарнасьці з хлопцам, я думаю, што харошая ідэя гэта сустрэць яго з сутак,  а таксама даць зразумець, што тое, што ён ствараў было цікава і запатрабавана ў сеціве, бо любога чалавека матывуе, калі ягоная дзейнасьць лічыцца не марнатраўнай, важнай, чаканай».

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2013-08-14 00:03:22
"Віктар Марціновіч, пісменнік". Тонкі тролінг?
  • Паранаідальны сфагнум
  • 2013-08-14 00:08:40
Пісменнік, не пісменнік, але аўтар кніг дакладна. Толькі ж тут не пра Марціновіча гаворка.
  • Дзмітры Галко
  • 2013-08-14 00:11:56
Гаворка, падобна, пра апіску. Выправілі.
  • viktor
  • 2013-08-14 17:43:14
А достоин ли Мирзоев такого внимания?
  • Дзмітры Галко
  • 2013-08-14 18:05:40
Цяжка сказаць, ці заслугоўвае такой увагі сам Руслан Мірзоеў і яго ролікі, але дзеянні ўладаў у дачыненні да яго - безумоўна.
  • Andrei
  • 2013-08-17 09:01:43
И ни слова про то, что Мирзоев - уголовник-рецидивист, был осужден за грабеж.

Каментаваць