Ружовае рэтра

Існаванне лесбіек і геяў у нашым грамадстве доўга замоўчвалася. Не дзіва, што знайсці крыніцы для даследавання жыцця ЛГБТ-людзей у БССР няпроста. І даводзіцца звяртацца да вуснай гісторыі: знайсці сведкаў і запісаць з імі інтэрв'ю.



Мае суразмоўцы — людзі ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў (старэйшых знайсці значна цяжэй). Яны ўваходзілі ў дарослае жыццё ў часы перабудовы і першыя гады незалежнасці.

Свабодная прэса піша

Сярод іншых, я запісаў інтэрв'ю з Таццянай (імя змененае), якая ў апошнія гады жыве за межамі Беларусі. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў Таццяна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Гродне. Ад яе я даведаўся пра даволі цікавую гісторыю ўзаемадзеяння новай, значна больш свабоднай прэсы і гродзенскіх лесбіек.

Як узгадала Таццяна, у апошнія гады перабудовы «сталі пра гэта гаварыць. Сталі паказваць па тэлевізіі нешта. Напрыклад, я тады пабачыла па пятым канале (ленінградскім) інтэрв'ю з дзвюма жанчынамі, якія жылі разам. У Гродна з'явіліся газеты «Молодёжный курьер» і «Перспектива», якія друкавалі абвесткі ў рубрыцы «Знаёмствы». І там былі таксама гейскія і лесбійскія абвесткі. І было цікава: ці знаходзіць хто? Ці гэта сама рэдакцыя складае абвесткі, каб падагрэць інтарэс да выдання?»

15 лістапада 1991 года газета «Перспектива» апублікавала ліст маладой жанчыны. Гэта была не прапанова пазнаёміцца, а просьба да рэдакцыі асвятляць «праблему сексуальных меншасцяў». Аўтарка ліста распавядала пра свой жыццёвы досвед і выказвала спадзяванні, што «кто-то посмелее создаст такое общество сексуальных меньшинств (как в Москве, Риге, Петербурге) здесь у нас, в Гродно».

Таццяна напісала адказ на гэты ліст, і адказ таксама быў апублікаваны (у нумары ад 29 лістапада). Публікацыя ліста суправаджалася рэдакцыйным каментаром, у якім выказвалася стаўленне рэдакцыі да тэмы: «В письме читательницы, опубликованном с сокращениями, содержалось сомнение относительно позиции редакции к поднятой проблеме, поэтому сразу же определимся. По нашему мнению, общество не может быть демократическим и правовым, если оно будет признавать лишь интересы большинства — национального, культурного, сексуального и т. д. С другой стороны, защита прав и интересов меньшинств — фундамент цивилизации, требование справедливости, независимо от того, нравится это кому-то или не нравится».

Нягледзячы на вельмі пазітыўныя дэкларацыі, рэальная рэдакцыйная палітыка была не настолькі прыязная да ЛГБТ. У тым самым нумары ад 15 лістапада, дзе быў апублікаваны першы ліст, рэдакцыя надрукавала і непадпісаны артыкул «"Я — блудница". Чего еще не знаете о Мадонне». У гэтым артыкуле смакаваліся скандальныя падрабязнасці сексуальна разняволенага відэа вядомай амерыканскай спявачкі, пры тым да гомасексуалаў ужывалася слова «педэрасты».

Варта патлумачыць маладзейшым чытачам: у пачатку 1990-х гадоў слова «гомасексуаліст» і выраз «сексуальныя меншасці» лічыліся нейтральнымі, іх шырока ўжывалі самі геі і лесбійкі. А вось «педэраст» і тады гучала абразліва.

Гісторыя з лістамі ў газету мела працяг. Паколькі Таццяна выказала жаданне пазнаёміцца з аўтаркай папярэдняга ліста, то журналіст «Перспективы» Аляксандр Раманаў звязаўся з ёй і прапанаваў арганізаваць такую сустрэчу на «нейтральнай тэрыторыі». Сустрэча сапраўды адбылася, жанчыны пазнаёміліся, пераканаліся, што яны не адны такія ў Гродна. У далейшым яны падтрымлівалі сувязь, дзяліліся адна з адной «тэматычнымі» навінамі і весткамі.

Але Аляксандрам Раманавым, апрача шчырага жадання дапамагчы, кіраваў і прафесійны інтарэс. Па выніках сустрэчы ён стварыў яшчэ адзін матэрыял, які таксама быў апублікаваны ў рубрыцы чытацкіх лістоў пад назвай «Любить женщину — это естественно». Гэтая публікацыя адбылася ўжо ў студзені 1992 года. Матэрыял заканчваўся прапановай іншым лесбійкам дасылаць лісты па пэўным адрасе, каб пазнаёміцца. Адрасам гэтым з меркаванняў бяспекі быў выбраны хатні адрас журналіста Раманава.

Што да асобы журналіста, то ў 1968 годзе Раманаў і яго сябар Сяргей Каленчанка ў знак пратэсту супраць уводу войскаў СССР у Чэхаславакію сапсавалі партрэтную галерэю правадыроў КПСС у галоўным корпусе Гродзенскага педагагічнага інстытута. Студэнты Раманаў і Каленчанка атрымалі за сваю акцыю чатыры і тры гады зняволення адпаведна. У 1982 годзе Аляксандр Раманаў выпусціў самвыдавецкую кнігу апавяданняў «Пролетарии духа». Толькі ў гады перабудовы ён змог больш шырока рэалізаваць свае здольнасці. У прыватнасці, стаў аўтарам і рэдактарам газеты «Перспектива». Легендарны (не пабаюся гэтага слова) гарадзенец сёння напаўзабыты. Пра яго часам піша Юрый Камягін на сайце «Твой стыль», а Сяргей Каленчанка апублікаваў у інтэрнэце анталогію напісаных Раманавым мастацкіх тэкстаў.

Знайсці немагчымае

Прыкладна ў той самы час у Таццяны быў першы раман з жанчынай, няўдалы. Яна спрабавала падзяліцца сваімі душэўнымі перажываннямі з суседкамі па пакоі ў інтэрнаце, але не знайшла разумення і падтрымкі. Сяброўкі асуджалі лесбійскае каханне, але хаця б паабяцалі «не распаўсюджвацца». «А ў нас у інтэрнаце былі дзяўчаты, пра якіх чуткі хадзілі. І чуткі мелі глебу, то бок гэта была лесбійская пара. І іх усе асуджалі. Нібыта яны ледзь не прыстаюць да іншых проста ў душы. Тады мне было гэта вельмі дзіўна чуць, бо насамрэч вельмі дзіўна прыставаць у душы да кагосьці, калі ты жывеш у пары. Табе гэта не трэба. Ты памылася і пайшла».

На гэтае грамадскае асуджэнне накладвалася знаёмства з сексалагічнай літаратурай застойных гадоў. Яшчэ ў школьныя гады Таццяна наткнулася на кнігу расійскага сексапатолага Абрама Свядашча «Жаночая сексапаталогія» (першае выданне — 1974 год). Свядашч прапаноўваў дастаткова жорсткія метады «лячэння» ад гомасексуальнасці рознымі прэпаратамі (аміназін, апамарфін). Нядзіва, што ўражанні ад прачытання кнігі ў Таццяны засталіся надоўга: «З усіх знойдзеных мной кніг на тэму сексуальнасці Свядашч быў самы кашмарны, таму мне не хацелася быць тым, што ён там апісвае». У іншых кнігах па сексалогіі застойных гадоў, якія ў свой час прачытала Таццяна, аднаполае каханне наогул не згадвалася.

У той час у Таццяны развілася дэпрэсія, звязаная ў тым ліку і з праблемай прыняцця ўласнай сексуальнасці. Гераіне нашага артыкулу пашанцавала. Адна з яе выкладчыц у той час практыкавала як псіхатэрапеўт і прапанавала сустракацца і гутарыць.

Падчас другой ці трэцяй гутаркі Таццяна распавяла пра сваё няшчаснае каханне: «Яна проста села поруч са мной, выслухала ўсё ўважліва і не асудзіла. І менавіта гэта мне было неабходна. Мяне не асудзіў чалавек. Сяброўкі мне сказалі: «Ты што! Гэта ж жах!» З некаторым адценнем грэблівасці. І было зразумела, што больш я не пайду ім нешта распавядаць. А гэты чалавек спакойна мяне выслухаў і сказаў: «Усё нармальна, нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта не хвароба. Прымай сябе такой, якая ёсць». І я ёй магу сказаць «вялікі дзякуй». Бо гэта дастаткова цяжка, калі ты зусім адзін. А ўсе вакол такія правільныя, усе з правільнымі хлопчыкамі спяць, і ўсё цудоўна, а ў цябе анічога не атрымліваецца. А вось з дзяўчынай атрымліваецца, але гэта асуджаецца. Яна мне дапамагла адчуць, што нягледзячы ні на што, я — такі самы чалавек, як і ўсе. Гэта было важна. Бо больш мяне не падтрымаў бы ніхто: ні сяброўкі, ні тым больш бацькі. Не зразумелі б і не прынялі. Найгорш — гэта калі цябе не прымаюць. Я ж леварукая, і ў дзіцячым садку я была адна леварукая. Зараз я пішу правай, але левай я ўсё адно раблю шмат. І мяне перавучвалі. Гэта быў кашмар. Калі геяў спрабуюць лячыць пігулкамі ці інсулін-тэрапіяй, то гэта тое самае, што перавучваць леварукіх. Нашто? Яны такія нарадзіліся, няхай сабе будуць. Мяне перавучвалі пры ўсёй групе дзіцячага садка. Мне пагражалі прывязаць руку. У мяне адбіралі лыжку: «Не, вазьмі ў правую!» Але мне зручней так! Не, трэба рабіць вось гэтак».

Трэба заўважыць, што сярод псіхатэрапеўтаў гамафобія распаўсюджана прыкладна гэтаксама, як і ў цэлым у грамадстве. У Беларусі псіхатэрапія для ЛГБТ-людзей і сёння знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Шчаслівае развіццё гісторыя атрымала менавіта дзякуючы канкрэтнаму чалавеку — выкладчыцы.

***

Я ўзяўся даследаваць гісторыю ненарматыўнай сексуальнасці, негетэрасексуальнасці ў Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. У першую чаргу, маецца на ўвазе гісторыя людзей, якіх аб'ядноўвае абрэвіятура ЛГБТ (лесбійкі, геі, бісексуалы і трансгендэры).

Цікавіць мяне не тое, што людзі рабілі ў ложках, а тое, як гэта ўспрымалася грамадствам, наколькі высокім быў узровень фобій і дыскрымінацыі. Таксама мяне цікавіць, ці існавалі самастойныя субкультуры, звязаныя з той ці іншай сексуальнасцю, ці аб'ядноўваліся людзі ў гурткі, каб стварыць для сябе бяспечную прастору, ці спрабавалі адстойваць свае правы. На большасць з гэтых пытанняў у мяне пакуль няма адказаў.

Я буду ўдзячны за падказкі па тэме, якія можна накіроўваць на адрас identityby@gmail.com. Таксама буду ўдзячны тым сведкам мінулай эпохі, якія адгукнуцца і распавядуць пра свой досвед негетэранарматыўнага жыцця ў часы СССР.

Каментаваць