Рыцар беларускай Свабоды

У Мінску адбылася вечарына, прысвечаная 150-й гадавіне пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.



Нягледзячы на пятнічны вечар, сабралася поўная зала сядзібы Партыі БНФ, што на Чарнышэўскага, 3. У прэзідыуме размясціліся гісторык Алесь Смалянчук, сустаршыні аргкамітэту па адзначэнні Году Каліноўскага, лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і лідар кампаніі "Гавары праўду" палітык і паэт Уладзімір Някляеў. Вечарыну вёў выканаўчы сакратар кампаніі "Год Каліноўскага",  першы намеснік Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч. Грунтоўны даклад доктара гісторыі, прафесара Алеся Смалянчука прысутныя праслухалі з вялікай увагай.
 
Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Смалянчук
 
Выступоўца акрэсліў розныя бакі напраўду драматычных падзей 1863-1864 гадоў. Не заўсёды прасталюдзіны разумелі і падтрымлівалі паўстанцаў. Часцяком спрацоўвала расійская прапаганда, значныя саступкі сялянам з боку самаўладдзя часам настройвалі іх супраць барацьбітоў з царызмам. Аднак менавіта Каліноўскі заклаў падмуркі будучай беларускай нацыі. Ён паслядоўна пазіцыянаваў сябе як абаронца, змагар за інтарэсы, правы і свабоды простых беларусаў і падкрэсліваў гэта. Менавіта за тое, каб тутэйшы люд быў свабодным, а краіна незалежнай, ён пайшоў да канца і ахвяраваў урэшце сваім жыццём
 
Уладзімір Арлоў
 
Аляксандр Фядута
 
"Лісты з-пад шыбеніцы", напісаныя Каліноўскім перад пакараннем смерцю, як падкрэсліў у сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч, з'яўляюцца запаветам для беларусаў, які не губляе актуальнасці і сёння. Уладзімір Някляеў у эсэ, прысвечаным Кастусю Каліноўскаму, правёў паралель паміж тагачасным перыядам жыцця нацыянальнага героя Беларусі і выпрабаваннямі сучасных палітвязняў. Гісторык і літаратар Уладзімір Арлоў прачытаў пранікнёныя ўласныя вершы: "Нявеста інсургента" і "1864".
 
Усе выступоўцы адзначалі, што калі б не было паўстання 1863-1864 гадоў, не было б сучаснай Беларусі.
 
 
 
Сябра аргкамітэту па адзначэнні Году Каліноўскага Аляксандр Фядута прэзентаваў паштоўкі з партрэтам Кастуся Каліноўскага. Ён заклікаў падтрымаць палітвязняў напісаннем ім лістоў і паштовак. "Хлопцам, што зараз за кратамі, вельмі важная ваша падтрымка. Яны павінны адчуваць што дні свайго жыцця, якія яны праводзяць у вязніцах, – ахвяра не дарэмная", – зазначыў спадар Аляксандр.
 
Паштоўкі палітвязням адразу напісалі Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя ўдзельнікі імпрэзы.
 
Спявае Зміцер Бартосік
 
На завяршэнне вечарыны актывіст Руху "За Свабоду", бард Зміцер Бартосік выканаў шэраг сваіх песень, прысвечаных беларускай гісторыі.
 
Нагадаем, 150 гадоў таму на тэрыторыі Беларусі пачалося вызвольнае нацыянальнае паўстанне супраць расійскага самаўладдзя пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У гэты дзень быў распаўсюджаны зварот паўстанцаў да беларусаў з заклікам узняцца на ўзброеную барацьбу. 2-га лютага спаўняецца 175 год з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага. У гэты дзень сучасных беларусаў запрашаюць да напісання агульнанацыянальнай дыктоўкі. У якасці тэксту да яе абраны "Ліст з-пад шыбеніцы", своеасаблівы зварот-тэстамэнт да беларусаў, які напісаў Каліноўскі за кратамі віленскай турмы незадоўга да таго, як яго пакаралі смерцю.
-------------------------------------
Фота аўтара
 
 
 

Каментаваць