Рытуальна забіты баран у Трасцянцы: працяг гісторыі

Ужо тыдзень мясцовыя службы не могуць разабрацца, што рабіць з ахвярай рытуальнага абрада, праведзенага пад Крыжом памяці ва ўрочышчы Благоўшчына (Трасцянец).

Нягледзячы на тое, што на месца забойства барана яшчэ 23 жніўня прыехалі міліцыянты ды запэўнілі грамадскіх актывістаў, якія ўбачылі страшэннае відовішча, што барана прыбяруць экалагічныя службы, актывістам дагэтуль даводзіцца самастойна шукаць адказных за ўтылізацыю мёртвай жывёлы.

«На наступны дзень пасля здарэння распухлы ад спёкі баран яшчэ ляжаў на сваім месцы. Тады я сама звязалася з Таццянай Жычко, намесніцай начальніка аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, лясоў, жывёльнага і расліннага свету. Падалося, мы паразумеліся... Аднак праз дзень мы прыехалі ў Благоўшчыну і ўбачылі, што замест таго, каб утылізаваць жывёлу ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі (закапаць у бліжэйшым ад Мінска скотамагільніку альбо вырыць роў ды спаліць), выканаўцы згрэблі экскаватарам барана ўнутр вала і проста засыпалі нейкім будаўнічым смеццем, зрабіўшы пасярэдзіне Дарогі смерці (такую назву дарога мае паводле дзяржаўнага праекта, які цяпер распрацоўваецца ў Трасцянцы) адначасова і сметніцу, і скотамагільнік. Паўторна пазванілі Таццяне Жычко, але яна сказала, што яны займаюцца дзікімі жывёламі, а баран — свойская жывёла, таму гэта ў кампетэнцыі мясцовых уладаў», — распавяла Ганна Шапуцька.

Цяпер грамадскія актывісты падрыхтавалі і адправілі лісты ў Адміністрацыю Заводскага раёна і ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем вырашыць сітуацыю.

«Вал стаў вышынёй вышэй за чалавечы рост, і перабрацца праз яго, каб ускласці кветкі да памятных знакаў, да месцаў забойства людзей, стала фактычна немагчыма без рызыкі для жыцця. Цынізм таго, што адбываецца проста дзівіць», — гаворыцца ў лісце.

Аўтары зварота абураюцца, што пры наяўнасці вялікай колькасці разнастайных службаў і чыноўнікаў, ніхто з іх апынуўся не ў стане вырашыць пытанне. Актывісты заўважаюць, што новаствораная свалка, унутры якой ляжыць забіты баран, мусіць быць тэрмінова ліквідаваная не толькі таму, што на месцы расстрэлаў тысячаў людзей не месца сметніку, але і з меркаванняў бяспекі мясцовых жыхароў, якія могуць стаць ахвярай якой-небудзь хваробы, справакаванай шматдзённым ляжаннем мёртвай жывёлы на сонцы.

Каментаваць