Сілавікі будуць працаваць на пастаўленую мэту

3 кастрычніка 2011 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў ухвалены праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Юрысты б’юць трывогу: папраўкі ў заканадаўства ўводзяць у прававое поле практыку абмежавання, забароны і рэпрэсій.



3 кастрычніка 2011 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў ухвалены праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Юрысты б’юць трывогу: папраўкі ў заканадаўства ўводзяць у прававое поле практыку абмежавання, забароны і рэпрэсій.

Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» уносіць змены і дапаўненні ў шэраг заканадаўчых актаў: Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях», Закон Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях», Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, Выбарчы кодэкс, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях.

Змены і дапаўненні, прапанаваныя да ўнясення ў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, прааналізавалі праваабаронцы і эксперты ў сферы НДА. Прыводзім вытрымкі з аналітычнай запіскі.

Пакаранне за бяздзеянне


Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўжо ўхвалены праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Эксперты мяркуюць, што ўрад унёс гэты праект на разгляд у парламент пасля шэрагу вулічных акцый пратэсту, якія адбыліся цягам апошняга года.

Нормы зменаў закранаюць як парадак арганізацыі масавага мерапрыемства, так і парадак удзелу ў ім. Цяпер любы факт сумеснай прысутнасці грамадзян у загадзя абумоўленым месцы ўтварае склад правапарушэння, звязанага з парушэннем парадку правядзення і ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Характэрным ёсць дадатковае ўключэнне ў склад магчымых прыкмет пікету арганізацыю збору грамадзян праз інтэрнэт альбо іншыя інфармацыйныя сеткі.

Уводзіцца абмежаванне для асоб, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў: на працягу года пасля адміністрацыйнага спагнання яны не могуць быць арганізатарамі масавага мерапрыемства. То бок можна гаварыць аб стварэнні практыкі паразы ў правах.

Забараняецца да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства, якое можа быць выдадзена дзяржаўным органам толькі за пяць дзён да даты мерапрыемства, распаўсюджваць у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках інфармацыю аб даце, месцы і часе яго правядзення.

Замежную дапамогу ў казну

Змены ў заканадаўства аб палітычных партыях, грамадскіх аб’яднаннях і замежнай бязвыплатнай дапамозе прадугледжваюць забараніць “дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, [і іх] саюзаў, накіраваную на садзеянне прадастаўленню замежнымі дзяржавамі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ільгот і пераваг у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю ў парушэнне заканадаўства. Праваабаронцы мяркуюць, што гэтая норма ўносіцца ў заканадаўства ў якасці меры рэалізацыі меркавання Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь наконт “карты паляка. Аднак норма закранае ў тым ліку рэлігійныя, этнічныя арганізацыі.

Магчыма, будзе значна зменены парадак прадастаўлення, выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі. Прадугледжвацца ўвесці дадатковыя абмежаванні для атрымання фінансавання палітычнымі партыямі. Робіцца значна больш жорсткай адказнасць за парушэнне парадку атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Поруч з абмежаваннем замежнага фінансавання палітычных партый прапануецца абмежаваць і атрыманне грашовых сродкаў у выбарчыя фонды.

Яшчэ адна важная дэталь: пашыраны пералік мэтаў, на якія не можа быць выкарыстаная замежная дапамога. Асаблівую трывогу праваабаронцаў выклікае факт таго, што ў склад як адміністратыўнай, так і крымінальнай адказнасці ўключана атрыманне, захоўванне і перамяшчэнне замежнай бязвыплатнай дапамогі для фінансавання правядзення любых семінараў, без вызначэння іх мэты і тэматыкі.

Змены ў заканадаўства аб спецслужбах


Змены ў закон “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь павялічваюць аб’ём правоў органа дзяржаўнай бяспекі, пашыраюць парадак прымянення яго супрацоўнікамі фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі.

Органам дзяржаўнай бяспекі прадстаўляецца права ўваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем замыкаючых прыладаў і іншых прадметаў, у любы час сутак у жыллё або іншыя законныя ўладанні фізічных асоб, у памяшканні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Новая рэдакцыя закона зрабіла неабавязковым паведамляць пракурору пра парушэнні недатыкальнасці жылля, што, безумоўна, можа негатыўна ўплываць на ступень абароненасці названага права. Агулам аб’ём гэтага права адпавядае правам супрацоўніка органа ўнутраных спраў, замацаванага Законам Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Да новых правоў органа дзяржаўнай бяспекі можна аднесці права ажыццяўляць пры праходзе (праездзе) на ахоўныя аб’екты органаў дзяржаўнай бяспекі і пры выхадзе (выездзе) з такіх аб’ектаў асабісты дагляд фізічных асоб, дагляд iх рэчаў, дакументаў, транспартных сродкаў і рэчаў. Пры адсутнасці якіх-небудзь абмежаванняў можна выказаць здагадку, што адвакаты, якія наведваюць СІЗА КДБ, могуць быць падвергнутыя названым працэдурам (асабісты дагляд, дагляд рэчаў, дакументаў). Відавочна, што пры гэтым будуць парушаныя правы на незалежнасць адваката і забеспячэнне адвакацкай тайны.

Значныя змены зведалі палажэнні аб ужыванні супрацоўнікамі органа дзяржаўнай бяспекі зброі і спецыяльных сродкаў. Цяпер аб’ём паўнамоцтваў супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі практычна ідэнтычны вызначанаму для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў, ваеннаслужачых унутраных войскаў. Аднак даследаваны закон, як і законы, якія рэгулююць дзейнасць пералічаных органаў, утрымлівае адкрыты пералік выпадкаў, калі супрацоўнікам органа могуць быць ужытыя спецыяльныя сродкі, зброя, баявая і спецыяльная тэхніка, прадугледжваючы яе прымяненне і “ў іншых выпадках, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Прапануецца ўнесці папраўкі, паводле якіх супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі не нясе адказнасці за шкоду, прычыненую ў сувязі з ужываннем фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, ужываннем (выкарыстаннем) зброі ў прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі выпадках.

Пры гэтым новы законапраект прапануе выкласці артыкул 19 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у новай рэдакцыі: “Супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі маюць права на абгрунтаваную прафесійную рызыку. Прычыненне імі шкоды пры абгрунтаванай прафесійнай рызыцы не ёсць правапарушэннем. Прафесійная рызыка прызнаецца абгрунтаванай, калі здзейсненае супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бяспекі дзеянне аб’ектыўна вынікала з наяўнай сітуацыі, а пастаўленая мэта не магла быць дасягнута не звязанымі з рызыкай дзеяннямі і супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі, які дапусціў прафесійную рызыку, прыняў усе магчымыя меры для прадухілення шкоды. У дадзеным выпадку заканадаўца ў азначэнні падставы для прафесійнай рызыкі замяняе паняцце “законнай мэты на паняцце “пастаўленай мэты, што карэнным чынам змяняе змест паняцця прафесійнай рызыкі. У новай прававой канструкцыі падставай для вызвалення супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі ад адказнасці за шкоду, прычыненую іх дзейнасцю, ёсць не закон, а бягучая мэтазгоднасць і загад.

Такім чынам, праект закону стварае перадумовы для парушэння правоў грамадзян на недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян, а таксама свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы.

Паводле Аналітычнай запіскі беларускіх праваабаронцаў http://spring96.org

-------------------------------------------------------------

Поле дзейнасці велізарнае

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што папраўкі ў заканадаўства, якія рыхтуе ўлада, скіраваныя супраць любой актыўнасці.

— Гарантыі, што гэтыя папраўкі ў заканадаўства не будуць выкарыстаныя супраць іх, маюць толькі 2–3 працэнта грамадзян Беларусі. Поле дзейнасці велізарнае. Яны датычацца не толькі апазіцыі, бо скіраваныя супраць любой актыўнасці, грамадзянскай пазіцыі, якая можа быць практычна ў кожнага. Калі заўтра, напрыклад, на прадпрыемстве ўзнікне складаная сітуацыя, то гэты закон можа быць скарыстаны супраць людзей, якія б захацелі нешта зрабіць, хаця яны і не ўваходзяць у палітычныя партыі, арганізацыі. Калі нехта думае, што гэта яго не тычыцца, то глыбока памыляецца.

Дэ-факта супраць нас гэта і так дзейнічае, без паправак. Я асабіста жыву па такому заканадаўству са снежня мінулага года. Спроба ўнесці змены ў закандаўства дае магчымасць палітычным структурам узняць дыскусію аб эфектыўнасці структур, што прымаюць такое заканадаўства. Цяпер сітуацыя больш абвостраная, і людзі будуць адэкватна ўспрымаць такую інфармацыю. І важна, каб стала зразумела, што дэпутаты ў парламенце мусяць быць сапраўды абраныя, а не прызначаныя. Будзем, безумоўна, тлумачыць людзям, з чым яны могуць сутыкнуцца ў сваім жыцці, калі закон будзе мець такі выгляд.

Каментаваць