Сізіфава праца?

Любяць беларускія чыноўнікі ствараць сабе ды жыхарам сінявокай праблемы. А пасля іх гераічна сумесна пераадольваць. На пачатку сакавіка з’явілася інфармацыя, што індывідуальным прадпрымальнікам сёлета могуць вярнуць права прыцягваць наёмных працаўнікоў, якія не з’яўляюцца членамі іх сям’і або блізкімі сваякамі.

(На здымку: Акцыя пратэста супраць указа № 760. Мінск, 21 студзеня 2008 г. Архіў)



Любяць беларускія чыноўнікі ствараць сабе ды жыхарам сінявокай праблемы. А пасля іх гераічна сумесна пераадольваць. На пачатку сакавіка з’явілася інфармацыя, што індывідуальным прадпрымальнікам сёлета могуць вярнуць права прыцягваць наёмных працаўнікоў, якія не з’яўляюцца членамі іх сям’і або блізкімі сваякамі.

(На здымку: Акцыя пратэста супраць указа № 760. Мінск, 21 студзеня 2008 г. Архіў)


Адпаведны пункт ужо ўключаны Міністэрствам эканомікі ў план лібералізацыі на 2010 год, які зараз актыўна абмяркоўваецца ўрадам і бізнес-супольнасцю. Аднак тады для чаго трэба было намотваць нервы на кулак у 2007–2008 гадах?

Тады па краіне пракацілася хваля вулічных акцый пратэсту ІП супраць 760-га Указу кіраўніка дзяржавы, які абмяжоўваў у тым ліку і колькасць наёмных работнікаў у дробных прадпрымальнікаў. Між іншым, з-за тых акцый пратэсту было асуджана па крымінальных артыкулах больш за дзесяць чалавек. Людзям паламалі жыццё, папсавалі здароўе, бізнес. А цяпер такі рэверанс: маўляў, памыліліся, сітуацыя вымагае вяртання на старыя колы. Не па сваёй волі чыноўнікі пайшлі на саступкі — эканамічны крызіс выявіўся значна больш дзейсным аргументам за меркаванне тысяч беларусаў. Патрэбна ажыўляць эканоміку, плаціць заробкі, змагацца з беспрацоўем — вось і прагнуліся. Але ж ці надоўга?

Яшчэ ў снежні мінулага года прадпрымальнікі даслалі кіраўніку дзяржавы і ўраду зварот з просьбай разгледзець магчымасць адмены ІП з 1 студзеня 2010 года ўсіх абмежаванняў па найму працаўнікоў. І вось Мінэканомікі абвясціла, што гатовае падтрымаць гэту ідэю, і нават уключыла яе ў план лібералізацыі. Але чакаецца, што права прыцягваць да ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці трох наёмных працаўнікоў будзе прадстаўлена прадпрымальнікам толькі на перыяд да 31 снежня 2012 года. Магчыма, на той час у краіне будуць абсалютна іншыя ўмовы і бізнес-клімат, і праблемы з наймам работнікаў ІП мець не будуць. Але сёння ніхто нічога гарантаваць не можа. Дык як не прыгадаць народную мудрасць пра турму ды суму — у Беларусі заракацца ад гэтага як мінімум наіўна.

Але ці насамрэч гэты метад дзейсны ды выведзе дробны бізнес на грэбень эканамічнай хвалі? Не — гавораць эксперты. Бо лечыцца не сама хвароба, а яе наступствы. “Калі б падатковая сістэма і агульныя ўмовы працы прадпрымальніцкай дзейнасці ў краіне былі больш лёгкімі, то не было б сэнсу ўводзіць абмежаванні па колькасці наёмных работнікаў.

Менавіта такім чынам урад хацеў вывесці дробны бізнес з ценю ды павялічыць грашовыя паступленні ў бюджэт, — лічыць Аляксей Абражэй — эксперт юрыдычнай кампаніі «Прававы павераны». — У адэкватных, спрыяльных умовах прадпрымальнік сам бы вырашаў, патрэбнае яму ІП ці лепш зарэгістраваць юрыдычную фірму і выплачваць адпаведныя падаткі. Знікла б сама прычына канфлікту. Але атрымліваецца, што дзяржава ўвесь час спрабуе вырашыць пытанне збору падаткаў праз скарачэнне актыўнасці прадпрымальніцтва, а не праз выкараненне праблем, якія мае бізнес. Гэта паказвае, што ў кіруючых вярхах у прынцыпе няма падыходу да рашэння праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Да слова, па некаторых ацэнках, сектар дробнага бізнесу пасля ўвядзення абмежавання па найму работнікаў страціў за апошнія два гады каля ста тысяч працоўных месцаў. Цяпер ІП гатовыя стварыць за 2010 год каля 65 тысяч працоўных месцаў у сферы гандлю і паслуг. Ламаць — не будаваць.

Зразумела і іншае: эканамічная палітыка і адпаведныя захады ў гэтай галіне ў Беларусі грунтуюцца найперш на палітычным складніку, і ўжо потым на законах рынку. Прывядзем яшчэ адзін прыклад, што ілюструе недастатковасць прымаемых мераў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. 1 сакавіка 2010 года кіраўнік дзяржавы падпісаў указ № 127 “Аб унясенні дапаўненняў ва Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1999 г. №285, паводле якога цяпер фармаваць нацэнкі і кошты ў рэстаранах, кафэ, барах, што адносяцца да нацэначных катэгорый люкс, вышэйшай і першай, можна будзе адвольна, то бок з улікам кан’юнктуры рынку.

Аднак гэта зноў толькі паўмера. Эксперты лічаць, што варта цалкам адпусціць сферу грамадскага харчавання ў вольнае плаванне, а таксама спрасціць умовы для адкрыцця рэстаранаў, кафэ. Гэта дазволіць сфарміраваць канкурэнты рынак, які і будзе рэгулявацца за кошт попыту спажыўца і бягучай прапановы. Аднак, і гэтага было б недастакова, каб наблізіць наша — нятаннае трэба сказаць — грамадскае харчаванне да даступных коштаў.

Напрыклад, высокія гандлёвыя надбаўкі на шэраг харчовых імпартных тавараў наўпрост уплываюць на канчатковы кошт стравы, якую вам падаюць у кафэ. І нават з умовай канкурэнцыі яго ўладальнік будзе вымушаны трымаць цэннік, каб не сысці ў “мінус. Вось яны — звёны ланцуга адной праблемы, якую немагчыма вырашыць кропкавымі метадамі.

Каментаваць