Са Святам, Латвія!

Пытанне: што трэба, каб Дзень незалежнасці стаў сапраўдным святам? Адказ: сапраўдная незалежнасць. Вось гэтая банальная выснова прыйшла мне ў галаву 4 мая ў Рызе.



У гэтым годзе Латвія адзначыла 25-годдзе аднаўлення незалежнасці. 4 мая 1990 года Вярхоўны савет Латвійскай ССР прыняў дэкларацыю "Аб аднаўленні незалежнасці Латвійскай Рэспублікі". З 201 дэпутата за яе прагаласавалі 138. Дэкларацыя аднавіла Канстытуцыю Латвійскай Рэспублікі 1922 года і адначасова кваліфікавала ўступленне савецкіх войскаў на тэрыторыю краіны 17 чэрвеня 1940 года як міжнароднае злачынства.

“Для мяне гэты дзень значыць вельмі шмат, і гэта вельмі асабіста — сказаў у каментары НЧ міністр унутраных спраў Латвіі Рыхард Казлоўскіс, — Бо дваццаць пяць гадоў таму я, тады яшчэ 21-гадовы хлопец, стаяў ля парламента і патрабаваў незалежнасці. І вось зараз маю гонар гэту незалежнасць абараняць. Для нас вельмі важна адзначаць гэты дзень, каб моладзь бачыла, каб гісторыю памяталі…”

Дарэчы, непасрэдна Дзень незалежнасці жыхары Латвіі адзначаюць 18 лістапада. Менавіта 18 лістапада 1918 года у Рызе быў абвешчаны «Акт аб незалежнасці», згодна з якім Латвія станавілася незалежнай дзяржавай. Так што можна сказаць, што ў Латвіі два святы незалежнасці: вясновае і восеньскае. І абодва вельмі шырока адзначаюцца.

Чырвона-бела-чырвоныя дзяржаўныя сцягі на дамах і ўстановах, стужкі нацыянальных колераў на вопратцы і кветкі ў руках, ледзь не кожнага трэцяга. Канцэрты, выставы, прагляды дакументальных і мастацкіх фільмаў і канешне, святочны салют — гэта не поўны спіс мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў розных кутках Латвіі 4 мая.

Адной з цікавых традыцый ёсць ускладанне кветак — усе жадаючыя ад ранка да позняга вечара могуць прыносіць кветкі да помніка Свабоды, каб падарыць іх Латвіі, ствараючы з кветак мініяцюрны контур краіны.

Дарэчы, помнік быў узведзены ў гарадскога канала на мяжы Старога і Новага горада з 1931 па 1935 год на ахвяраванні жыхароў на месцы, дзе стаяў конны манумент Пятра I. Скульптурныя групы ў падставе манумента ілюструюць асобныя важныя падзеі ў гісторыі Латвіі, а заканчвае кампазіцыю — жаночая фігура, якая сімвалізуе ідэю суверэннасці Латвіі

Акрамя звычайных жыхароў, зразумела, кветкі ў гонар свабоды прыносяць і ўсе першыя асобы краіны, шматлікія дэпутаты, а таксама экс-прэзідэнты, міністры, кіраўніцтва нацыянальных узброеных сіл і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Пасля ўскладання кветак усе разам пяюць гімн краіны:

Гасподзь, дабраславі Латвію,
Нашу дарагую бацькаўшчыну,
Дабраславі Латвію,
Дабраславі яе!

Дзе латышскія дачкі квітнеюць,
Дзе латышскія сыны спяваюць,
Дазволь нам там шчаслівымі быць,
Наша Латвія!Са Святам, Латвія!

Гэта наш з гуглам пераклад словаў гімна Латвіі. Калі чуеш, як сотні людзей не па прымусу, а ад сэрца, спяваюць гімн, не трэба ведаць латышскую мову, каб зразумець — гэта краіна вартая незалежнасці і больш нікому яе не аддасць…

Магчыма, мы калісьці таксама дачакаемся сапраўднага свята сапраўднай незалежнасці. А пакуль, са Святам, Латвія!

Каментаваць