Сацыяльныя правы? Забудзьцеся!

Права на працу, права на добрае жыццё (у сэнсе кватэра-машына-ежа), права на заробак і пенсію — гэта тое, што праваабаронца Валянцін Стэфановіч трапна назваў «правам на выжыванне». 



Менавіта з гэтым «правам на выжыванне» ў міжнародных стандартах у нас ёсць вялікая праблема.

Гэтыя правы вызначаюцца Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП). Ён не менш важны за Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах дакумент.  Пакт быў прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 1966 года і ратыфікаваны БССР 13 лістапада 1973 года. Адпаведна, ягоныя палажэнні павінны прызнавацца Рэспублікай Беларусь як правапераемніцай БССР.

 

Права на багацце

Першы артыкул гэтага дакумента, як звычайна, абвяшчае права народаў на самавызначэнне. У сілу гэтага права народ павінен мець магчымасць свабодна вызначаць свой палітычны статус і забяспечваць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё. Але, у адрозненне ад «палітычных» дакументаў, у МПЭСКП разглядаецца эканамічны аспект самавызначэння.

 

У Пакце замацавана, што менавіта народ (а не ўлада) распараджаецца натуральнымі багаццямі і рэсурсамі. Акрамя таго, падкрэсліваецца, што народ не можа быць пазбаўлены належных яму сродкаў існавання.

 

Гэта палажэнне вельмі актуальнае для цяперашняй Беларусі. Дзяржава ў асобе групы чыноўнікаў зараз «прыхватызуе» народную ўласнасць і па меры неабходнасці прадае яе ці здае ў «ламбард» Расіі. Такія дзеянні павінны расцэньвацца як злоўжыванне ўладай, і гэта аўтаматычна цягне за сабой прызнанне такіх здзелак несапраўднымі.

 

У Пакце таксама на дзяржаву ўскладаецца абавязацельства «...прыняць у максімальных межах наяўных рэсурсаў меры да таго, каб забяспечыць паступова поўнае ажыццяўленне прызнаных гэтым Пактам правоў усімі належнымі спосабамі, уключаючы прыняцце заканадаўчых мераў».

 

Па выніках даследавання, праведзенага экспертамі швейцарскай арганізацыі «Credit Suisse», беларусы — адзін з самых бедных народаў Еўропы. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада не выконвае перад грамадзянамі сваіх абавязкаў.

 

Эканоміка перш за ўсё

Пактам замацоўваюцца ў асноўным тыя правы, пра якія кажа Лукашэнка. Гэта права на працу, уключаючы права кожнага на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна абірае або на якую ён свабодна згаджаецца; на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы; на стварэнне прафсаюзаў і ўступленне ў такія па свайму выбару пры адзінай умове — выкананні правілаў арганізацыі; на страйк пры выкананні ўмоў, прадугледжаных законам.

 

Для рэалізацыі права на працу павінны быць распрацаваныя праграмы прафесійна-тэхнічнага забеспячэння і падрыхтоўкі, вызначаны шляхі і метады эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця і занятасці «ва ўмовах, якія гарантуюць асноўныя палітычныя і эканамічныя свабоды чалавека».

 

І што, гэта ў Беларусі выконваецца? Больш за 70% работнікаў у нашай краіне працуе па кароткатэрміновых кантрактах, а такія кантракты ставяць работнікаў у залежнасць ад наймальнікаў і не даюць магчымасці абараняць свае працоўныя правы.

 

Варта нагадаць, што кароткатэрміновыя кантракты былі ўведзеныя ў 1999 годзе на падставе прэзідэнцкага дэкрэта №29. Відавочна, што гэты дэкрэт супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі (аб праве на працу) і Працоўнаму кодэксу, які забараняе пагаршаць становішча работнікаў. Да таго ж, нормы дэкрэта не адпавядаюць рэкамендацыям Міжнароднай арганізацыі працы, згодна з якім дзяржавы — чальцы МАП не павінны выкарыстоўваць тэрміновыя працоўныя дамовы, акрамя выпадкаў, калі гэта выклікана вытворчай неабходнасцю.

 

У дачыненні да некаторых працоўных, так званых «нядбайных бацькоў», дзяцей якіх утрымлівае дзяржава, выкарыстоўваецца прымусовая праца. Не варта забывацца і на «славуты» дэкрэт №9 аб забароне на звальненне з мадэрнізуемых прадпрыемстваў.

 

Захоўваецца інстытут двухгадовай адпрацоўкі выпускнікоў дзяржаўных ВНУ бюджэтнай формы навучання. Ухіленне ад працы па размеркаванні прыводзіць да спагнання з «маладых спецыялістаў» кошту навучання, — з улікам інфляцыі.

 

Права на заробак

Артыкул 7 МПЭСКП патрабуе ад дзяржавы забяспечыць не толькі справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, але і «справядлівую зарплату і роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасці без якога б там ні было адрознення».

 

Як вядома, узровень «справядлівай зарплаты» ў Беларусі вызначаны ў 500 амерыканскіх долараў, і ў цэлым па краіне ён дасягнуты. Праўда, у адных работнікаў заробак не дасягае і 200 долараў, а ў іншых — перавышае 1000. І ўзровень беларускіх заробкаў у некалькі разоў ніжэй, чым у суседняй Расіі, не кажучы ўжо пра Еўропу.

 

Чаму ўлада не можа забяспечыць сваім грамадзянам годны заробак, змушаючы іх шукаць «лепшай долі» ў іншых краінах? Адна з версій — таму, што не можа дазволіць развіццё эканомікі на рынкавых прынцыпах. Бо гэта паменшыць уплыў дзяржавы на эканамічныя адносіны, а значыць, і на грамадзян, якія цалкам могуць абыходзіцца без вялікага дзяржапарату.

 

Прафсаюз — не кожнаму

Згодна з арт. 8 Пакта, для ажыццяўлення і абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў дзяржава абавязана забяспечыць кожнаму работніку права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх па свайму выбару. Гэта — яшчэ адно «слабое звяно» ўладнай палітыкі. Маюцца сотні выпадкаў, калі сябры незалежных прафсаюзаў зазнаюць рэпрэсіі і звальненні за прафсаюзную дзейнасць. Разам з тым чыняцца і разнастайныя перашкоды для рэгістрацыі новых прафсаюзаў.

 

МАП неаднаразова разглядала сітуацыю з парушэннем правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі. У выніку да краіны былі ўжытыя санкцыі ў выглядзе пазбаўлення гандлёвых прэферэнцый. Нават нягледзячы на гэта, сітуацыя з правамі незалежных прафсаюзаў у Беларусі не змянілася, пра што сведчыць прыклад з пераследам работнікаў прадпрыемства «Граніт». «Віна» іх толькі ў тым, што яны вырашылі стварыць свой прафсаюз у знак пратэсту супраць нізкай зарплаты і бяздзейнасці афіцыйнага прафсаюза.

 

Ці сацыяльная дзяржава?

Да сацыяльных правоў Пакт адносіць права на сацзабеспячэнне, уключаючы страхаванне; на асаблівую ахову сям’і і мацярынства; на дастатковы жыццёвы ўзровень для самога работніка і яго сям’і; на найвышэйшы ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя і права на адукацыю.

 

Падавалася б, гэта ўсё якраз і ёсць «фішкі» Аляксандра Рыгоравіча. І што? Па дадзеных эканаміста Леаніда Злотнікава, у Беларусі 5,8 мільёна работнікаў утрымліваюць 2,5 мільёна пенсіянераў. Па прагнозах эксперта, хутка грошай не хопіць для выплаты пенсій, якія па міжнародных стандартах павінны складаць не менш за 40% ад сярэдняй зарплаты. Варта таксама звярнуць увагу на вялікую розніцу ў памерах пенсій работнікаў: ад пражытачнага мінімуму (каля 100 долараў) да некалькіх тысяч долараў. Зразумела, што такіх дыспрапорцыяў у пенсійным забеспячэнні быць не павінна.

 

Дзяржава павінна праяўляць асаблівы клопат пра сям’ю як «натуральную і асноўную ячэйку грамадства». Дапамога павінна давацца маці на працягу разумнага перыяду да і пасля родаў. Акрамя таго, мацеркам, якія працуюць, павінен прадстаўляцца або аплочваемы адпачынак, або адпачынак з дастатковай дапамогай.

 

Новы Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», (уступіў у сілу 1 студзеня 2013 г.), устанавіў, што пры нараджэнні першага дзіцяці працуючай маці выплачваецца аднаразовая дапамога ў памеры 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (цяпер — 13 мільёнаў рублёў), а пры наглядзе за дзіцем да трох гадоў памер штомесячнай дапамогі складае 35% ад пражытачнага ўзроўню (каля 400 тысяч рублёў).

 

Вядома, замала. У Расіі аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці складае прыкладна 650 долараў, затое мінімальны памер штомесячнай дапамогі па дагля­дзе за дзіцем каля 100 долараў. Да таго ж, пры дасягненні дзіцем трох гадоў сям’я можа разлічваць на мацярынскі капітал у 200 тысяч расійскіх рублёў.

 

Варта звярнуць увагу на артыкул 11 Пакта, які патрабуе ад дзяржавы прызнаць права кожнага «на дастатковы жыццёвы ўзровень для яго самога і яго сям’і, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне і жыллё, і на бесперапыннае паляпшэнне ўмоў жыцця». Падобная норма была ўключана ў новую рэдакцыю Канстытуцыі пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года (ч.2 арт.21). Беларуская дзяржава пацвердзіла сваё абавязацельства забяспечыць годны ўзровень жыцця грамадзян.

 

Што маем на самай справе? Пражытачны мінімум — на ўзроўні 1 мільёна рублёў, з 1 студзеня 2014 года штомесячны памер заработнай платы — 1 660 000 рублёў. І на работніка, і на яго сям’ю, уключаючы выдаткі на харчаванне, адзенне і жыллё. Як можа сям’я з двух ці трох чалавек пражыць месяц на суму ў 150 долараў?

 

Адукацыя — за грошы

У адпаведнасці з МПЭСКП, абавязацельства забяспечыць права кожнага на адукацыю ўскладаецца на дзяржаву. Пры гэтым адукацыя павінна быць скіравана на «поўнае развіццё асобы», «умацоўваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў» і павінна даць «магчымасць усім быць карыснымі ўдзельнікамі свабоднага грамадства».

 

Ну дзе вы бачылі ў нашай адукацыі ўмацаванне павагі да правоў чалавека і свабоднае грамадства? Хто будзе гэта ўмацоўваць — выкладчыкі ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці?

 

На сённяшні дзень Беларусь засталася адзінай у Еўропе краінай, якая не далучылася да Балонскага працэсу аб прызнанні еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі. Замест пашырэння бясплатнай вышэйшай адукацыі ў нас пераважае платнае навучанне, цэны на якое пастаянна растуць. У нашых ВНУ няма акадэмічных свабодаў, у тым ліку свабоды самакіравання: рэктары ВНУ прызначаюцца і вызваляюцца ад пасады ў адміністрацыйным парадку, ледзьве не асабіста прэзідэнтам.

 

Культура — вечны боль

У сферы культуры дзяржава павінна забяспечыць кожнаму права на ўдзел у культурным жыцці; на карыстанне вынікамі навуковага прагрэсу; а для поўнага ажыццяўлення культурных правоў дзяржава абавязана прымаць меры па ахове, развіццю і распаўсюджванню дасягненняў навукі і культуры.

 

У Беларусі на дзяржаўным узроўні выяўляецца непаважлівае стаўленне да беларускай гісторыі, культуры, мовы, гісторыка-культурнай, духоўнай спадчыны беларускага народа, іншых нацыянальных каштоўнасцяў. Пра гэта ўжо шмат казалася.

 

Такім чынам…

Аналіз сітуацыі ў сферы эканамічных, сацыяльных і культурных правоў дазваляе сцвярджаць, што для іх рэалізацыі беларускія ўлады не стварылі належных умоў. Акрамя таго, яны гэтыя правы парушаюць.

 

Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце novychas.info.

 

 

Каментаваць