Саюз палякаў Беларусі просіць Варшаву заступіцца за памяць жаўнераў АК

Арганізацыя папрасіла МЗС Польшчы «прыняць рашучыя меры» ў сувязі з ачарненнем партызанаў Арміі Краёвай у фільме «Сляды на вадзе» й падручніку гісторыі.
Photo: pl.wikipedia.org/Bastianow (Bastian)/CC BY-SA 2.5

Photo: pl.wikipedia.org/Bastianow (Bastian)/CC BY-SA 2.5


Непрызнаны беларускімі ўладамі Саюз палякаў Беларусі звярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Польшчы з просьбай адрэагаваць на інфармацыю, пададзеную ў беларускім падручніку гісторыі, якая ачарняе жаўнераў Арміі Краёвай, а таксама адрэагаваць на здымкі фільма, які прадстаўляе польскіх партызанаў часоў Другой сусветнай вайны ў скажоным выглядзе.

«Мы звяртаемся да вас у сувязі са скандальнай сітуацыяй, якая прыніжае гонар жаўнераў Арміі Краёвай», — напісалі лідары СПБ у лісце да міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. Сябры Саюзу палякаў Беларусі папрасілі шэфа польскай дыпляматыі «прыняць рашучыя меры». Пра зварот у міністэрства замежных справаў Польшчы паведаміў партал Саюзу палякаў Беларусі Znadniemna.pl.

Аўтары ліста — старшыня СПБ Мечыслаў Яскевіч, Анжаліка Борыс і старшыня Асацыяцыі жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі Вераніка Себасц'яновіч — выказалі сваё абурэнне падручнікам «Гісторыя Беларусі 1917-1945» аўтарства Яўгена Новіка, у якім сцьвярджаецца, што партызаны Арміі Краёвай займаліся не барацьбой з акупантамі, а тэрорам супраць мірнага насельніцтва. Акрамя таго СПБ просіць Міністэрства замежных справаў Польшчы адрэагаваць на здымкі фільму «Сляды на вадзе», прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі. У гэтым фільме героі польскага падполля на Гарадзеншчыне прадстаўленыя як злачынцы — пішуць аўтары звароту.

Паводле Польскага радыё

Каментаваць