Саюз чарговы што рыхтуе?

З новага года пачне дзейнічаць Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана. А з 1 ліпеня 2010 года, калі ўступіць у сілу адзіны Мытны кодэкс, усе формы кантролю будуць вынесены на знешнія межы Беларусі, Расіі і Казахстана.



З новага года пачне дзейнічаць Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана. А з 1 ліпеня 2010 года, калі ўступіць у сілу адзіны Мытны кодэкс, усе формы кантролю будуць вынесены на знешнія межы Беларусі, Расіі і Казахстана.

Усе працэдуры па афармленні адзінай мытнай прасторы з удзелам трох краін завершацца да ліпеня 2011 года. Агульную палітыку ў тарыфнай сферы пачне праводзіць камісія Мытнага саюза, рашэнні якой стануць абавязковымі для трох бакоў. Стаўкі мытных пошлін будуць змяняцца толькі па дамове трох бакоў, але голас Расіі будзе вырашальным: ёй у камісіі належаць 57 працэнтаў галасоў, у Беларусі і Казахстана — па 21,5 працэнта.

Трыма дзяржавамі ўжо ўзгод­нены адзіны мытны тарыф і зацверджаныя дырэктывы для адзінай перагаворнай групы па ўступленні Расіі, Беларусі і Казахстана ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) — з кастрычніка ўдзельнікі Мытнага саюза плануюць аднавіць перамовы з СГА. Пры гэтым краіны мусяць спыніць двухбаковыя перамовы з СГА, якія працягваюцца больш за дзесяць гадоў. Расія і Беларусь спрабуюць далучыцца да СГА ад 1995 года, а Казахстан — ад 1996-га.

Адкрытыя мытныя межы прынясуць Беларусі як прыбыткі, так і страты. З пазітыўных вынікаў: айчынныя прадпрыемствы змогуць рэалізоўваць больш прадукцыі, мытныя пошліны на шэраг тавараў могуць знізіцца, у выніку завозіць іх будзе танней, што добра і для пакупнікоў, бо знізяцца цэны. Аднак адсутнасць бар’ераў на мяжы можа справакаваць і шквал «шэрага» імпарту, а беларускім прадпрыемствам давядзецца засвойваць працу ў новых канкурэнтных умовах, якія не кожнае зможа вытрымаць.

Найбольш пытанняў пакуль узнікае па гарманізацыі мытных пошлін на ўвоз аўтамабіляў. У Расіі пошліны значна вышэй, калі беларускія паднімуцца да іх узроўню, гэта прывядзе да росту коштаў на ўнутраным аўтарынку і экспансіі іншамарак, сабраных у Расіі. Як заявіў кіраўнік Мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі, увядзенне пошлін на імпартныя легкавыя аўтамабілі ў Беларусі знаходзіцца «хутчэй у плоскасці палітыкі, чым эканомікі», аднак гэта не значыць, што «тарыфы абавязкова будуць падвышаныя, а не паніжаныя».

Пастаянны прадмет спрэчак паміж Расіяй і Беларуссю — вуглевадароды і іх вытворныя. Нядаўна Беларусь прапанавала Расіі не дзяліць пошліны на нафту ў Мытным саюзе. Дамова паміж Беларуссю і Расіяй аб мытных пошлінах на нафту і нафтапрадукты была падпісана ў 2007 годзе. Тэрмін яе дзеяння завяршаецца сёлета.

«Беларускі бок лічыць, што дзяліць пошліну на нафту — няправільна, таму што і раней Беларусь і Расія фактычна працавалі ва ўмовах Мытнага саюза. Зараз, калі гэты працэс узмацняецца, ствараецца Мытны саюз на траіх, навошта вырываць з гэтага пераліку адну нафту і спаганяць увазную мыту на яе, — лічыць першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка. — Больш разумна і рацыянальна дзяліць экспартную пошліну на нафтапрадукты». Эксперты лічаць, што адмена мытнай пошліны Беларусі выгодная, бо ў такім разе яна не будзе авансам аплачваць пастаўку расійскай нафты. Што тычыцца размеркавання экспартнай пошліны на нафтапрадукты, то пакуль прапанаваны варыянт падзелу паміж РФ і РБ у прапорцыі 85 і 15 працэнтаў адпаведна.

Што тычыцца шараговых прадпрыемстваў, то іх кіраўніцтва пакуль знаходзіцца ў непаразуменні. Да ўвядзення новых правілаў гандлю засталося не так многа часу, а неабходнай інфармацыі вобмаль. Як перадае інтэрнэт-рэсурс naviny.by, старшыня кіравання Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага (БСПН), экс-міністр эканомікі Георгій Цэбараў лічыць, што беларускім прадпрыемствам будзе складаней канкураваць з расійскімі з-за розных коштаў на газ для суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін. Невядома таксама, ці захаваюцца квоты на пастаўкі беларускіх тавараў у Расію, практыка выдачы індывідуальных прэферэнцый прадпрыемствам ды шэраг іншых пытанняў.

За восем месяцаў бягучага года аб’ём знешняга гандлю таварамі ў Беларусі ў склаў 30,7 мільярда долараў ЗША. У жніўні аб’ём знешняга гандлю ў параўнанні са студзенем гэтага года ўзрос на 35,5 працэнта.

Каментаваць