Сакрэтныя «чарнобыльскія» тэлеграмы ў Беларусі былі знішчаныя?

Чаму ў Нацыянальным архіве няма ніякіх звестак пра рашэнні, якія прымала кіраўніцтва краіны ў першыя дні аварыі на ЧАЭС?
Чарнобыльская АЭС. Фота TUT.BY

Чарнобыльская АЭС. Фота TUT.BY



Адказы на гэтыя пытанні падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі “Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 гадоў пасля катастрофы” паспрабаваў адшукаць кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі. Ён займаецца даследаваннем дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага архіва Беларусі.

Цяпер гадаюць, хто прымаў рашэнне (і ці прымалася яно ўвогуле) аб правядзенні першамайскай дэманстрацыі ў 1986 годзе. Першы сакратар ЦК КПБ у 1990–1991 гадах Анатоль Малафееў адказвае, што яно не прымалася. Аднак рашэнне аб святкаванні Першамая ўсё ж існавала.

— Канкрэтна пра тое, што будзе праводзіцца дэманстрацыя, ведалі Малафееў і чатыры загадчыкі аддзелаў ЦК. Малафееў паведамляе ў Маскву, што ніякіх рашэнняў на гэты конт не прымалася. Хлусіў Малафееў — нахабна, цынічна, беспардонна, ведаючы, што рашэнне прымалася, падпісваў, адпраўляў у ніжэйстаячыя арганізацыі, выконваў, — распавёў Анатоль Вялікі.

Ад беларускага кіраўніцтва Масква запатрабавала ўсе тэлеграмы, шыфр-тэлеграмы, запісы перамоваў па закрытай сувязі для вызначэння службовых асоб і іх дзеянняў у першыя дні чарнобыльскай катастрофы. Аднак у 1990 годзе Малафееў піша, што ніякіх тэлеграм і перамоваў з рэспубліканскімі органамі, не толькі з партыйнымі, але і з МЗС, КДБ, МУС, аблвыканкамамі і г.д. няма ў прыродзе.

Гісторык прадставіў цікавы аналіз пасяджэнняў сакратарыяту. Паводле рэгламенту, яшчэ з ленінскіх часоў бюро засядала па чацвяргах. Дык вось, у красавіку 1986 года бюро засядала 7, 22, 29 чысла (праз тры дні з моманту аварыі), а таксама 6 траўня. У ніводным пратаколе з гэтых пасяджэнняў тэма Чарнобылю не згадваецца. І толькі 11 чэрвеня бюро ЦК КПБ разглядае два пытанні (замест звычайных некалькіх дзясяткаў) аб першачарговых задачах, звязаных з чарнобыльскай аварыяй і аб перасяленні людзей з 30-кіламетровай чарнобыльскай зоны.

Паўстае пытанне: дзе пратаколы, чарнавыя запісы, матэрыялы, якія ішлі ў ЦК КПБ? У абавязковым парадку ЦК КПБ павінен быў слаць дакументы ў ЦК КПСС, але паколькі ў Нацыянальным архіве ніякіх дакументаў няма, можна меркаваць, што яны былі знішчаны, гаворыць Анатоль Вялікі.

Але частка папер мусіць знаходзіцца альбо ў цяперашнім Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі, альбо ў Расійскім дзяржаўным архіве навейшай гісторыі, альбо ў Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.

— Як туды падступіцца — я не ведаю. Але, прынамсі, гэты блок дакументаў даў бы вельмі шмат для характарыстыкі дзеянняў усіх службовых асоб рэспубліканскага, раённага і гарадскога ўзроўню, — мяркуе Анатоль Вялікі.

На яго думку, ускосна можна рэканструяваць рэакцыю ўладаў на тое, што адбывалася пасля аварыі. Былі мітусня і нескаардынаванасць паміж рознымі ведамствамі. Напрыклад, паводле пратаколу штаба грамадзянскай абароны, толькі 3 траўня разглядаецца пытанне пра эвакуацыю людзей і толькі 6 траўня яна пачынаецца. Колькі часу было ўпушчана!

— У нас крайне мала людзей працуюць з гэтымі фондамі. Наколькі я ведаю, у нас няма ніводнай кандыдацкай дысертацыі па Чарнобылю. Яна павінна быць, — падсумаваў Анатоль Вялікі.

Асобная тэма — скаргі людзей. У дзяржінстанцыі пісалі і асобныя грамадзяне, і працоўныя калектывы, і творчая інтэлігенцыя, і цэлыя гарады (гісторык згадвае 37 тысяч подпісаў жыхароў Лельчыц з канкрэтнымі патрабаваннямі). На такія звароты, як правіла, было два спосабы рэагавання: альбо звычайныя адпіскі, альбо ствараліся камісіі, якія прыязджалі на месцы і рабілі заключэнні, што ўсё ў парадку.

— Ёсць ліст у ЦК КПСС, які падпісаў рэктар і ўсе выкладчыкі Віцебскага ветэрынарнага інстытута: "Катэгарычна пратэстуем супраць накіравання маладых спецыялістаў у зону чарнобыльскай аварыі". Але спецыялістаў усё роўна пасылалі і яны заставаліся там працаваць.

У той жа час міжнароднае чарнобыльскае супрацоўніцтва для Беларусі было абмежаваным, і наша краіна, па сутнасці, засталася сам-насам з гэтай бядой. Значную ролю ў гэтым адыграла тое, што трагедыя адбылася ў Савецкім Саюзе, які не выносіў на ўсеагульнае абмеркаванне пытанні, якія лічыў сваёй унутранай справай. І толькі ў 1989 годзе пад ціскам грамадскасці афіцыйная ўлада ўпершыню звярнулася па падтрымку да міжнароднай супольнасці, адзначыла кандыдат гістарычных навук Кацярына Крывічаніна.  

— У кастрычніку 1989 года прагучала просьба да МАГАТЭ правесці сіламі міжнародных экспертаў ацэнку канцэпцыі, распрацаванай СССР, па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.

У 1991 годзе было абвешчана, што савецкае кіраўніцтва прадпрыняла адэкватныя меры і што небяспекі для здароўя чалавека няма. ЗША, як і Японія, увогуле скептычна ставіліся да неабходнасці аказання дапамогі СССР і вельмі стрымана ўспрымалі спробы вынесці абмеркаванне чарнобыльскага пытання на ўзровень Генасамблеі ААН.

У студзені 1991 года на 87 сесіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя абмяркоўвалі пункт Міжнароднай праграмы па памяншэнні ўздзеяння на здароўе чалавека наступстваў чарнобыльскай аварыі. На гэтае абмеркаванне прадстаўнікі Беларусі запрошаны не былі, паведаміла Кацярына Крывічаніна.

Па яе словах, з распадам Савецкага Саюза наша краіна не змагла супернічаць з больш уплывовымі Расіяй і Украінай, што таксама пацярпелі ад катастрофы.  


eurobelarus.info

Каментаваць