Самацэнзура — абярэг для выдаўца

Адсутнасць у дзяржаве дзейсных прававых механізмаў прымушае тых, хто займаецца выдавецкай дзейнасцю і кніжным распаўсюдам, заўсёды памятаць пра самацэнзуру. “Не лезь без патрэбы на ражон, — раяць дасведчаныя ў справе пашырэння ведаў і асветы людзі.



Тым не менш інстынкт самазахавання і асцярожнасць не заўсёды ратуюць: канфлікты вакол недзяржаўных СМІ, выдавецтваў ды кніжных распаўсюднікаў узнікаюць рэгулярна. Прадказаць рэакцыю дзяржаўных службоўцаў ды і самой дзяржаўнай машыны на слова бывае цяжка.

Свежая і пакуль незавершаная гісторыя з інтэлектуальным часопісам «Arche». Бяскрыўдная прэзентацыя выдання ў Гродне абярнулася канфіскацыямі, праверкамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, вымушанай эміграцыяй аднаго з ідэйных стваральнікаў выдання Валера Булгакава. Калектыў «Arche» цяпер робіць магчымыя захады, каб уратаваць выданне, у тым ліку пададзеныя дакументы на перарэгістрацыю ў Мінінфармацыі. Але ад прагнозаў як павернецца справа прадстаўнікі «Arche» адмаўляюцца.

Валер Булгакаў — вядомы беларускі інтэлектуал, аўтар шэрагу кніг, у тым ліку працы «Гісторыя беларускага нацыяналізму». Ён кандыдат філасофскіх навук, ад 1998 года з'яўляўся рэдактарам «Arche». Паколькі Булгакаў цяпер вымушаны знаходзіцца па-за межамі Беларусі, выконвае абавязкі галоўнага рэдактара часопіса гісторык Алесь Пашкевіч.

Алесь Пашкевіч

Размаўляем з Пашкевічам пра высакародную справу кнігавыдаўца, і падобна на тое, што цяпер ў краіне гэта справа не надта ўдзячная: “У нашай краіне кожны выдавец мусіць азірацца і памятаць, што яго праца аднойчы можа закрануць нечыя інтарэсы. Кожны выдавец гэта трымае на ўвазе, нават калі не гаворыць услых. Таму любы вам параіць у нашых умовах, калі прававой дзяржавы няма і скардзіцца не будзе каму, не лезці без патрэбы на ражон.

Чые інтарэсы гэтым разам закрануў «Arche»? Гісторык Захар Шыбека з нагоды пераследу выдання піша, што гэта ёсць адлюстраванне барацьбы двух праектаў — якой быць Беларусі. “Інтэлектуалы, згрупаваныя ў недзяржаўныя грамадскія структуры, прэзентуюць Беларусь еўрапейскую, у той час як кіраўнік дзяржавы і ўся яго світа бачаць Беларусь еўразійскай, — адзначае Захар Шыбека. — Еўрапейскую плынь улады ўсімі сіламі стрымліваюць. Яе не вынішчаюць, праўда, як пры Сталіне, аднак жорстка абмяжоўваюць пэўнымі рамкамі, каб выкарыстоўваць у палітычнай гульні з Захадам. Як толькі еўрапейская арыентацыя пачынае набіраць моц і небяспечна ўздзейнічаць на грамадства — пачынаюцца рэпрэсіі.

Дзяржаўная машына пільна адсочвае і змест, і папулярнасць альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Плюралізм думак дапускаецца толькі ў лакальным фармаце кухонных размоў. У адваротным выпадку аўтараў (незалежна ад іх уплывовасці) адпраўляюць на публічнае высмейванне.

«Літаратура, у якой чытачам прапаноўваўся альтэрнатыўны погляд на гісторыю акупацыі Беларусі ў гады вайны. ...У кожнай з гэтых кніг, заключылі эксперты, сумнеўная трактоўка гісторыі Беларусі ў гады фашысцкай акупацыі. ...Літаратура, якая кепска пахне, утрымлівае свастыку, а таксама карыкатуры, якія, па словах спецыялістаў, далёкія ад рэальнасці», — гэта вытрымкі з рэпартажу па беларускім тэлебачанні, акурат прысвечаныя «Arche» і сэнсаваму напаўненню часопіса.

Адзначым, што метады барацьбы з іншадумствам улады абіраюць такім чынам, каб не абазнанай ў тонкасцях справы аўдыторыі можна было ўсё прадставіць як справядлівую кару за ўчыненае злачынства. Палітычным апанентам “шыюць крымінал, выстаўляюць іх ледзьве не рэцыдывістамі, на праваабаронцах, журналістах, выдаўцах абкатваюцца эканамічныя артыкулы. Фінансавая тэма ўвогуле ўрадлівая як каго хочацца прадставіць ворагам грамадства.

Так, летась распаўсюднік кніг Алесь Яўдаха быў асуджаны на год «хатняй хіміі» і 57 млн рублёў штрафу. Алеся, які займаўся перасылкай беларускамоўнай літаратуры, абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Цяпер Алесь Яўдаха працуе таваразнаўцам у недзяржаўнай кнігарні “Логвінаў. Паводле яго слоў, каб падступіцца да выдавецкай справы ў Беларусі і непасрэдна ёй займацца, трэба не мець ілюзій наконт хуткіх грошай ды памятаць, што “закон што дышла.

Алесь Яўдаха нагадвае, адміністрацыйная працэдура дазваляе лёгка адсеяць ахвочых да кнігавыдання яшчэ на стадыі атрымання дазволу: трэба здаць адпаведныя экзамены ў Мінінфармацыі, мець стаж працы ў выдавецкай дзейнасці.

Алесь Яўдаха. Фота euroradio.fm

Наступны крок — наяўнасць грошай. Трэба ці мець свае грошы, ці нейкія знешнія крыніцы фінансавання, напрыклад, інвестараў, мецэнатаў. У нас не надта працуюць рынкавыя механізмы, ёсць вялікі перакос паміж затратамі на выданне літаратуры і гатоўнасцю пакупнікоў аддаць пэўную суму на кнігі. Дык вось з камерцыйнага боку гэтая справа ледзьве не мёртвая, — распавядае Алесь. — Афіцыйныя выдавецтвы часам пішуць на кнізе, што выдадзеная пры падтрымцы дзяржавы, натуральна, цана такога выдання будзе ў разы меншай за рынкавую. Але праблема ў тым, што дзяржава датуе прахадныя кнігі, а сапраўды вартая літаратура выходзіць па рэальным рынкавым кошце, які непад’ёмны для людзей.

Беларускамоўная літаратура выходзіць звычайна невялікімі накладамі, добрыя выданні хутка раскупляюць, а буйныя сталічныя кнігарні неахвотна супрацоўнічаюць з малымі выдавецтвамі: “У іх ёсць свая палітыка наконт падбору асартыменту. І кожны разумее, што цяпер часопіс АРХЭ і кнігі якія выдаваліся творчым калектывам выдання ў цяперашніх умовах ніколі не патрапяць на паліцы цэнтральных кнігарняў. А ўвогуле, у працы любога выдаўца, распаўсюдніка кніг прысутнічае момант самацэнзуры. Дзяржава мае мноства сродкаў, каб прымусіць працаваць паводле яе правілаў.

Матэрыял створаны ў супрацоўніцтве з арганізацыяй Index on Censorship (Індэкс цэнзуры),

http://www.indexoncensorship.org/

Каментаваць