Санкцыі: крытычная маса

Насуперак меркаванням экспертаў, быццам еўрапейскія санкцыі не ўплываюць на беларускае кіраўніцтва, падзеі апошніх дзён паказалі, што гэта не так.

Захады ўладаў па фактычнай высылцы з краіны паслоў Еўрасаюза і Польшчы, а таксама меры ў адказ з боку ЕС сведчаць пра тое, што санкцыі ёсць вельмі балючай для беларускага рэжыму тэмай.

Насуперак меркаванням экспертаў, быццам еўрапейскія санкцыі не ўплываюць на беларускае кіраўніцтва, падзеі апошніх дзён паказалі, што гэта не так.

Захады ўладаў па фактычнай высылцы з краіны паслоў Еўрасаюза і Польшчы, а таксама меры ў адказ з боку ЕС сведчаць пра тое, што санкцыі ёсць вельмі балючай для беларускага рэжыму тэмай.

Але пра ўсё па чарзе. 27 лютага ў Брусэлі адбылося чарговае пасяджэнне Савета Еўрапейскага саюза, у які ўваходзяць міністры замежных спраў усіх 27 краін-удзельніц ЕС. Яшчэ за некалькі дзён да саміта хадзілі размовы, што на ім будзе разгледжаны пакет санкцый у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх службовых асобаў, якіх абвінавачваюць у парушэннях правоў чалавека, а таксама некаторых прадпрыемстваў, набліжаных да кіраўніцтва Беларусі. Аднак за пару дзён да пасяджэння высветлілася, што ў парадку дня “беларускага пытання няма. Хоць некаторыя асобы ў Брусэлі казалі, што міністры ўсё ж закрануць і тэму Беларусі.

Закранулі. Пашырылі на дваццаць адну асобу спіс тых, каму забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза. У новы спіс трапілі начальнік мінскай міліцыі і дваццаць суддзяў, але не трапіў вядомы тутэйшы бізнэсмэн Юры Чыж — адзін з самых заможных і ўплывовых людзей у Беларусі. Супраць унясення прозвішча Чыжа ў спіс выступіла Славенія, якая, паводле экспертаў, мае супольныя камерцыйныя інтарэсы з яго кампаніяй “Трайпл.

Нават пасля такіх кволых крокаў з боку Еўропы зноў нагадалі пра сябе адвакаты беларускага кіраўніцтва з усходняй суседкі. “Расія шкадуе з нагоды пашырэння Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, — заявіў у той жа дзень у расійскай сталіцы кіраўнік камітэта Дзяржаўнай думы па справах СНД, намеснік кіраўніка дэлегацыі Расіі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Леанід Слуцкі. “Расія не стамляецца паўтараць: гэта дэструктыўны падыход, — дадаў высокапастаўлены маскоўскі чыноўнік. Па словах Слуцкага, рэжым санкцыяў толькі ўзмацняе ізаляцыю Беларусі, што не спрыяе прасоўванню дэмакратычных каштоўнасцей. “Такім чынам, Беларусь, якая з’яўляецца для Расіі братэрскай дзяржавай, застаецца краінай-ізгоем на еўрапейскім кантыненце, а гэта дзіка ў рэаліях ХХІ стагоддзя, — падкрэсліў Слуцкі.

Ну, калі расійскі чыноўнік кажа пра прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцей, то гэта ў сённяшніх варунках апроч смеху нічога не выклікае. Таксама выклікаюць смех і словы пра дзікунства ізаляцыі Беларусі на еўрапейскім кантыненце. Можна не сумнявацца, што гэткая ізаляцыя на руку менавіта той жа Расіі, бо калі афіцыйны Мінск фактычна пасварыўся з Еўропай, дык гэта толькі набліжае яго да Масквы, штурхае яго ў сталёвыя расійскія абдымкі і робіць яго ўсё больш і больш залежным ад Крамля. І ў эканамічным, і ў палітычным плане. Так што заявы Леаніда Слуцкага — слоўная мішура, і не больш за тое.

Трэба ўзгадаць і нядаўнюю сумесную заяву кіраўнікоў Беларусі і Расіі адносна санкцый з боку Захаду: “Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі пацвярджаюць недапушчальнасць выкарыстання захадаў эканамічнага ціску або прымусу ў міждзяржаўных стасунках, — адзначылі Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што асабіста Маскве гэтая заява двух кіраўнікоў нічога не каштуе, бо “Мядзведзеў зараз ёсць класічнай “кульгавай качкай на падтанцоўцы ў Пуціна. “Ён пакуль яшчэ фармальна з’яўляецца вышэйшай службовай асобай краіны, але нічога не вырашае. І Пуцін, калі праз некаторы час вернецца ў Крэмль, можа сказаць, што ён увогуле нічога не абяцаў, маўляў, гэта ўсё Мядзведзеў, — мяркуе эксперт.

Разам з тым, адзначае Аляксандр Класкоўскі, апеляцыі Мінска да Масквы сведчаць пра тое, што заходнія санкцыі ствараюць пэўны дыскамфорт і спараджаюць фобіі. Эканамічнае становішча беларускага рэжыму надзвычай няўстойлівае, таму ён вельмі залежыць ад Масквы, кажа аналітык. “У той жа час, за кошт таннай расійскай нафты рэзка падскочыў экспарт у краіны ЕС. Як ні парадаксальна, але, знаходзячыся ў стане “халоднай вайны з Еўрасаюзам, афіцыйны Мінск цалкам залежыць ад гешэфтаў з ЕС. Еўропа не хоча пачынаць эканамічную вайну, бо гэта б’е па яе ж інтарэсах. Але логіка развіцця сюжэта “халоднай вайны ўсё ж прымушае Еўропу, няхай і сімвалічна, але ўзмацняць санкцыі, — падкрэсліў Класкоўскі.

І такое ўзмацненне можа адбыцца ўжо ў сакавіку, калі Савет ЕС мяркуе разгледзець поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнэсмэнаў, да якіх могуць быць ужыты санкцыі. Пра гэта 27 лютага ў Брусэлі заявіла вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Яна нагадала, што раней Савет ЕС прыняў пастанову, якая пашырае магчымасці прымянення санкцыяў у дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, што спрычыніліся да парушэнняў асноўных правоў і свабодаў. “Мы прынялі крытэрыі для санкцыяў, каб закрануць тых, хто вінаваты ў працягу парушэнняў правоў чалавека, а таксама тых, хто падтрымлівае альбо з’яўляецца бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі, — падкрэсліла Кэтрын Эштан.

“У беларускага кіраўніцтва ёсць трывога, што ў адзін цудоўны дзень санкцыі дасягнуць нейкай крытычнай масы, і пачнуцца цяпер ужо заўважныя негатыўныя працэсы: урон беларускай эканоміцы і падзенне дабрабыту рэжыму могуць стаць ужо адчувальнымі і крытычнымі. Гэта і напружвае беларускае кіраўніцтва, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

Пасля дыпламатычнага скандалу з высылкай і адкліканнем паслоў вельмі верагодна, што 23 сакавіка Савет Еўрасаюза не толькі пашырыць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў у краіны ЕС, але ўпершыню можа ўвесці і адчувальныя для ўладаў эканамічныя санкцыі. Гэта ўжо далі зразумець міністры замежных спраў Германіі, Францыі, Польшчы, Швецыі ды іншых еўрапейскіх дзяржаваў.
 

Каментаваць