І санкцыі не патрэбныя

Сёння значная колькасць беларусаў прачынаецца ранкам з адной думкай: дзе ўзяць грошы. Прыкладам, для таго, каб аддаць добраму сябру доларавую пазыку, зробленую пару месяцаў таму.



Сёння значная колькасць беларусаў прачынаецца ранкам з адной думкай: дзе ўзяць грошы. Прыкладам, для таго, каб аддаць добраму сябру доларавую пазыку, зробленую пару месяцаў таму.

Ёсць у Беларусі некалькі эканамістаў, якія даўно папярэджвалі, што ўвесь наш эканамічны цуд менавіта так і закончыцца. Але ж з іх ледзь не рагаталі. Маўляў, неяк усё круціцца, хоць і не павінна, калі вас паслухаць. Выступалі прафесары і акадэмікі, акадэмічныя інстытуты. І кожны такі выступ абвяргаў усе вядомыя фізічныя і эканамічныя законы. Прыкладам, закон захавання энергіі і рэчыва лічыўся неабавязковым. Ім задавалася, што як скажа прэзідэнт ці напіша Рубінаў, так яно і будзе.

Неяк зазірнуў у Мінск Пуцін і ўзяў з сабой міністра фінансаў Кудрына. І пакуль прэм’ер галіў бараду перад сустрэчай з Лукашэнкам, небарака-фінансіст распавёў журналістам пра жудасны, на яго думку, стан беларускай эканомікі і пра тое, што больш даваць грошы Мінску не мае сэнсу. Не аддасць.

Зразумела, большую крыўду цяжка было прыдумаць. І Лукашэнка, пачакаўшы ад’езду заклятых сяброў, накінуўся на міністра з брыдкай лаянкай. Маўляў, чаму яны такую агідную істоту трымаюць «на гаспадарцы». І вось дзвюх гадоў не прайшло, тая ж парачка — Пуцін і Кудрын — зноў наведала Беларусь з ужо нашмат горшымі дыспазіцыямі. Патрабуюць, каб крэдыты былі аплочаны маёмасцю лепшых беларускіх прадпрыемстваў.

А між тым эканоміка Беларусі настойліва працягвае квітнець. Вытворчасць ВУП у параўнанні з чатырма месяцамі 2010 года вырасла на 12,3% (па прагнозу павінна была падвысіцца на 9–10%), прамысловая вытворчасць павялічылася на 12,9%, удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме экспарту склаў 12,3%, памер інвестыцый у асноўны капітал падвысіўся на 23,4%. Прадукцыйнасць працы падвысілася на 10,6% пры прагнозе 9,3–9,4%.

Памер экспарту тавараў і паслуг павялічыўся на 41,9%, хоць па прагнозе рост павінен быў скласці 16–16,4%.

Ды нікому яшчэ не ўдавалася ад сябе самога ўцячы. Звернем увагу на дакладнасць лічбаў сацыяльна-эканамічнага прагнозу. Яны вызначаліся міністэрствамі і ведамствамі, удакладняліся ў Міністэрстве эканомікі, іх агучыў прэзідэнт на Усебеларускім сходзе, а пасля і зацвердзіў адпаведным указам. Карацей, гэты прагноз з’яўляецца абавязковым для выканання.

І на табе. Куды не зірні — паўсюль стаханаўцы. Памер экспарту падвысіўся ледзь не ў 1,5 разы. Толькі спраўляйся лічыць валютную выручку. Сталі лічыць — і аказалася, што дэфіцыт знешняга гандлю склаў 17,6% ад памеру створанага ВУП. Па прагнозе адмоўнае сальда павінна было скласці 8,9–9% (такая дакладнасць!), а на самай справе атрымалася ўдвая большае. Праз такую сітуацыю кажуць: пайшоў па воўну, вярнуўся стрыжаным. Выходзіць, чым лепей Беларусь працуе і чым больш прадае на знешніх рынках тавараў і паслуг, тым большым становіцца памер адмоўнага знешнегандлёвага сальда.

Інакш кажучы, краіна не мае самадастатковай і здольнай да самаразвіцця эканомікі. Яна з’яўляецца натуральным банкрутам, які трывае толькі коштам знешніх пазык. Таму не трэба было ніякіх эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі. Дастаткова было крышку зацягнуць тэрміны прадстаўлення чарговага крэдыту, каб усё гэта ўяўнае хараство ляснула.

А калі так, то, на вялікі жаль, трэба адзначыць, што беларуская эканоміка не можа зацікавіць патэнцыйнага інвестара з той нагоды, што не мае цаны.

Хоць і кажуць, што па свеце гуляе вялікая колькасць свабодных грошай, але яны амаль што не трапляюць у Беларусь. Не таму, што мясцовыя ўлады стаяць на пазіцыях «чэснай» прыватызацыі. А таму, што пазіцыя Беларусі як краіны з нявызначаным палітычным лёсам іх мала цікавіць. Значна лепей мець справу з Польшчай, Літвой, Украінай ці той жа Расіяй. Прыкладам, ва Украіне каго ні запытайся пра будучыню, амаль кожны адкажа, што Украіна ёсць і будзе вечна незалежнай. І ўжо адно гэта гарантуе стабільнасць любому бізнэсу.

А ў нас усё абы-як. Аднаму нельга верыць, другі не верыць сам, трэці не ведае, а чацвёрты б’ецца з ветракамі. Бо трэба ж з кімсьці біцца.

Падкрэслім, беларуская эканоміка кіруецца з цэнтру па так званаму прагнозу, які замяніў савецкі план. І кіруецца з такім жа поспехам. Прыкладам, ва ўрадзе вызначылі, што ў краіну трэба прыцягнуць 6,4–6,5 мільярда долараў прамых замежных інвестыцый (трэба і ўсё!), а капіталісты грошай несці не хочуць. І таму ўдалося «наскрэбці» ўсяго 600 мільёнаў.

Дробязь нават для нашай гаротнай невялікай краіны.

Каментаваць