Сапсавалі свята

 
Падаецца, пад канец 2013 года ўлады вырашылі прыняць усе непапулярныя рашэнні, каб ўвайсці ў год сіняга драўлянага каня чысценькімі. Але, насамрэч, як год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Калі перад Новым годам нарабіць непрыемнасцяў, то яны застануцца з табою і ў наступным годзе.



Аляксандр Лукашэнка ўсё ж падпісаў указ №563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін». Гэты ўказ прадугледжвае фармаванне фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання (арэнднае жыллё) шляхам пераходу дзяржаўнага жылля ў арэнднае.

То бок, у арэнднае жыллё будуць перанесеныя ўсе дзяржаўныя і сацыяльныя — то бок непрыватызаваныя — кватэры.

У дзяржаўным фондзе застаюцца жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, спецыяльныя жылыя памяшканнi, жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання і жылыя памяшканні ў інтэрнатах. Жылыя памяшканнi дзяржаўнага фонду, якія не прыватызаваныя грамадзянамі, будуць пераведзеныя ў камерцыйнае жыллё пасля 1 ліпеня 2016 года. Да гэтай даты грамадзяне змогуць скарыстацца правам на прыватызацыю. Пасля яе прыватызацыя спыняецца.

Вось табе і сацыяльная дзяржава! Немаведама, колькі ты жыў у сваёй кватэры, але калі ты яе не прыватызаваў — можаш з ёю развітацца назаўсёды.

Тое ж самае з падаткам на допуск аўтамабіляў да руху. Падаецца, год пяць таму адмянілі падатак у так званы «дарожны фонд», у які ўносілі грошы аўтааматары на рамонт тых самых дарог. Але аўтамабілісты плаціць не перасталі — гэты падатак быў перанесены на паліва: той самы акцыз на бензін. Зроблена гэта было дзеля справядлівасці — каб тыя, хто ездзіць больш, больш аддавалі б грошай на акцыз, а значыць, і на рамонт дарогаў.

Зараз падатак на аўто вярнуўся, а акцызы на паліва нікуды не падзеліся. Такім чынам, мы двойчы плацім за адно і тое ж. Але нікога ва ўладзе гэта не засмуціла. Аўтамабілісты ў інтэрнэце сабралі больш за 70 тысяч подпісаў пад петыцыяй супраць новага збору. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік адказаў — петыцыі ў інтэрнэце не маюць юрыдычнай сілы, таму беларусы могуць падпісваць што заўгодна і колькі заўгодна.

Паводле яго слоў, подпісы ў інтэрнэце маюць выключна «пазнавальны характар» і не паўплываюць на ўвядзенне закона, нават калі іх будзе мільён. «Інтэрнэт-прастора свабодная, людзі могуць збіраць подпісы пад любым заклікам, няхай гэта будзе нават пратэст супраць прыгнёту руж зімой пад цэлафанам. Гэтыя пратэсты выкрываюць меркаванне грамадзян, за якім сочыць урад, аднак расцэньваюцца яны выключна як апытанне грамадскай думкі або сацыялагічнае даследаванне, не больш. Юрыдычнай сілы подпісы не нясуць, падстаў для рэферэндуму або працэдуры адмены закона не маюць», — паведаміў Лазавік.

Паводле яго словаў, грамадзяне маглі б выканаць працэдуры, прадугледжаныя выбарчым кодэксам, стварыць групу для правядзенне рэферэндуму і… нічога б не дамагліся! Улада надзейна перастрахавалася ад незадавальнення грамадзян. Згодна з новымі праўкамі ў Выбарчы кодэкс, пытанні, якія закранаюць бюджэтную палітыку дзяржавы, на рэферэндум выносіць нельга!

Але калі нават дамагчыся немагчымага і вынесці гэтае пытанне на рэферэндум, то назіраць за хадой галасавання не будзе каму. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ад 17 снежня гэтага года любым назіральнікам давядзецца прайсці акрэдытацыю. Раней гэтае патрабаванне тычылася толькі замежных і міжнародных назіральнікаў. Цяпер акрэдытацыю будуць праходзіць і беларускія таксама.

«Норма аб абавязковай акрэдытацыі ўтрымліваецца ў адпаведнай пастанове, прынятай на пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі ў Мінску 17 снежня. Інстытут акрэдытацыі назіральнікаў уводзіцца ў нас упершыню. Раней ім было дастаткова зарэгістравацца ў выбарчай камісіі», — паведаміла Ярмошына.

Па словах Ярмошынай, новаўвядзенне «вырашае цэлы шэраг пытанняў». Калі раней назіральніка, які «парушаў парадак», маглі толькі вывесці з участку, і тэарэтычна ён мог на яго вярнуцца, то зараз яго можна будзе пазбавіць акрэдытацыі назаўжды.

Пакуль што застаецца невядомым працэс акрэдытацыі назіральнікаў. Хто будзе гэтым займацца? Няўжо ЦВК? Невядомыя і крытэры прадастаўлення акрэдытацыі — усіх нязгодных можна выкрасліць на гэтым этапе без тлумачэння прычынаў. Невядома, якія правы дае акрэдытацыя, і невядома, ці могуць існаваць «неакрэдытаваныя» назіральнікі. Раней можна было прынесці дакументы для назірання на ўчастак у дзень выбараў, і сядзець сабе на ўчастку, а зараз за колькі дзён трэба прыносіць дакументы?

Карацей, назіраць за выбарчым працэсам здолеюць хіба што слепаглуханямыя сябры БРСМ. Астатнім пастановай ЦВК проста не дадуць акрэдытацыі.

А пакуль беларусы выключаныя з працэсаў бюджэтнай палітыкі, гэтая палітыка становіцца ўсё горшай. Выканаўчага савет дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду паводле вынікаў пятага постпраграмнага маніторынгу прагназуе захаванне марудных тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі і цяжкую сітуацыю з плацежным балансам.

«Рызыкі істотна змешчаныя ў бок пагаршэння сітуацыі. У прыватнасці, далейшае пагаршэнне сальда рахунку бягучых аперацый ці фінансавага рахунку можа павялічыць ціск на рэзервы і беларускі рубель», — адзначаюць эксперты фонду.

То бок, стагнацыя нашага экспарту не прыносіць валюту ў краіну. У выніку мы выцягваем грошы «з заначкі» — золатавалютных рэзерваў, а заначка таксама не бясконцая. І гэта можа выклікаць падзенне курсу рубля — то бок, дэвальвацыю.

Эксперты МВФ у чарговы раз параілі ўзмацніць грашова-крэдытную палітыку, але зазначылі, што неабходная значна больш маштабная праграма рэформ, уключаючы комплексную лібералізацыю цэн, дэталёвую стратэгію і значныя захады па скарачэнні ролі дзяржавы ў эканоміцы і ўмацаванні мер сацыяльнай абароны.

Як з лібералізацыяй стасуюцца новыя падаткі, адыманне кватэраў і поўная немагчымасць грамадзян паўплываць на сітуацыю — гэта пытанне вялікае ёсць.

Каментаваць