Савецкія крыўды, еўрапейскія спадзяванні

«Латышы, як і беларусы, — цярплівая нацыя. Вам гэта перашкаджае зрабіць крок да развіцця, а нам дапамагло перажыць крызіс», — гаворыць латышскі гісторык Імантс Брэйдакс, разважаючы пра нацыянальныя адметнасці характару сваіх суайчыннікаў.
 



Імантс Брэйдакс


Іншыя суразмоўцы адзначаюць, што жыхары Латвіі моцна прывязаныя да савецкага мінулага і крыўдаў, датычных таго часу, што перашкаджае краіне рухацца наперад. Тым не менш выказваецца надзея, што праз 20 гадоў Латвія адступіць ад падзелу «рускі-латыш», які цяпер закранае многія сферы жыцця. Ды стане падобнай да паспяховай Эстоніі, якая не замарочвалася на гэтым пытанні, а знайшла сабе «куміра» і паспяхова рухаецца ў бок топавых Nordic countries.


Латышска-руская тэма за час візіту ў Латвію гучала ад пачатку і даволі часта. Аж да выразаў, што тут «латыш — не нацыянальнасць, а прафесія», маўляў, толькі гэта гарантуе табе і прывілеі, і шанцы на дабрабыт.


         Яніс Кузінс

— Фактычна ад 1991 года ў кіраўніцтве Латвіі былі правыя. Склалася так, што правыя — гэта традыцыйна латышы, а левых поглядаў трымаюцца выхадцы з постсавецкіх краін. Латвія многа ў чым жыве мінулым — затаіла крыўду яшчэ з часоў СССР і вакол гэтага круціцца. І людзі цяпер не жывуць будучым, а жывуць мінулым. Адпаведна, партыі, якія граюць на гэтых пачуццях, знаходзяць свой водгук, — разважае пра адметнасці падзелу грамадства Яніс Кузінс, адзін з кіраўнікоў «Аб’яднання супраць нацызму ў Латвіі», па сумяшчальніцтве прафсаюзны лідар і былы дэпутат юрмальскай думы. Кузінс бачыць незбалансаванасць у знешняй палітыцы дзяржавы акурат з-за старых крыўдаў і жадання зрабіць нешта ў піку «вялікаму суседу».


«Мы вяртаемся да рэваншызму — далей ад Расіі і бліжэй да Захаду. Я думаю, што нам трэба актыўна супрацоўнічаць з Расіяй і больш адстойваць сябе ў ЕС. У гэтым можна браць прыклад з Польшчы, якая добра змагаецца за свае інтарэсы. Нашаму кіраўніцтву цяпер галоўнае — увайсці ў еўразону. Але, мяркую, па пытанню ўвядзення еўра варта было б правесці рэферэндум, добра падумаць перад такім крокам, бо гэта традыцыйна прыводзіць да росту цэн. А Латвія цяпер па ўзроўню жыцця недзе побач з Румыніяй», — гаворыць малады палітык. Яніс Кузінс крытыкуе найперш не сам факт уступлення ў ЕС, а недальнабачнасць кіраўніцтва дзяржавы, з-за чаго цяпер трэба думаць пра тое, як вырашаць новыя праблемы.


Адна з іх, характэрная для многіх краін другога эшалону ў ЕС, — міграцыя моладзі. «Нешта рабіць у гэтым кірунку для ўтрымання эканамічна актыўнага насельніцтва ўжо позна, — перакананы Кузінс. — Гэтыя людзі там аселі, завялі сем’і і наўрад будуць масава вяртацца. А краіне не хапае працоўнай сілы, каб забяспечваць працу вытворчасцяў. Нам застаецца хіба што адкрываць межы для эмігрантаў. Я не ведаю прыхільнікаў ідэі пускаць сюды пакістанцаў, але, каб краіна развівалася, патрэбныя людзі, якія будуць працаваць, напаўняць бюджэт».


Андрыс Спрудс, прафесар Рыжскага ўніверсітэта імя Страдыня, кіраўнік Латвійскага інстытута міжнароднай палітыкі падкрэслівае, што міграцыйныя працэсы цяпер характэрныя для ўсяго свету, які стаў глабальным і адкрытым. Аднак сяброўства ў важкай геапалітычнай структуры дае маленькай Латвіі і свае бонусы. «Людзі едуць з Латвіі не таму, што мы ў ЕС. Пытанне ў дабрабыце і свабодзе: калі тут беспрацоўе, але ёсць магчымасць паехаць у іншую краіну і там атрымаць і працу, і большы заробак, то чаму не? Многія з гэтых людзей вяртаюцца. Статыстыка паказвае, што пасля ўступлення ў ЕС з Латвіі з’ехалі блізу 250 тысяч чалавек, гэта прыкладна 10 працэнтаў ад колькасці ўсяго насельніцтва. Вярнуліся прыкладна 50–60 тысяч чалавек, у іншых еўрапейскіх краінах таксама ёсць падобныя праблемы, — адзначае Андрыс Спрудс. — Адкрыты рынак — гэта важная і пазітыўная рэч, на 70–80 працэнтаў знешні гандаль завязаны на ЕС. Мы атрымліваем субсідыі на дарогі і іншыя сацыяльныя праекты. Так, ёсць выклікі, напрыклад, больш складана стала выкарыстоўваць інструменты пратэкцыянізму. Але ў цэлым мы больш атрымалі, чым страцілі ад сяброўства ў Еўрасаюзе. І галоўнае — у нас ёсць выбар, хоча чалавек з’ехаць — свет адкрыты, хоча гандляваць з іншай краінай — межаў няма».


— Мы сталі больш заходнімі, пачалі жыць, як у Еўропе, але народ гэтага асабліва не адчуў, бо пенсіі і заробкі нізкія. Пенсія ў Латвіі складае блізу 300 долараў, але аплата камунальных можа забіраць амаль усю пенсію. Сярэдні заробак прыкладна 600–800 долараў, там нам цяпер не хапае добрага кіраўніцтва, якое б думала пра свой народ, — падкрэслівае Яніс Кузінс.


Да слова, Латвійская канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў, якую ўзначальвае Кузінс, пачала збор подпісаў за роспуск парламента. Аргумент: абраннікі народа не апраўдалі чаканняў.

Супольная спадчына СССР


Гісторык Імантс Брэйдакс робіць невялікі экскурс у мінулае Латвіі, тлумачыць, чаму такая моцная зачэпка за СССР і крыўды, звязаныя з той эпохаю: «Латышы мелі сваю дзяржаву, савецкая ўлада прыйшла сюды, калі мы развіваліся, і гэта спыніла. Таму ўвесь гэты час нацыянальна арыентаваныя сілы мелі крыўду, адчуванне абарванага палёту. І вось хіба што цягам апошніх гадоў з’явілася ўпэўненасць, што мы можам нагнаць страчаныя гады магчымасцяў».


Абмяркоўваючы адметнасці нацыянальнага характару латышоў, Імантс смяецца, калі распавядае, што і ў іх ёсць прымаўка пра шчасце латыша, калі «карова ў суседа здохла».


— З часоў СССР у нас засталося негатыўнае стаўленне да дзяржавы. Цяпер нашы жыхары вельмі скептычна глядзяць на кіраўніцтва Латвіі. Тым больш, што ў нас няма абавязковага пазітыўнага прамывання мазгоў, як тое ёсць у Беларусі. І вось людзям можа б і хацелася пачуць пазітыўную прапаганду, да якой яны прывыклі, але няма. І падаецца, што ўсё вакол кепска. Яшчэ мы за савецкі час навучыліся быць цярплівымі. Як і беларусы, — усміхаецца гісторык. — Толькі вам гэта перашкаджае ў руху наперад, а нам, можна сказаць, дапамагло перажыць эканамічны крызіс. У Францыі ці Грэцыі людзі думаюць, што ўрад ім вінен і мусіць іх баяцца, таму адразу ідуць змагацца на вуліцы. А латышы, як і беларусы, у негатыўных сітуацыях трываюць і чакаюць.

Узор латышскай мары


Цярплівыя латышы маюць аб’ект для зайздрасці, свой узор маленькага Эдэму. Гэта — Эстонія. Нават жарт ёсць наконт таго, каб «пазычыць эстонскага кіраўніка латышам».


— Эстонія абрала сабе куміра, на якога раўняецца, — скандынаўскія краіны. Ёсць забаўны прыклад з працы эстонскага парламента: была дыскусія па пытанню сэксуальных меншасцяў, і дэпутаты не хацелі прымаць пазітыўнае рашэнне, трымаліся кансерватыўнай пазіцыі. Довады, што гэта правы чалавека, што ЕС не зразумее, плёну не мелі. Калі ж сказалі, што не ўхваліць Фінляндыя, то парламентарыі хутка прыйшлі да кансенсусу. Гэта працуе, дапамагае краіне развівацца ў зададзеным кірунку. У нас няма падобнага арыенціру. Мы — неаднародная нацыя, таму ўзяць нейкі прыклад нам складана. У 1990-я гады ў нечым за прыклад мы ўзялі Амерыку. Але гэта было не вельмі слушна, бо амерыканская мадэль суперсвабоднай эканомікі не пасуе для еўрапейскай краіны, тым больш з постсавецкага лагеру. Нам усё ж патрэбная дзяржава ў ролі начнога стоража, — разважае гісторык Імантс Брэйдакс.


Андрыс Спрудс таксама ўзгадвае як прыклад Эстонію. «Латвія мусіць быць арыентаваная на сферу паслуг, балтыйскія краіны ніколі не будуць прамыслова арыентаванымі, бо яны невялікія, не маюць патрэбнага сыравіннага рэсурсу. Пасля эканамічнага крызісу нашы вытворцы зразумелі, што трэба спецыялізавацца, а не рабіць нешта распаўсюджанае. Эстонія, напрыклад, заўсёды падкрэслівае, што іх вынаходніцтва skype стала папулярным сервісам ва ўсім свеце. Эстонія, дарэчы, за час паспяховых гадоў змагла стварыць сабе запас, каб перажыць крызіс, чаго не зрабілі мы. Канешне, мы вельмі залежныя ад таго, што адбываецца ў Еўрасаюзе, але і без сяброўства гэта ўплывала б на нас», — падкрэслівае кіраўнік Латвійскага інстытута міжнароднай палітыкі.

Варта адзначыць, што сярод маіх візаві еўрааптымістамі былі ў асноўным маладыя, адукаваныя людзі. Старэйшае пакаленне ці з жалем узгадвала савецкую веліч, ці пакорліва распавядала пра праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца пасля набыцця незалежнасці. І ЕС тут сапраўды не пры чым. Пра гэтыя прэтэнзіі да ўладаў Латвіі распавядзём у наступных артыкулах. Цяпер жа слова дадзім тым, хто бачыць у сяброўстве ў Еўрасаюзе перавагі.


Андрыс Спрудс, прафесар Рыжскага ўніверсітэта Страдыня, кіраўнік Латвійскага інстытута міжнароднай палітыкі:


— Для мяне пытанне мэтазгоднасці сяброўства ў ЕС не стаіць увогуле. Я мяркую, той факт, што мы ўступілі ў Еўрасаюз, — адзін з найлепшых у гісторыі Латвіі за апошнія 20 гадоў. Канешне, нам давялося ў некаторай ступені дэлегаваць свой суверэнітэт, і таму цяпер па шэрагу пытанняў мы мусім кансультавацца з Брусэлем, наша эканоміка завязаная на Еўрасаюз. Часта як негатыўны вынік уступлення ў ЕС згадваецца цукровая прамысловасць, якую Латвія закрыла. Але была магчымасць гэтыя фабрыкі ці рэфармаваць, ці атрымаць кампенсацыю і зачыніць. Кіраўніцтва вырашыла іх зачыніць, і гэта рашэнне не ЕС, а ўладальнікаў. Кожная краіна ў Еўрасаюзе мае сваю армію, культуру, сістэму адукацыі, палітычную сістэму. Гэта засталося суверэнным. І ўзровень развіцця гэтых сфер залежыць ад таго, які кірунак абірае кіраўніцтва дзяржавы.


Цяпер наш свет арганізаваны так, што нельга збудаваць мур і забараніць людзям выязджаць, нешта браць ад іншых культур. Цяпер, можа, усё не так проста, як было за савецкім часам, калі працавала тэза: «мы савецкія людзі, мы будуем камунізм». Цяпер усё выглядае інакш. Можа, людзям сталага веку гэта няпроста прыняць, але моладзь — яны размаўляюць на некалькіх мовах, вольныя ў перамяшчэнні — гэта людзі іншай фармацыі, і гэта іхні свет.

Гісторык Імантс Брэйдакс:


— Латышы застаюцца еўраскептыкамі. Хаця за сем гадоў нашага сяброўства ў Еўрасаюзе мы атрымалі каля мільярду еўра ад ЕС на розныя праекты. Калі пахадзіць, напрыклад, па школах ды спытаць, за чые грошы зробленыя новаўвядзенні, то ў пераважнай большасці выпадкаў гэта будуць сродкі Еўрасаюза. Сяброўства ў ЕС ёсць адным з фактараў даверу да краіны з боку інвестараў. Мы ўдзельнічаем у Балонскім працэсе, ёсць больш руху, цыркуляцыі ідэй.


У нас быў вялікі спад, беспрацоўе, што спрыяла адтоку людзей. Хаця цяпер некаторыя вяртаюцца. Пачаўся павольны пад’ем эканомікі. Праз пяць гадоў панічныя настроі ў эканоміцы будуць меншыя, хаця дэпрэсіўнасць у нашым грамадстве была і ў часы эканамічнага росту. Людзі мелі негатыўныя чаканні, а потым казалі: «Вось, мы ж прадракалі». Добра, што наш урад пасля гэтых узрушэння зразумеў, што пераграваць эканоміку не варта, лепш развіваць яе больш павольнымі тэмпамі, затое з меншымі рызыкамі. Гэта быў балючы ўрок, але карысны.


Яшчэ адзін плюс інтэграцыі з Еўрасаюзам: калі Латвія ўступіла ў ЕС, то колькасць тых, хто прайшоў працэдуры на атрыманне грамадзянства, вырасла, з’явіўся дадатковы стымул. А гэта важна для вырашэння праблемы са статусам «неграмадзянаў».


У нас ёсць паказальны прыклад: Ніл Ушакоў — мэр Рыгі, этнічны рускі. А плач па прыгнёту рускіх мне нагадвае пра імперскае мысленне, што мы больш не ўладная каста. У часы СССР тут дамінуючую ролю адыгрывала руская культура, мова. Цяпер жа няма рэцэпту, як жыць, разумець сваю краіну. Я ўсё чакаю, калі наша руская супольнасць прыдумае прывабную канцэпцыю для рускамоўных. Бо рускі ў Расіі і рускамоўны ў Латвіі — абсалютна розныя паняцці.

Каментаваць