«Савушкін» адмовіўся ад грошай актывістаў і атрымаў новую порцыю крытыкі

Кампанія, якая палічыла неабавязковай прысутнасць беларускай мовы ў апісанні на ўпакоўках сваіх тавараў, хацела адмаўчацца — і ніяк не рэагавала на хвалю крытыкі ў сацсетках.

Аднак пасля таго, як неабыякавыя беларусы пачалі збіраць грошы, каб дапамагчы вытворцу наняць «ліцэнзаванага перакладчыка», піяршчыкі малочнага гіганта былі вымушаныя даць адказ. Пазіцыю прадпрыемства ў каментары marketing.by патлумачыла намеснік гендырэктара па сувязях з грамадскасцю Алена Бабкіна:

— Размова пра беларускую мову на ўпакоўцы ўзнікла для нашага прадпрыемства ўпершыню. Улічваючы тое, што кампанія працуе на шырокую грамадскасць, трэба разумець — асноўная маса беларусаў размаўляе, чытае і піша не на беларускай мове, а на рускай мове. Не трэба далёка хадзіць: выйдзіце на вуліцу і паслухайце, на якой мове размаўляюць людзі. Так, на рускай. Вось і адказ на ўсе пытанні. Таму і надпісы на ўпакоўцы — на рускай мове: каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад.

Каментуючы ініцыятыву аб зборы сродкаў, якую арганізавалі карыстальнікаў сацсетак, прадстаўнік кампаніі заявіла, што «ім гэтыя грошы не патрэбныя». Такім тлумачэннем «Савушкін прадукт» выклікаў дадатковую порцыю гнеўных каментароў.

 Нам гэтыя грошы не патрэбны... Ды не вам гэтыя грошы, а мове нашай, краіне, каб потым не заяўлялі, што выйдзі на вуліцу, глянь на сяло, па-руску размаўляюць усе, таму клалі мы на вас з вашай мовай, – напісаў у сваім Фэйсбуку адзін з арганізатараў збора сродкаў Аляксандр Лапко. — Зборам грошай беларусы паказалі, што яны гатовыя плацiць за мову! Бізнэс мусіць, як воўк кідацца на гэткія сігналы... Дык адкуль тады ўзяцца беларускай мове ў грамадстве, калі мэнэджмент малочнага гіганта публічна грэбуе ёю? Трэба стымуляваць яе выкарыстанне. Не выганяючы рускую, але ствараючы сапраўды роўныя ўмовы.


Паводле gazetaby.com

Каментаваць