Сцяганосец Ніна Багінская

Гэтую жвавую і ўсмешлівую жанчыну добра ведаюць у дэмакратычным асяродку, бо яна — удзельніца амаль кожнай акцыі апазіцыі. А часам сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ з 1999 года 65-гадовая Ніна Багінская сама становіцца ініцыятарам, арганізатарам і адзіным удзельнікам уласных акцый. Прычым кожны раз жанчына трымае на тронку беларускі гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. За гэта яна не аднойчы цярпела ад уладаў — яе збівалі, затрымлівалі, судзілі, папярэджвалі, штрафавалі, арыштоўвалі і садзілі за краты. Цярпелі і зробленыя яе рукамі сцягі. Пра свае прыгоды Ніна Багінская распавяла журналісту НЧ Марату Гаравому.

У падтрымку Каваленкі і Моўчана

— 31 жніўня суддзя Мінскага гарадскога суда Уладзімір Карноў не задаволіў маю скаргу і пакінуў у сіле пастанову суддзі суда Першамайскага раёна сталіцы Юрыя Гарбатоўскага, які 27 ліпеня аштрафаваў мяне на 300 тысяч рублёў за несанкцыянаваны пікет. Я ж не лічу гэты прысуд правамоцным, бо адсутнічалі законныя падставы для майго затрымання, складання пратаколу аб адміністрацыйным парушэнні і пакаранні. Проста няма такога закону, які б не дазваляў мне падыйсці да любога чыноўніка, павіншаваць яго ці выказаць яму сваё меркаванне па любому пытанню, у тым ліку пра судовае рашэнне і наш нацыянальны сцяг.

Уся справа ў тым, што 4 ліпеня суд Першамайскага раёна незаконна асудзіў дэмакратычнага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Моўчана, жорстка збітага міліцыянтамі, і аштрафаваў яго на 800 тысяч рублёў за несанкцыянаванае пікетаванне. 19 мая гэты малады хлопец разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг каля ўніверсама «Першамайскі» ў сталічным мікрараёне Уручча на знак салідарнасці з актывістам КХП — БНФ Сяргеем Каваленкам, якога несправядліва закратавалі за тое, што ён на Каляды 7 студзеня 2010 года на цэнтральнай плошчы Віцебска замест чырвонай зоркі вывесіў на вершаліне 40-метровай навагодняй ёлкі бел-чырвона-белы сцяг. Моўчан праявіў салідарнасць з галадуючым Каваленкам, а я вырашыла падтрымаць моцна збітага Моўчана.

Вось чаму 27 ліпеня я падышла да суда Першамайскага раёна, каб павіншаваць супрацоўнікаў гэтай установы з гадавінай абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі і нагадаць суддзям, што гэтай гістарычнай дэкларацыі беларускі парламент пазней надаў сілу закона менавіта пад нашым спрадвечным бел-чырвона-белым сцягам.

Прыкладна праз 20 хвілін мяне затрымалі, прывезлі ў Паршамайскае РУУС і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Са свайго боку я заявіла, што аніякага прэцэдэнту пікета я не стварыла, бо як грамадзянка магу ў любы дзень хадзіць з бел-чырвона-белым сцягам, які не забаронены. І зноў нагадала міліцыянтам, што яны павінны шанаваць гістарычны сцяг нашай незалежнасці, які быў дзяржаўным сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадах. Ва ўпраўленні ўнутраных спраў мяне папярэдзілі, што нельга набліжацца з бел-чырвона-белым сцягам да адміністрацыйных будынкаў. Але сваё папярэджанне міліцыянты так і не змаглі пацвердзіць заканадаўствам.

Суддзя Юрый Гарбатоўскі спачатку хацеў аштрафаваць мяне на 100 тысяч рублёў, але ўтрая павялічыў меру пакарання, калі даведаўся, што я не першы раз выходжу на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам. Дарэчы, гэты сцяг, які з’яўляўся маёй уласнасцю, суддзя Гарбатоўскі мне так і не вярнуў. Калі ж суддзя Карноў пакінуў у сіле прысуд Гарбатоўскага, я ўзняла другі нацыянальны сцяжок, што прынесла з сабою, і моўчкі пайшла з будынку Мінскага гарадскога суда. І мяне ніхто не затрымаў.

Чаму я выходжу менавіта са сцягам?

— Бел-чырвона-белы сцяг дае адну з нешматлікіх магчымасцяў даказаць праўду ў нашай краіне і заявіць пра права беларусаў на нацыянальную адметнасць і ўласную гістарычную памяць. Як і ў савецкія гады, у краіне працягваецца палітыка русіфікацыі, каб беларусы не ведалі свае традыцыі, сваю сапраўдную гісторыю і свае спрадвечныя сакральныя нацыянальныя сімвалы, пад якімі нашы продкі баранілі сваю дзяржаву ад захопнікаў. Кожны народ мае сваё, асаблівае, і бароніць яго. І я таксама бараню сваю зямлю — выходжу на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам, каб жыць у вольнай незалежнай Беларусі і свабодна карыстацца сваімі нацыянальнымі сімваламі, роднай мовай і айчыннай гісторыяй.

За ўвесь час міліцыянты і спецслужбоўцы 10 разоў адбіралі гістарычныя сцягі, пашытыя мною, у тым ліку сем бел-чырвона-белых, і тры нацыянальныя святыні з адмысловай сімволікай. Два з іх я зрабіла для нефармальнай патрыятычна-спартовай моладзевай арганізацыі «Белы легіён», а адзін — для Партызанскай раённай рады БНФ горада Мінска. Вядомы з XV стагоддзя рыцарскі сярэднявечны сцяг святога Юр’я ў выглядзе белага раўнабедранага трыкутніка з выявай чырвонага чатырохканцовага крыжа я перадала актывісту раённай фронтаўскай арганізацыі Міхасю Галасе.

На адным з мітынгаў 1997 года я ўважліва назірала за гэтым сцягам, які пашыла з белага японскага ядвабу, што дастаўся мне ў спадчыну ад свякроўкі. Тады Галасу затрымалі, павезлі ў пастарунак, склалі пратакол затрымання, а сцяг забралі. Міхась распавядаў, што ў машыне міліцыянты сарвалі сцяг з тронку і кінулі яго сабе пад ногі на падлогу. Амаль два гады я судзілася, каб вярнуць сцяг, да гэтай пары мне не вядомы яго лёс.

Аднойчы ў пастарунку міліцыянты выказалі шкадаванне, што я забіраю сцяг. На гэта я адказала: няхай вашы жонкі пашыюць вам такія ж. Адну бел-чырвона-белую святыню я перадала незнаёмай удзельніцы шэсця ў Курапаты падчас Дзядоў 1999 года. Я зрабіла гэта вымушана, бо невядомыя ў цывільным пераследавалі мяне, каб адняць сцяг. Да гэтага часу я не шкадую пра зробленае, бо ўпэўнена — гэтая святыня захавалася і да сённяшняга дня выконвае сваю сакральную місію.
 

Каментаваць