Сцеражыся цягніка!

«Сцеражыся цягніка!» — гэты надпіс на шыльдзе мае сёння для пасажыраў брэсцкага напрамку нечаканую актуальнасць. Але, думаю, «паслугі», пра якія распавяду далей, маюць месца спрэс па Беларусі.
 

Купляйце квіток у купэйны

Вось, напрыклад, трэба чалавеку за дзень абярнуцца па лініі Брэст—Мінск—Брэст. Адзіная найменш стратная магчымасць выехаць туды ў першай палове дня — гэта «фірмовы» цягнік №106 Брэст—Мінск «Буг». Адпраўляецца ён у 6.20. У сталіцы на справы застаецца ладных 6 гадзін, і можна выехаць назад у 17.33 цягніком №111 Мінск—Брэст «Берасце». Увечары дома.

Здаецца, усё добра. Але адпачыць у дарозе не давядзецца. Бо «…у нас графік!» (маецца на ўвазе «Графік работы радыёпункта цягніка і ўнутрывагоннай радыёапаратуры»). У цягніку №106 «Буг» «графік» такі: «6.30–7.00 — праслухоўванне службовай радыёінфармацыі. 8.00–10.00 — прагляд відэапрадукцыі. 10.00–10.30 — праслухоўванне музыкальных аўдыёзапісаў».

У цягніках «Буг» і «Берасце», якія курсуюць паміж Мінскам і Брэстам, да нядаўняга часу амаль усе вагоны былі так званыя «сядзячкі». Яно і зразумела: дарога займае нейкіх 4 гадзіны, уладкоўвацца спаць капітальна не мае сэнсу. Усе «сядзячкі» абсталяваныя маніторамі і дзясяткам аўдыёдынамікаў на вагон.

Начальнік цягніка Драпун Сяргей Пятровіч мне так і сказаў у свой час: не падабаецца музыка ў сядзячым вагоне — купляйце квіток у купэйны. А калі я сказаў, што не хачу з-за глупоты іх паслуг пераплачваць грошы, ён ужо адкрыта па-хамску параіў ездзіць другімі цягнікамі.

Неаплачаныя паслугі

Месяцы з два таму даволі гучную музыку «ўрубілі» а сёмай раніцы. Я акурат заснуў. Да двух не клаўся: давялося рыхтавацца ў паездку, рукапіс вёз здаваць. Падхапіўся, зазіраю ў «рубку». Там маладая дзеўчына. «Выключыце, — кажу. — Я сплю». А яна: «Дык і мне спаць хочацца…» Але потым схамянулася, выключыла.

Аднак найчасцей праваднікі гэтага цягніка апелююць да людзей.

Так было цягам адной з маіх паездак. Па дарозе ў Мінск неяк перажыў іх фільм. Гук быў слабы, правадніца не дакруціла, а нікому няма справы, бо ніхто асабліва не глядзіць. Дык удалося паспаць. Пракідваючыся, праўда, на асабліва гучных момантах фільма.

Назад, думаю, лепш сяду на міжнародны «Мінск—Варшава», там ёсць прычапны вагон. Зайшоў, ад’ехалі, а дзесьці без пятнаццаці дзесяць вечара ўключыўся фільм «Свадьба в Малиновке». Правадніца якраз збірае квіткі. Пытаюся ў правадніцы, што збірае квіткі: «Як доўга будзе ваш фільм?» — «Да Баранавіч». — «Не хачу кіно. Хачу спаць». — Тая адразу адпрэчвае: «А ў мяне трыццаць такіх, як вы». І не запрагаючы доўга, у паўабароце да ўсяго вагона: «Людзі! Хто не хоча фільм?» Натуральна, мяне гэта раззлавала яшчэ больш: «Дык вы, — кажу, — галасаваннем хочаце вырашыць, глядзець мне ваш фільм ці не?»

У выніку працэс з-пад кантролю правадніцы выйшаў. Некаторыя і хацелі б мяне падтрымаць, ды ленаваліся. Некаторым, асабліва, хто «пад шафэ», якраз дарэчы прыдалося выпусціць з сябе адпаведную пару.

Гук правадніца зменшыла. Але стрэс узяў сваё. Не магу заснуць. Галава гудзіць. Падымаюся і іду ў купэ гаспадыні лёсу. Кажу: заўтра іду да лекара, бяру бальнічны, а плаціць будзеце або вы, або начальнік цягніка. Бачу: жанчына таксама пераасэнсавала нядаўні інцыдэнт. Спачувае нават. «Графік, — кажа — у нас… Я вось гарбату, каву раздавала…» Але я ж купіў квіток, заплаціў грошы за паслугу. Яна палягае ў тым, каб даставіць маё цела з пункта М. у пункт Б., і нічога болей. У квітку ж не прапісаныя іншыя паслугі. Навошта вы мне даяце супраць маёй волі тое, што я і не купляў.

Карацей, па ўнутранай сувязі паведаміла правадніца начальніку цягніка, што ёсць незадаволены кліент. А тая вырашыла ўсё палюбоўна.

А што людзі?

Яшчэ на зары абслуговага росквіту чыгуначнікаў-«фірмачоў» я правёў апытанне ў вагоне, дзе стартаваў кінаклуб на калёсах. Па-мойму, вынікі характэрныя для беларускага соцыуму наогул: 18 чалавек не хацелі глядзець фільм, 14 — хацелі, 15-ці было ўсё роўна; трое не разабраліся. Ключавы момант: той, хто не хацеў фільм, не пратэставаў. Гэта вельмі правакуе праваднікоў на тэматызацыю рэаліі: «Вы адзін такі».

Яшчэ адна цікавостка — гэта рэакцыя мужчын. Яны, калі не хочуць глядзець, то спяць, — дрэмлюць, кімараць ніцма або адключаюцца з адкрытым ротам, з абліччам да столі вагона, як да пана Бога. Некаторыя нават храпуць. Пры поўным гуку фільма гэта дапраўды камічна.

Што кажуць эксперты

Калісьці я тэарэтычна і, галоўнае, практычна займаўся навуковай тэмай «Метады рэлаксацыі на вытворчасці». Пры калектыўным падключэнні да нейкай крыніцы ўздзеяння на пачуццёвыя органы, каб даць адпачынак нервовай сістэме чалавека, вельмі цяжка выбраць прымальную для ўсіх танальнасць, не зачапіць хоць аднаго, не «нагрузіць» чалавека замест псіхалагічнай разгрузкі. Таму мяне шакуе дзікая, месцамі цалкам расцугляная папса, якая ліецца часам з дынамікаў гэтых дыскатэк на калёсах, у якія ператварылі нашы пасажырскія цягнікі. Маю на ўвазе шкоду для мноства людзей, хоць і не буду прыхоўваць: клапоціць найперш уласная раўнавага. Хачу пражыць доўга і якасна.

Паколькі я — асоба зацікаўленая, спашлюся на іншых лю­дзей.

Антон, менеджар па рэкламе брэсцкага гіпермаркету «Еўраопт», патлумачыў наконт музычнага суправаджэння, якое гучыць у іх у месцы масавай прысутнасці людзей: «Фанаграмы нам дасылаюць раз на два тыдні з цэнтральнага офіса ў Мінску. Дыск адразу. Падбіраюць адмыслоўцы. Сэнс: музыка павінна быць нейтральнай. Нягучнай. Пажадана інструментальнай, каб не думалі пра словы. Словы «чапляюць» і таму нагружаюць. Нам галоўнае — не адштурхнуць кліента. Ды і касірак збіць з ліку рознай лабудой нельга».

«А вось на адкрыццё я падбіраў музыку сам, — сказаў Антон. — Натуральна, характар яе быў іншы: мажорны, нават бравурны крыху».

Такая сама вытрыманая музыка гучыць і ў брэсцкай «Кароне». Шмат песень на замежнай мове. Ясна як Божы дзень: незразумелае ў спалучэнні са светлымі, лірычнымі мелодыямі не запускае мозг.

А вось выкладка эксперта навуковай тэлепраграмы «Дыскаверы»: шумавое забруджанне шкодзіць нашаму слыху. Яно замінае сну. Шум — гэта вібрацыя, якая перадаецца барабаннай перапонкай на тры маленькія костачкі ў сярэднім вуху. Тыя перадаюць хвалі руху на спецыялізаваныя валасковыя клеткі ва ўнутраным вуху. Яны пераўтвараюць механічны рух у электрычны сігнал, які па слыхавому нерву трапляе ў мозг. Валасковых клетак — 30 тысяч, яны тонка адладжаныя і неаднаўляльныя, лёгка разбураюцца разавай перагрузкай або доўгім уздзеяннем «таксічнага шуму». Прыкладам, шум грузавіка ў 90 дэцыбел нанясе шкоду слыху праз дзве з паловай гадзіны. Ад траціны да паловы людзей пакутуюць на страту слыху. Калі вы не хочаце апынуцца ў бязгучным свеце, думайце пра тое, што слухаеце».

Летась за вялікія грошы (каля 6 мільёнаў еўра кожная) у Швейцарыі былі набытыя 10 чатырохвагонных электрычак. Цягнікі шмат камфортней за тыя, што ёсць. Крыху большы кошт паездкі цалкам справядлівы. Але прыйшоў і адсюль сігнал. У вагонах гэтых дасканалых цягнікоў усталяваныя маніторы. Яны паказваюць станцыю адпраўлення, станцыю прызначэння, наступную станцыю, пройдзены шлях і іншую карысную інфармацыю. Дык вось, правадніцы падзяліліся: беларускіх пасажыраў швейцарскіх электрычак апыталі… адгадайце з першага разу, на які прадмет. Правільна: ці хочуць яны ў дарозе глядзець фільмы.

Што ўдалося

Мой шматгадовы досвед размоў вакол гэтай папсы і кінапропу на калёсах паказвае такую статыстыку: на дзясятак пустых і адчэпніцкіх адказаў прыпадае адна адэкватная рэакцыя.

Што ж, чыгунка — гэта дзяржава ў дзяржаве. Але ўвесну я здзейсніў рашучы наступ: напісаў у Беларускую транспартную пракуратуру. Маўляў, парушаецца Закон аб ахове правоў спажыўцоў Рэспублікі Беларусь, артыкул 10, п.п.1, 2 (права спажыўца на свабодны выбар паслугі), артыкул 11 (права на паслугу належнай якасці) і артыкул 12 (абавязкі выконваючага паслугу, што да яе бяспечнасці). Прыйшоў адказ: «апытанні пасажыраў… большасць «за», падбор музыкі ў межах…» Напісаў ліст у Генеральную пракуратуру. На жаль, адказ быў ніжэй чаканага ўзроўню: «Ваш ліст перасланы ў Беларускую транспартную пракуратуру». Хацеў быў учыніць нарэшце іск аб адшкадаванні, але наступным разам абачліва спытаў у касе, ці магу набыць квіток без кіно і музыкі. І адказ быў — так!

Да гэтых цягнікоў пачалі чапляць агульныя вагоны.

Часам чапляюць вагоны з драўлянымі сядзеннямі, часам з мяккімі — але ўсе яны коштам тысяч на дзесяць менш за фірменны сядзячы і ўсе без кіно і музыкі!
 

Каментаваць