Сельскі чыноўнік забараняў журналісту працаваць: «Я вас не запрашаў»

Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Жычын Бярозаўскага раёна, дзе на вуліцы каля крамы адбываўся сход грамадзян. Яны былі незадаволеныя тым, што гандлёвы аб’ект не працуе.
Падчас сходу жыхароў вёскі старшыня Першамайскага сельвыканкама (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці) Валерый Шупенік занепакоіўся працай рэдактара сайта «Першы Рэгіён» Паўла Даліда, які прыехаў на мерапрыемства і рабіў відэаздымкі.

Валерый Шупенік, убачыўшы пасведчанне журналіста зарэгістраванага СМІ, запатрабаваў яшчэ і «акрэдытацыю».

«На мае пярэчанні, што як журналіст я маю права здымаць у грамадскіх месцах публічныя мерапрыемствы, сельскі чыноўнік заявіў, што ён журналіста сюды “не запрашаў”», — распавёў Павел Дайлід службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

У адказ рэдактар ​​«Першага Рэгіёна» растлумачыў старшыні сельвыканкама, што кіруецца дзеючым заканадаўствам і падпарадкуецца толькі законным патрабаванням. Магчыма, прадстаўніку мясцовай ўлады не часта даводзіцца сустракацца з журналістамі, таму на выпадак «як бы чаго не выйшла», Валерый Шупенік з кімсьці параіўся па тэлефоне. Пасля чыноўнік больш не прад'яўляў прэтэнзіі да працы журналіста.

Як высветлілася пазней, старшыня Першамайскага сельвыканкама тэлефанаваў у Бярозаўскі райвыканкам, дзе яму патлумачылі, што забараняць працаваць журналісту нельга.



Паводле baj.by

Каментаваць