Сенсацыйны фільм «Белсату»

Роўна праз год пасля тэракту ў мінскім метро, «Белсат» пакажа дакументальны фільм-расследаванне «Страх у краіне спакою».

«Праца над фільмам працягвалася амаль год у вельмі складаных умовах. Людзі баяліся не толькі даваць каментар на камеру, але і размаўляць па тэлефоне. Вельмі шмат фактаў ды інфармацыі ў гэты фільм не ўвайшлі, каб не нашкодзіць тым, хто з намі дзяліўся, але ўсё гэта пераканала нас яшчэ больш у тым, што афіцыйная версія не падмацаваная фактамі», — распавядае рэжысёрка фільму Кацярына Бортнік:



Роўна праз год пасля тэракту ў мінскім метро, «Белсат» пакажа дакументальны фільм-расследаванне «Страх у краіне спакою».

«Праца над фільмам працягвалася амаль год у вельмі складаных умовах. Людзі баяліся не толькі даваць каментар на камеру, але і размаўляць па тэлефоне. Вельмі шмат фактаў ды інфармацыі ў гэты фільм не ўвайшлі, каб не нашкодзіць тым, хто з намі дзяліўся, але ўсё гэта пераканала нас яшчэ больш у тым, што афіцыйная версія не падмацаваная фактамі», — распавядае рэжысёрка фільму Кацярына Бортнік:

Аўтары фільму аналізуюць факты і ставяць пад сумнеў афіцыйную версію падзеяў на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. У фільме няма пустых тэорыяў і неабгрунтаваных гіпотэзаў. Гэта стужка пра беларускую следчую сістэму, пра беларускі суд, пра лёсы некалькіх чалавек, якія сталіся ахвярамі сістэмы.
 
«Уладзіслаў Кавалёў у гэтай справе меў толькі адзін выбар: памерці як хлус з усведамленнем, што ён спрычыніўся да смерці знаёмца, бо сябрамі яны ніколі не былі. Ці памерці як чалавек моцны — чалавек гонару і сумлення. Ягоная маці, Любоў Кавалёва, мае ганарыцца сваім сынам, які да канца застаўся чалавекам. Чалавекам годным — такім, як яна яго выхавала», — адзначае Бортнік.
 
Фільм закранае найбольш супярэчлівыя моманты справы «тэрарыстаў з метро», якія так і не былі разгледжаныя ў судзе. Чаму галоўны абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў не прамовіў на працэсе ні слова?

«Я ведала, што змяніць лёс хлопцаў фільмам было ўжо немагчыма, і чым больш я паглыблялася ў тэму — тым больш у гэтым пераконвалася. Але самым цяжкім момантам было дадаваць ва ўжо завершаны фільм тое, што хлапцоў расстралялі…», — кажа рэжысёрка.

Адзін з герояў фільму апынуўся ў эпіцэнтры трагедыі, бо прызначыў сустрэчу дзяўчыне — акурат у той час, калі грымнуў выбух, і на той самай лавачцы, пад якою была закладзеная бомба.

У фільме таксама прагучаць дагэтуль невядомыя факты і ацэнкі незалежных экспертаў.

«Мне вельмі важна было спачатку самой зразумець, што здарылася на «Кастрычніцкай» 11 красавіка. Уладзімір Захматаў, доктар тэхнічных навук, выбітны спецыяліст у галіне выбухаў, прызнаны эксперт у ЗША, Расіі, Украіне, падышоў да справы вельмі прафесійна і напачатку схіляўся да афіцыйнай версіі следства. Не бачыў ён канкрэтных доказаў таго, што бомбу мог зрабіць хтосьці іншы, апроч Канавалава. Але калі ён пабачыў увесь следчы эксперымент з Дзімам, то быў вельмі моцна ўражаны адсутнасцю ў Канавалава якіх-небудзь ведаў пра выбухоўку», — падкрэслівае Кацярына Бортнік.

У фільме былы следчы распавядае пра сістэму працы следчых органаў.

«Капітан міліцыі Андрэй Пыжык, як толькі распачаўся судовы працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым, сказаў, што калі абодвум вынесуць смяротны прысуд, гэта стане пацверджаннем таго, што яны не вінаватыя…, — расказвае рэжысёрка, — Хочацца спадзявацца, што гэты фільм калі не верне хлопцам добрае імя, то прынамсі пасее ў гледачоў сумневы: ці сапраўды расстралялі злачынцаў? Хочацца верыць, што гэты фільм выкліча дыскусію пра смяротнае пакаранне ў нашай краіне. Я глыбока перакананая, што нікому не дадзенае права забіраць жыццё. А тым больш страшна, калі такое права ўзурпуе дзяржава, якая створаная, каб не забіваць, а ахоўваць і абараняць сваіх грамадзянаў».

Прэм’ера дакументальнага фільму «Страх у краіне спакою» — на тэлеканале «Белсат» у гадавіну тэракту 11 красавіка, а 21:30. Пасля паказу фільм будзе даступны он-лайн.

Акрамя таго, фільму будзе паказаны сёння, 10 красавіка, на офісе Руху "За Свабоду" (пр-т Незалежнасці, 80-73.

Пачатак паказу — а 17-й. Будзе прысутнічаць Любоў Кавалёва, праваабаронцы.

Каментаваць