Шчасце быць Каралём

На жаль, я пазнаёміўся з Ім позна — гадоў з 15 таму…



А затым светла-сонечны, імпэтна-дыпламатычны, душэўна-разумны чалавек (галоўны рэдактар «Згоды», гісторык, палітык і г.д.), Ён прапанаваў зрабіць са мной інтэрв’ю — як з новаабраным старшынёй Саюза пісьменнікаў. Наўрад ці што вартага я там нагаварыў, але некалькі «зярнятаў» упалі ў той дзень на газетныя каралеўскія старонкі — і затым спорна прарасталі дадаткам «Літаратурная Беларусь» на старонках адроджанага Аляксеем Сцяпанавічам «Новага часу» (пасля забароненай «Згоды»). Прарасталі 108 месяцаў, 108 нумароў, якія Ён апекаваў, якія з цікавасцю чытаў, пра якія потым далікатна выказваўся…

Шчаслівы, хто меў такіх чытачоў.

І быў сакавік 2006-га, а да яго доўгія «казулінскія» месяцы «агню і вады». «Медныя трубы» мы не пачулі, але я шчаслівы, што ў тых умовах быў з Ім такім, якім мусіў…

А Ён і надалей рабіў тое, што ва ўсе часы рабілі беларускія адраджэнцы: будзіў словам. Друкаваным словам. Словам новага часу. Спакойна, далёкасяжна, мужна, годна, сучасна, актыўна. І — з радасцю, светлынёй, па-сямейнаму, у згодзе.

Шчаслівы, хто меў такіх рэдактараў.

Гэты чалавек-энцыклапедыя як шаснаццацігадовы шкаляр усмоктваў у сябе ўсё новае, малавядомае Яму. Аніхто так апантана не выведваў-распытваў мяне пра ўсялякія рэчы, у якіх — як наіўна думалася Яму — я быў абазнаным. І гаворка — далёка не пра літаратурны цэх, а цэх аўтамабільны, садовы, універсітэцкі, будаўнічы, і пры кожнай сустрэчы новы.

Шчаслівы, хто меў такіх слухачоў.

Хвароба (у Ягоным выпадку надзвычай нечаканая: пайшоў працягнуць медычную даведку на права кіравання аўтамабілем, а тут — ракавы дыягназ) за год адолела Яго цела, але не пачуцці, не сілу волі, не прагу да жыцця. Я больш не сустракаў людзей, якія з такой мужнасцю, спакоем, годнасцю, нават шляхетнасцю сустрэлі і да канца вытрымалі такое лёсавае наканаванне…

І Ягоны нядаўні 70-гадовы юбілей, светла праведзены ў коле блізкіх і аднадумцаў, стаў — як мне тады падалося — узнёслым і светлым развітаннем. Развітаннем са сваімі днямі, месяцамі, гадамі, але — не з часам. Бо Ён быў і застаецца навечна ў новым беларускім часе. І Ён — акадэмічны гісторык, які па дакументах вывучыў пакручастыя савецка-таталітарныя этапы і спрагназаваў дарогі нашай нацыянальнай будучыні — аб тым ведаў.

«Новачасаўцы» падарылі тады Яму шыкоўны скураны фатэль-круцёлку. Калі мы з Алегам Волчакам выносілі той падарунак з мінскай кавярні, групка стрыжаных хлапцоў, якія прыехалі на джыпе з замазанымі расійскімі нумарамі і трывожна даядалі свае шашлыкі, не стрымаліся:

— Видали, как пацаны своего пахана уважают — даже кресло в кабак персональное носят!

— А кому такая уважуха?

— Говорили, королю…

Аляксей Сцяпанавіч назаўтра, пачуўшы тое, мякка ўсміхнуўся. І зноў заняўся працай.

Шчаслівы, хто меў такіх каралёў!

А мне, на жаль, вечна ўжо не будзе хапаць Ягоных новых хаця б 15 гадоў. Яго — жывога…

Каментаваць