Шчаслівая калядная сабачая гісторыя

Калі верыць у цуды, у святочныя калядныя дні яны здараюцца. Два гады таму ў ноч з 6 на 7 студзеня пашчасціла сабаку Крыстмасу. Яго напаўпаралізаванага падабралі валанцёры і далі шанс на жыццё. Гэтым разам свой шанс атрымаў пёс Граф.



Граф у чаканні цуда


У сярэдзіне снежня кабель гончай прыбег да аднаго з дамоў ў вёсцы Крывая Бяроза, што пад Смалявічамі. Так здарылася, што менавіта ў гэтым доме жыве маладая жанчына, якая ўжо колькі год дапамагае кінутым жывёлам: лечыць, песціць, знаходзіць новы дом. На ліку гэтай жанчыны і яшчэ дзясяткаў валанцёраў — сотні выратаваных душ сабакаў, катоў ды іншай жыўнасці.

Пашчасціла і гэтаму сабаку. Яго пакармілі, пазбавілі ад паразітаў і далі прытулак. А тым часам пачаліся пошукі гаспадароў. Бо не магло ж быць так, каб такі сабака стаў нікому не патрэбны.

Шоў час, але амаль ніхто не адгукаўся. Высветлілася, што паблізу ніхто такога сабаку не губляў. Жанчына вырашыла ўжо пакінуць сабаку ў сябе. Дала яму імя — Граф.

І раптам… “Гаспадар Графа знайшоўся”, — такое паведамленне з’явілася на форуме грамадскай арганізацыі “Заашанс” 7 студзеня.

Высветлілася, што сабаку згубілі два гады таму ў Гомельскай (!) вобласці. Увесь час гаспадар яго шукаў. А сабака, відаць, шукаў гаспадара. І нарэшце знайшлі адзін аднаго з дапамогай добрых людзей. Такая вось шчаслівая сабачая гісторыя.

Што тут скажаш? Хіба толькі: “Не губляйце надзею, нават, калі згубілі сабаку!” Шчаслівага вам Новага года!

Гісторыю Крыстмаса можна паглядзець па спасылцы: http://novychas.info/video/historyja_adnaho_sabaki/

Каментаваць