Шчасце / няшчасце 17 верасня

70 гадоў таму войскі Чырвонай Арміі і НКУС раптоўна перайшлі мяжу з Польскай рэспублікай на ўсёй яе 1200-кіламетровай даўжыні і пачалі прасоўвацца ў накірунку да Варшавы.



70 гадоў таму войскі Чырвонай Арміі і НКУС раптоўна перайшлі мяжу з Польскай рэспублікай на ўсёй яе 1200-кіламетровай даўжыні і пачалі прасоўвацца ў накірунку да Варшавы.

У гэтай акцыі ўдзельнічалі войскі Беларускага і Украінскага франтоў: 21 стралковая і 13 кавалерыйскіх дывізій, 16 танкавых і 2 механізаваныя брыгады. Усяго 617 588 чалавек, 4 736 танкаў і бронемашын. У наступныя тры тыдні два фронты атрымалі яшчэ 44 стралковыя дывізіі і 3 танкавыя брыгады. Колькасць войскаў дасягнула 2-х мільёнаў 400 тысяч чалавек, колькасць танкаў і бронемашын — 6 096 адзінак. Нагадаю для параўнання, што ў чэрвені 1941 года ў немцаў пры ўварванні ў СССР было каля 4 тысяч танкаў, самаходных гармат і бронемашын.

З польскага боку гіганцкаму войску «чырвоных» супрацьстаялі толькі памежнікі. У Беларусі — 9 батальёнаў і 2 эскадрона, ва Украіне — 10 батальёнаў і 1 эскадрон.

Вызваленчы паход?


Савецкія гісторыкі заўсёды называлі гэту акцыю «вызваленчым паходам». Маўляў, надышоў час вызваліць братоў-беларусаў і братоў-украінцаў ад нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту з боку польскіх памешчыкаў і капіталістаў, злучыць раз’яднаныя тэрыторыі і народы Беларусі і Украіны. Але такое тлумачэнне — хлусня.

Па-першае, тэрыторыю Заходняй Беларусі і Украіны ўлады РСФСР аддалі Польшчы па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы. Аддалі пасля паразы ў захопніцкай вайне 1920 года, пасля доўгага гандлю на перамовах. Дарэчы, дэлегацыя РСФСР прапаноўвала польскаму боку ўсю Беларусь пры той, аднак, умове, што Польшча адмовіцца ад Заходняй Украіны. Але палякі не пагадзіліся, таму што тады ім было б складана асіміляваць занадта вялікую масу беларусаў.

Па-другое, за 18 гадоў, якія прайшлі з дня заключэння Рыжскай дамовы, кіраўніцтва РСФСР і СССР ніколі не казала пра тое, што трэба ўз’яднаць раз’яднаныя «братэрскія народы». Наадварот, яно склала шэраг дамоваў з Польшчай (у 1929, 1932, 1934, 1938 гадах), у якіх падкрэслівалася непахіснасць межаў, усталяваных паміж дзвюма дзяржавамі, і ўтрымліваліся абяцанні вырашаць усе спрэчныя пытанні шляхам перамоваў.

СССР у Дамове аб ненападзе ад 25 ліпеня 1932 года гарантаваў Польшчы цэласнасць яе тэрыторыі. А савецка-польская дамова ад 9 чэрвеня 1938 года пацвердзіла, што асновай адносінаў паміж краінамі з’яўляецца Дамова 1932 года аб ненападзе.

Па-трэцяе, сацыяльны прыгнёт «працаўнікоў Заходняй Беларусі і Украіны» не ішоў ні ў якое параўнанне з абсалютна бяспраўным і жабрачым становішчам сялян і працоўных у СССР. У гэтым «вызваленыя браты і сёстры» пераканаліся вельмі хутка, што называецца, на ўласнай скуры.

Па-чацвёртае, баявыя загады войскам Беларускага і Украінскага франтоў у верасні 1939 года сведчаць, што перад імі ставілася задача не вызваліць беларускае і ўкраінскае насельніцтва (для гэтага дастаткова было выцесніць польскія часткі), а разграміць польскае войска і ліквідаваць органы ўлады польскай дзяржавы. Больш за тое, было загадана адрэзаць шляхі адступлення польскім войскам у нейтральныя краіны!

Змова

Савецкія гісторыкі крывадушна адлюстроўвалі кампанію 1939 года як мерапрыемства, якое было нібыта аддзелена ад падзей сусветнай палітыкі. Але факты сведчаць пра іншае.

У канцы 30-х гадоў у Еўропе склаліся два антаганістычныя ваенна-палітычныя блокі — заходніх дэмакратый і фашысцкіх рэжымаў. Абодва яны імкнуліся зрабіць сваім саюзнікам СССР, спадзеючыся на яго каласальныя прыродныя і чалавечыя рэсурсы, вялікую ваенную моц. Сталін, які ўсталяваў у СССР рэжым сваёй асабістай дыктатуры, аддаў перавагу фашыстам — больш блізкім яму па духу і метадах. 23 жніўня 1939 года ў Маскве быў падпісаны пакт аб ненападзе паміж Германіяй і СССР.

Гэты пакт, па-першае, азначаў змову двух рэжымаў і ўсталяванне паміж імі сяброўства і ўзаемнай дапамогі. Па-другое, быў здзейснены падзел так званых «сфер уплыву» ва Усходняй Еўропе, зафіксаваны ў сакрэтным пратаколе.

Гітлер пагадзіўся з тым, што лёс Эстоніі, Латвіі, Літвы, Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Бесарабіі з гэтага часу вызначаецца ў Маскве. Акрамя таго, Сталін абавязваўся акупаваць тэрыторыю Заходняй Беларусі і Украіны. Падкрэсліваю: ён даў такое абяцанне яшчэ да пачатку германскай агрэсіі супраць Польшчы.

Два драпежніка змовіліся паміж сабой і загадзя падзялілі будучую здабычу. Савецка-германская мяжа павінна была прайсці па лініі рэк Пліса, Нараў, Вісла, Буг і Сан. Варшава адыходзіла да СССР, Літва разам з Вільняй — да Германіі. Аднак трохі пазней Сталін дамовіўся з Гітлерам, саступіў яму частку Польшчы ў абмен на ўсю Літву (паводле сакрэтных пратаколаў ад 28 верасня 1939 г. і ад 10 студзеня 1941 г.) і заплаціў золатам 7,5 мільёна долараў.

Гітлер напаў на Польшчу 1 верасня, Сталін — 17 верасня.

Формула хлусні


Надышоў нарэшце час праз 70 гадоў назваць рэчы сваімі імёнамі. СССР ударыў у спіну Польшчы і ўступіў у вайну на баку нацысцкай Германіі. Гэта факт, а ўсе астатнія сцвярджэнні савецкіх і расійскіх палітыкаў, гісторыкаў, журналістаў —  эквілібрыстыка словамі.

Міжнародная супольнасць у ліпені 2009 года цалкам слушна пераважнай большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю, у якой наўпрост назвала Савецкі Саюз саўдзельнікам нацысцкай агрэсіі супраць Еўропы.

Савецкае кіраўніцтва ніколі не гаварыла пра неабходнасць уз’яднання заходніх абласцей Беларусі і Украіны з усходнімі, таму была патрэбна фармулёўка, якая б апраўдвала перад савецкімі грамадзянамі ўваход Чырвонай Арміі на тэрыторыю Польшчы. Пасля ўзгаднення з немцамі быў абраны наступны варыянт афіцыйнай заявы Масквы: «Савецкі ўрад не можа абыякава глядзець на тое, што ўкраінцы і беларусы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі».

Так была сфабрыкавана выдумка пра «вызваленчы паход». У СССР яна прапагандавалася як «адзіна правільная» аж да апошняга дня існавання гэтай дзяржавы. Напрыклад, вось што сказана ў «Савецкай гістарычнай энцыклапедыі»: «Савецкі Саюз, папярэджваючы захоп фашысцкай Германіяй заходніх частак Украіны і Беларусі, якія знаходзіліся раней пад панаваннем пацярпелай крах буржуазнай Польшчы, узяў гэтыя землі пад сваю абарону. Тым самым была выпраўлена несправядлівасць, дапушчаная ў 1921 годзе ў дачыненні да Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».

Якая нахабная хлусня! Чаму ж, у такім разе, немцы, якія занялі Брэст і Львоў, сышлі адтуль, адкрыўшы шлях Чырвонай Арміі? І чаму войскі Вермахта і Чырвонай Арміі ў Брэсце, Гродна і Львове правялі сумесныя парады? Няўжо гэта абарона?

Што атрымалі


Сапраўды, заходнія беларусы і ўкраінцы аб’ядналіся з усходнімі. На жаль, гэтым фактам усё станоўчае і абмежавалася. Паход 1939 года прынёс жыхарам Заходняй Беларусі мноства пакут, а шмат каму і смерць. Пералічу па пунктах тое, што раптам абрынулася на іх галовы:

•    Рабаванне і пазбаўленне свабоды ўсіх буйных і сярэдніх землеўладальнікаў (памешчыкаў, арандатараў, кулакоў), а таксама прадпрымальнікаў — незалежна ад нацыянальнасці. У ГУЛАГаўскіх зонах практычна ўсе яны загінулі.

•    Зняволенне ў канцлагерах або высылка ў аддаленыя раёны СССР усіх супрацоўнікаў польскага дзяржаўнага апарата — ад чыноўнікаў узроўню ваяводстваў і да шараговых паліцыянтаў, леснікоў, чыгуначнікаў, паштароў, каморнікаў.

•    Забарона палітычных партый, грамадскіх арганізацый і свабодных прафсаюзаў (акрамя камуністычных), пераслед усіх асобаў, якія ў іх удзельнічалі.

•    Пераслед усіх цэркваў (каталіцкай, уніяцкай, праваслаўнай, лютэранскай, іудзейскай, мусульманскай) шляхам арыштаў, высылкі, забойстваў святароў і манахаў; закрыццё храмаў і кляштараў, канфіскацыя зямельных участкаў, адмена рэлігійных святаў, забарона на вывучэнне рэлігіі ў школе і г. д.

•    Ліквідацыя дэмакратычных правоў і свабод  (адмена выбараў у прадстаўнічыя органы на конкурснай аснове, забарона незалежнага друку, забарона свабодных сходаў, мітынгаў, шэсцяў; масавыя пазасудовыя рэпрэсіі і інш.).

•    Увядзенне нялюдскіх савецкіх законаў (такіх, напрыклад, як крымінальная адказнасць з 12-ці гадоў за ўсе віды злачынстваў, у тым ліку палітычных, за спазненне на працу, за крадзеж з калгаснага поля каласоў, пакінутых пасля ўборкі ўраджаю, шырокае ўжыванне смяротнага пакарання і шматгадовыя тэрміны зняволення, а таксама многіх іншых законаў і падзаконных актаў, якіх яднала нянавісць да людзей).

•    Прымусовая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак, якая суправаджалася выбарачнымі рэпрэсіямі з мэтай запалохвання сельскай масы.

Я не згадваю ўжо пра знішчэнне 25-ці тысяч польскіх афіцэраў, паліцыянтаў і цывільных асобаў салдатамі Чырвонай Арміі ў верасні — кастрычніку 1939 года і яшчэ 22-х тысяч, пакараных органамі НКУС увесну 1940-га. І не разглядаю 4 дэпартацыі перыяду 1940–1941 гадоў, ахвярамі якіх у Заходняй Беларусі сталі каля 124-х тысяч чалавек. Сярод ахвяр тых расправаў было не менш за 30 тысяч беларусаў.

Усё гэта азначала для жыхароў Заходняй Беларусі — і палякаў, і беларусаў, і габрэяў — велізарны крок назад у палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным аспектах.

Праўда, ёсць у нас такія, хто пераконвае, нібыта беларуская культура пасля «ўз’яднання» спазнала росквіт. Маўляў, беларускія дзеткі ўпершыню пачалі вучыцца ў школе на роднай мове. Сапраўды, год або два так і было. Але вельмі хутка паланізацыю змяніла русіфікацыя, што шматкроць пераўзышла яе па маштабах і інтэнсіўнасці. І да чаго прывёў «росквіт»? Да таго, што мова нашых продкаў памірае! А беларускі нацыянальны тэатр, кіно, музыка, жывапіс, скульптура, архітэктура?! І сёння культура ўсё яшчэ ніяк не можа вызваліцца з палону савецкіх канонаў мастацтва, «сацыялістычнага» па змесце, рускага па форме. Калі дзе і захаваліся мова і народныя звычаі беларусаў, наша традыцыйная культура, дык гэта ў Беластоцкім ваяводстве, хоць там у беларусаў няма нават аўтаноміі.

Але для тых, хто прызвычаіўся поўзаць перад нашым усходнім суседам, усё гэта — не бяда. Галоўнае, каб маскоўскі пан даваў ім грошы ды ўсяляк патураў. Вось яны і крычаць сёння пра «вялікае вызваленне».

Каментаваць