Шэсць гадоў — за палец

У Кастрычніцкім судзе Віцебска працягваецца разбор справы дэмакратычнага актывіста Алега Сургана. Яго вінавацяць у тым, што ён укусіў міліцыянта за палец. Паводле Крымінальнага кодэкса, гэта кваліфікуецца як напад на супрацоўніка міліцыі, за які магчымае пакаранне — да шасці гадоў турмы.

Пацярпелы, супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Дудкевіч цвердзіць, што падчас затрымання 3 верасня Сурган укусіў яго за мезенец левай рукі. За гэта міліцыянт хоча атрымаць адзін мільён кампенсацыі маральнага ўрону.

9 лютага на судзе міліцыянт Дудкевіч заявіў, што яго ўкусілі, калі ён трымаў Алега Сургана за галаву, бо той нібыта імкнуўся нанесці самому сабе цялесныя пашкоджанні: «Біўся галявой аб дзверы міліцэйскай машыны і знарок цёрся тварам аб дыванок пад нагамі».

Падсудны кажа, што супрацоўнікі міліцыі павалілі яго на падлогу ў машыне і збівалі нагамі, потым працягвалі катаваць і здзекавацца ўжо ў РАУС. Калі яму стала дрэнна, міліцыянты мусілі выклікаць хуткую дапамогу, і медык зафіксавалі сінякі і драпіны на твары ды на руках.

Алег Сурган лічыць, што гісторыю з укусам за палец міліцыянты выдумалі пасля таго, як ён паскардзіўся на збіццё і катаванні ў пракуратуру — невыпадкова на медычную экспертызу супрацоўнік міліцыі Сяргей Дудкевіч накіраваўся толькі 30 верасня, амаль праз месяц пасля «ўкусу да крыві».

Нагадаем, 3 верасня Алега Сургана і ягонага малодшага брата Тараса, актывіста «Маладой Беларусі», міліцыянты затрымалі на праспекце Фрунзе ў Віцебску. Там быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. У Тараса Сургана пры сабе быў пашпарт, і яго ў пастарунак не павезлі. На Алега Сургана ў пастарунку спачатку склалі пратакол за вывешванне сцяга, але ён некуды знік, і ў справе больш не фігуруе.

Тарас Сурган, якога раней неаднаразова затрымлівалі і каралі за бел-чырвона-белыя сцягі, лічыць крымінальны пераслед ягонага брата свядомым жаданнем міліцыянтаў любым коштам спыніць несанкцыянаваныя акцыі ў Віцебску.

Ад 27 студзеня Алег Сурган знаходзіцца ў следчым ізалятары. Рашэнне пра тое, што ён небяспечны для грамадства, прынялі ў Кастрычніцкім РАУС горада. Там, дарэчы, працуе міліцыянт Дудкевіч.

Каментаваць