Шоў павінна працягвацца

Праца Аляксандра Лукашэнкі на публіку ў сваім стылі «знайсці вінаватых і пакараць абы каго» выдатна спрацавала на мінулым тыдні. Шакуючыя дзеянні кіраўніка краіны падчас наведвання «Барысаўдрэву» 8 лістапада ўразілі шмат каго. Ён паабяцаў пасадзіць усіх, хто так і не змог мадэрнізаваць прадпрыемства.



У час наведвання прадпрыемства Лукашэнка змяніў запланаваны маршрут і абышоў усю тэрыторыю завода, пераканаўшыся, што за цэлы год з ягонага мінулага прыезду на заводзе і на прылеглых да яго тэрыторыях не быў наведзены належны парадак. Да таго ж, усім прадпрыемствам дрэваперапрацоўчай галіны трэба было скончыць мадэрнізацыю да 1 лістапада 2013 года.

Разнос быў учынены капітальны. У адстаўку адпраўлены намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Андрэю Кабякову абвешчаная «строгая вымова з апошнім папярэджаннем». Лукашэнка таксама распарадзіўся абвясціць вымову свайму памочніку, які «працуе разам» з «Барысаўдрэвам». Нават з віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам Лукашэнка паабяцаў разабрацца пасля агульнай нарады па праблеме мадэрнізацыі дрэваперапрацоўчых прадпрыемстваў. Да 10 снежня ўрад павінен распрацаваць пра гэта даклад Лукашэнку.

Губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуру Лукашэнка на словах прызначыў кіраўніком «Барысаўдрэву». «Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут не справіцца да вясны — узбудзіць крымінальную справу», — енчыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама запатрабаваў адхіліць ад пасады старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» і прызначыць яго намеснікам Батуры, запатрабаваў распачаць крымінальную справу ў дачыненні генеральнага дырэктара ААТ «Будаўнічы трэст №21» Барысава Мікалая Бусалава і такіх жа дзеянняў і да кіраўніка праектнай арганізацыі.

Што і казаць, спадар Лукашэнка ў чарговы раз прадэманстраваў, што недатыкальных у нас няма. Але не варта забывацца на тое, што першай ахвярай «Барысаўдрэва» былі «дрэнныя беларусы», якія «не жадаюць працаваць».

Роўненька год таму наш правадыр таксама наведваў «Барысаўдрэў». Вынікам ягонага візіту стаў сумнавядомы дэкрэт №9, які фактычна ўводзіў «прыгоннае права» для працаўнікоў мадэрнізуемых прадпрыемстваў. Ім забаранялася звальняцца з такіх мадэрнізуемых структураў. Як бачым, зварот да досведу сярэднявечча вынікаў не даў.

Але ці насамрэч так вінаватыя Кабякоў, Тур і Батура? Блогер Віктар Малішэўскі адкапаў у архівах леташнюю пастанову ўрада №841, дзе кожнаму вышэйшаму чыноўніку дадзена прадпрыемства «на кантроль». Дык вось, у Кабякова і ў Тура наогул ніякіх праблемных прадпрыемстваў на кантролі няма. Звольнены Батура адказвае за «Маладзечнапіва». А віцэ-прэм’ер Сямашка, з якім яшчэ разбяруцца, — за Аршанскі льнокамбінат.

І самае галоўнае: куды глядзеў прызначаны прэзідэнтам «сматрашчы» за мадэрнізацыяй Пётр Пракаповіч? Бо менавіта яго прэзідэнт папракаў «дрэннай мадэрнізацыяй» год таму. «Звяртаючыся да свайго памочніка Пятра Пракаповіча, Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што той павінен пастаянна трымаць на кантролі рэалізацыю праектаў у гэтай сферы. Акрамя таго, Лукашэнка даручыў рэгулярна збіраць пасяджэння штабоў на чале з першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам і губернатарам рэгіёну, дзе знаходзіцца дрэваапрацоўчае прадпрыемства. «І там яны будуць усе пытанні вырашаць. Надзвычайнае рашэнне, але мы ў адваротным выпадку нічога не зробім. Мы выдаткуем грошы і выкінем усё на вецер. Пётр Пятровіч, вазьміце на кантроль — па ўсёй дрэваапрацоўцы», — прыводзіла словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Пётр Пятровіч, «сматрашчы» за мадэрнізацыяй, застаўся чысценькім. Чаму?

Ды проста таму, што ўсе гэтыя кадравыя ператрусы і гучныя адстаўкі — проста шоў. Гульня на публіку. Нешта не верыцца, што Лукашэнка не разумее: прызначаць кіраўніком дрэваапрацоўчага прадпрыемства чалавека, які ў гэтай дрэваапрацоўцы дуб дубам — смеху варта, так прадпрыемства не падымеш, а толькі заводу нашкодзіш.

Галоўная мадэрнізацыя прадпрыемства павінна праходзіць не ў вытворчых памяшканнях, а ў галовах ягоных супрацоўнікаў. Колькі ты не ўсталёўвай сучасныя перапрацоўчыя лініі, усё роўна гэта будзе закопваннем грошай. Таму што ў сучасным свеце (і Беларусь гэта балюча перажывае на сваім горкім досведзе) важна не толькі вырабляць прадукцыю, але і прадаваць яе. А над гэтым пытаннем на «Барысаўдрэве» не задумваўся ані Лукашэнка, ані ягоныя памагатыя.

Па запыце ў інтэрнэце «Барысаўдрэў, мэбля» пашукавік выдае аж чатыры нібыта «афіцыйныя» сайты прадпрыемста на розных даменах, і ніводны сайт не дароблены да канца. Толькі на адным з іх ёсць прайс-ліст прадукцыі, і той датаваны кастрычнікам мінулага года! Ну і як з такімі працаваць?

Да таго ж, ва ўлады вельмі кароткая «лава запасных». Калі паглядзець на кадравы склад кіраўніцтва Беларусі, то ўсе яны — пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Няма там высокаадукаванай моладзі, няма замены тым «спецыялістам», якія кіруюць зараз краінай.

Тыя, хто здольны кіраваць у такім маштабе, Беларусь ужо пакінулі, працуючы на Захадзе альбо ў Расіі, а няздольных і некампетэнтных ва ўладзе і без новых хапае. Таму нічога не зробіцца з Сямашкам, Турам і Кабяковым. Можна ператасоўваць калоду колькі заўгодна, але ўсур’ёз іх замяніць не атрымліваецца.

Узяць, да прыкладу, таго ж Барыса Батуру. За няяўку на новае месца працы яму былі абяцаныя ўтульныя нары дзе-небудзь у следчым ізалятары. І што, з’явіўся? Фіг там — у панядзелак 11 лістапада ён спакойна гуляў па Мінску, і планаваў заняцца сваім здароўем. А што яму? Яму 66 год, ён ужо на пенсіі, можа паслаць словы прэзідэнта пра новае прызначэнне куды падалей: «Дзеда ўжо стары, яму роўна ўсё», як казалася ў дзіцячым вершыку.

І што, Лукашэнка гэтага не разумее? Выдатна разумее. Таму і ўказ аб зняцці Батуры з пасады кіраўніка Мінскага аблвыканкаму падпісаны быў. А вось указа пра ягонае прызначэнне на пасаду кіраўніка «Барысаўдрэву» — не было.

Так што разборкі на «Барысаўдрэве» — пастановачнае шоў на публіку, і не больш за тое.

Каментаваць