«Шпіёнскі раман» Андрэя Гайдукова

Працэс над абвінавачаным у шпіянажу Андрэем Гайдуковым праходзіць у закрытым рэжыме. Таму мы шмат не даведаемся пра гэтую цікавую справу, якая нагадвае па стылі шпіёнскі дэтэктыў. Таямніц і загадак у ім багата. Нават, занадта.

 



Ху із містэр Гайдукоў?

Дваццацідвухгадовы (на момант затрымання) слесар па кантрольна-вымяральных прыборах наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 верасня 2012 года. Пра ягонае затрыманне грамадскасць даведалася дзякуючы ягонаму сябру Іллі Багданаву. На бяду КДБ, Багданаў апынуўся хоць не актыўным, але прыхільнікам аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». КДБ затрымліваў для допыту і самога Багданава, але ён падумаў, што допыт будзе звязаны з БХД, і пра сваё затрыманне і звязаныя з ім акалічнасці паведаміў абласной каардынатарцы аргкамітэту БХД па Віцебску Таццяне Севярынец. Менавіта Таццяна Севярынец паведаміла прэсе, што ў Віцебску знайшоўся «шпіён».

Паколькі інфармацыя ішла ад спадарыні Севярынец, першапачаткова прэса запісала Гайдукова ў актывісты БХД, што адразу надало справе «палітычнасць». Аднак аказалася, што Гайдукоў у БХД не прысутнічаў, але быў адным са стваральнікаў іншай арганізацыі — Саюза маладых інтэлектуалаў (СМІ). Неўзабаве СМІ павінен быў падаць дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст, і менавіта Гайдукоў рыхтаваў гэтыя дакументы. Пакуль усе варушыліся, высвятляючы «палітычнасць» СМІ, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой затрыманне Гайдукова звязвалася з распаўсюдам газеты «Хартыя’97».

Таксама хадзіла версія, што Гайдукоў затрыманы за супрацоўніцтва з заходнімі спецслужбамі, і ледзьве не ЦРУ. Але гэтаму паспрыялі жарты саміх падазраваных-сведкаў-ініцыятараў стварэння СМІ, бо, калі іх пыталіся, хто іх фінансуе і з кім яны супрацоўнічаюць, яны часцяком адказвалі, што іх «вядуць» ЦРУ і Масад. Вось і дажартаваліся.

Апошнім, як заўсёды, з тлумачэннем выступіў КДБ. «Камітэтам дзяржаўнай бяспекі спынена супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Андрэя Гайдукова, які займаўся па заданні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. Гэты грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка з цікавячымі замежныя спецслужбы звесткамі. У дачыненні да Гайдукова распачата справа па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне іншых эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасці», — заявіў начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч.

Гайдукоў быў змешчаны ў СІЗА, перавозіўся ці ў Мінск, ці назад, у Віцебск, з адваката была ўзятая падпіска аб неразгалошванні. На гэтым факты заканчваюцца. Пачынаюцца версіі.

Праваабаронцы: пераслед палітычны

Некаторыя праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы «пакапаліся» ў справе і вызначылі, што палітыкі там даволі шмат. Па-першае, Гайдукова неаднаразова выклікалі ў КДБ і раілі «кінуць дурное са СМІ». Па-другое, як распавёў сябра Гайдукова Яўген Канстанцінаў, падчас выбараў 2010 года Гайдукоў працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Пасля 19 снежня 2010 года Канстанцінаў і Гайдукоў займаліся арганізацыяй салідарнасці з палітвязнямі і актыўна ўдзельнічалі ў «маўклівых пратэстах» 2011 года. Але арганізацыю стваралі, падавалася, далёкую ад палітыкі — больш культурна-адукацыйную. Праўда, яна была завязаная кантактамі з расійскімі НДА, але кантакты не былі такімі ўжо шчыльнымі.

Праваабаронцы і эксперты задаюць пытанні, якія навідавоку. Без адказаў на іх з боку следства палітычная версія арышту Гайдукова выглядае цалкам грунтоўнай і асэнсаванай.

Першае: ці меў 22-гадовы слесар КВПіА доступ да дзяржаўных сакрэтаў? Відавочны адказ — не. «Нафтан» — савецкае прадпрыемства, нягледзячы на мадэрнізацыю. Цяжка ўявіць, каб там была такая ўжо «дзяржаўная таямніца».

Другое: чаму ён перадаваў інфармацыю праз «закладку тайніка»? У век інтэрнэту гэта выглядае нейкім анахранізмам. Гайдукоў — чалавек дасведчаны, і для перадачы звестак мог бы скарыстацца не тое што электроннай поштай, а даслаць у любую краіну sms ці mms-паведамленне. «Тайніком» можна было б скарыстацца, перадаючы нешта больш матэрыяльнае, чым «звесткі», але пра такое нічога не казалася.

Трэцяе: чаму КДБ не давяло спецаперацыю да лагічнага канца? То бок, не «ўзяло» падчас вымання «закладкі» самога шпіёна?

Чацвёртае: чаму не было дыпламатычнага скандалу? Звычайна пасля захопу шпіёна, пасол «нашпіёніўшай» краіны выклікаецца ў МЗС, дзе яму прад’яўляюць адпаведную ноту, а за гэтым выкрытыя шпегі пакідаюць краіну. З моманту затрымання Гайдукова ў нас нічога падобнага не назіралася.

Адсутнасць адказу на гэтыя пытанні і дазваляе казаць пра «палітычнасць» справы.

Гайдукоў — герой Расіі?

Больш цікавую, і больш абгрунтаваную версію выказалі журналісты. Яна якраз адказвае на тры пытанні з чатырох, але, пры ўсім гэтым, не робіць Гайдукова шпіёнам. Бо ён збіраў (калі, канешне, увогуле збіраў) не сакрэтную інфармацыю.

Гайдукова затрымалі тады, калі беларускі «растваральна-разбаўляльны бізнэс» быў на піку сваёй актыўнасці. Пры тым Беларусь патрабавала ад Расіі больш нафты для перапрацоўкі. Мы разлічвалі тады, і разлічваем зараз, атрымаць ад Расіі 23 мільёна тон нафты ў год. А расійскія эксперты сумняваюцца ў тым, што такі аб’ём мы здольныя перапрацаваць.

Адмыслоўцы кажуць, што ў 2011 і 2012 гадах, калі Расія пагаджалася забяспечыць «поўную загружанасць» беларускіх НПЗ, максімальны аб’ём перапрацоўкі дасягаў 21,5 мільёна тон. Рэальная вытворчая магутнасць беларускіх НПЗ з’яўляецца вельмі вялікай таямніцай, але розніца паміж «максімальнай загрузкай» і пажаданымі аб’ёмамі пастаўкі ў паўтара мільёна тон не магла не насцярожыць расійскае кіраўніцтва.

Раней апублікаваныя праграмы мадэрнізацыі «Нафтану» і Мазырскага НПЗ ставілі мэтай дасягнуць магутнасці 12 мільёнаў тон на год для кожнага завода толькі да 2015 года.

Не выключана, што расійскія ўлады спрабавалі правесці «нефармальны аўдыт» хаця б аднаго НПЗ, а Андрэй Гайдукоў падазраецца ў зборы інфармацыі (ніяк, дарэчы, заканадаўча не закрытай) аб аб’ёмах перапрацоўкі нафты на сваім заводзе.

Калі б сапраўды выявілася розніца паміж «максімальнай загрузкай» і аб’ёмамі пастаўкі нафты, беларускім уладам прыйшлося б несалодка. Адна справа — маніпуляваць нафтапрадуктамі: гэта хоць і «не па-джэнтльменску», але цалкам дазволена. Расіяне самі забыліся ўключыць растваральнікі-распушчальнікі ў спіс нафтапрадуктаў, за якія Беларусь павінна была вяртаць ім экспартную пошліну (потым гэтая памылка была выпраўлена). Іншая справа, калі пад відам «распушчальнікаў» беларусы проста рээкспартавалі сырую расійскую нафту (розніца паміж загрузкай і аб’ёмам паставак). Гэта ўжо цягне на скандал.

Такім чынам ёсць адказы на пытанні: якімі сакрэтамі мог валодаць Гайдукоў, чаму КДБ не давяло спецаперацыю да канца (таму што прыйшлося б затрымліваць «свайго». Узор супрацоўніцтва КДБ і расійскіх спецслужбаў мы маем на прыкладзе палітвязня Ігара Аліневіча (ён быў гвалтоўна затрыманы расійскімі сілавікамі ў Маскве і перададзены КДБ РБ «проста так»), і чаму не было дыпламатычнага скандалу. Хто ж будзе кусаць «руку даючага нафту і газ»?

Не высветленае толькі пытанне з тайніком. Але яно, насамрэч, другаснае. Можа, і не было ніякага тайніка?

 

Адказ на «Дылему Гайдукова»

З-за Гайдукова ўзнікла спрэчка паміж праваабарончымі арганізацыямі Беларусі. Найбольш сталыя і аўтарытэтныя з іх, такія, як «Вясна», не вызнаюць Гайдукова «палітвязнем». Маўляў, прызнаць яго такім можна толькі калі пройдзе суд, і на падставе судовага працэсу можна будзе вызначыць, «палітычны» Гайдукоў ці не. Такога падыходу патрабуюць сусветна прызнаныя міжнародныя стандарты праваабарончай дзейнасці.

Іншыя, такія, як «Прававая дапамога насельніцтву» альбо каардынацыйная група «За волю», лічаць, што ўжо на падставе закрытасці следства можна казаць пра палітычны пераслед Гайдукова. Іх пазіцыя больш грунтуецца на «маральнасці»: 23-гадоваму зараз (пакуль Гайдукоў сядзеў у СІЗА, ён на год пасталеў) хлопцу пагражае 15 гадоў зняволення. І калі не падымаць шум зараз, то з яго ў КДБ выб’юць усё, што заўгодна. Што людзі ходзяць на руках і што людзі ходзяць на баках.

Зараз уяўляецца, што больш пераканаўчай была пазіцыя апошніх. Бо, як кажа праваабаронца Алег Волчак, зрабіць суд закрытым можа толькі суддзя на падставе хадайніцтва аднаго з бакоў. Прычым, суддзя можа зрабіць выбар з трох варыянтаў. Першы — поўнасцю «закрыць» працэс. Другі — зрабіць яго «закрытым» часткова, то бок, разглядаць некаторыя матэрыялы следства і паказанні некаторых сведак таямніча, а іншыя — адкрыта. Трэці — адхіліць хадайніцтва аб «закрыцці» працэсу і праводзіць усё публічна.

Між тым, амаль за два тыдні да пачатку працэсу старшыня КДБ Валер Вакульчык заявіў, што працэс «безумоўна» пройдзе ў закрытым рэжыме. За дзень да суда два адвакаты Гайдукова паведамілі ягонай маці, што разгляд справы будзе праходзіць закрыта.

Я нездарма ўверсе напісаў, што «такое рашэнне прыняла ўлада». Бо ў гэтым выпадку пра незалежнасць суду і незалежнасць рашэнняў суддзі Галіны Урбановіч казаць не выпадае. Значыць, працэс гэты ўжо палітызаваны, і палітызаваны самой уладай, якая не прызнае незалежнасць суду. Хутчэй за ўсё, кіраваць у судовай залі будзе не суддзя, а КДБ.

 

Алюзіі з мінулага

Такі ход следства і такі працэс шмат якім праваабаронцам нагадаў пра, аказваецца, не такое ўжо і мінулае — працэсы «шпіёнаў» 30–40-х гадоў мінулага стагоддзя. І тады «шпіёнаў» судзілі закрытыя «тройкі». Праўда, вынікам такіх працэсаў быў расстрэл, да чаго пакуль не дайшло зараз.

Іншыя, больш моладзевыя і больш сучасныя арганізацыі кажуць, што гэты працэс — чарговая спроба запалохаць моладзь, якая яднаецца не толькі «ў рэале», але і на прасторах інтэрнэту.

Адзінае можна казаць з пэўнай доляй верагоднасці: нягледзячы на нейкія спробы «замірэння з Захадам» і іншыя прыкметы «лібералізацыі», ніякай «лібералізацыі» ў Беларусі, насамрэч, не адбываецца. Адбываецца, наадварот, пагаршэнне сітуацыі. Бо ўсё, што папярэднічала працэсу Гайдукова, — проста здзек з правасуддзя і з права на атрыманне інфармацыі.

Мы паспеем толькі на самы канец «шпіёнскага раману» — прысуд Гайдукову ў любым выпадку павінен прагучаць адкрыта і ў прысутнасці публікі.

Абмеркаванне:

  • Арцём
  • 2013-06-16 04:44:15
Вельмі цікавае журналісцкае даследаванне

Каментаваць