Што б яшчэ такога адабраць?

Усё забраць і падзяліць — шчырая бальшавіцкая звычка становіцца правілам гульні беларускай дзяржавы. Як звычайна, усё гэта робіцца «дзеля народа». У выніку народ застаецца голы, босы, але ўдзячны за клопат.



Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні не пераставаў разбірацца з тым, што наварацілі нашы заканадаўцы. Найперш ён звярнуў увагу на акцыянерныя прадпрыемствы краіны. Яшчэ напачатку лета быў прыняты закон пра тое, што за дробных акцыянераў у гэтых таварыствах будзе галасаваць дзяржаўны прадстаўнік. Прычым, ён будзе мець вырашальны голас — аж да спынення дзейнасці прадпрыемства.

Зараз падчас гутаркі з прэм’ерам краіны Міхаілам Мясніковічам Лукашэнка задумаўся пра тое, як дзяржава павінна ўплываць на ўсялякія ААТ ад імя мінарытарных акцыянераў (памер пакета акцый якіх не дазваляе ім наўпрост удзельнічаць у кіраванні кампаніяй). Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пэўныя складанасці ў сувязі з тым, што недастаткова абароненыя інтарэсы дробных акцыянераў у акцыянерных таварыствах, створаных у працэсе прыватызацыі і без долі дзяржавы.

«Павінен адразу сказаць, што зыходзіць мы павінны, перш за ўсё, з інтарэсаў людзей. Нам не патрэбныя лішнія функцыі дзяржавы, калі ўжо прадалі якое прадпрыемства, але абараніць інтарэсы людзей мы проста абавязаны. Галоўнае — гэта чалавек, мы павінны абараніць яго інтарэсы. Калі прадпрыемства было дзяржаўным, а зараз прыватызаванае, і частка акцый у мінарытарных акцыянераў, хто за іх галасуе? Ніхто не галасуе. І тыя, хто мае меншую долю, кіруюць так, як хочуць. Прыкладаў дастаткова. Таму па гэтым пытанні трэба прымаць рашэнні, і я хацеў бы ведаць, да якога пункту гледжання ва ўрадзе вы прыйшлі», — задумаўся кіраўнік дзяржавы.

Калі прадалі прадпрыемства, то яно больш дзяржаве не належыць, і кропка. Калі я ў краме набываю шакаладку, то магу зрабіць з ёй усё, што заўгодна — магу з’есці, магу падараваць, магу куды-небудзь засунуць. І мяне ж не хвалюе тое, што гэтая шакаладка выраблена на дзяржаўным прадпрыемстве. Ці, можа, я павінен прыйсці да нейкага чыноўніка і запытацца, а што мне з гэтай шакаладкай рабіць?

Зразумела, для чаго ўводзіцца на такіх прадпрыемствах «дзяржаўны прадстаўнік» з шырокімі паўнамоцтвамі. Каб у выпадку неабходнасці проста заблакаваць дзейнасць прадпрыемства, а потым перавесці яго зноў пад дзяржаўны кантроль. У гэтым выпадку тыя самыя «мінарытарныя акцыянеры» могуць павесіць свае акцыі ў прыбіральні.

Яшчэ адно новаўвядзенне ад улады тычыцца жылля. З 1 ліпеня 2016 года ўсё непрыватызаванае жыллё ў Беларусі будзе аўтаматычна пераведзена ў дзяржаўны арэндны фонд. Такі тэрмін устанавіў Лукашэнка на нарадзе аб фармаванні фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, падчас якога абмяркоўваўся праект адпаведнага ўказа.

Плануецца, што да 1 красавіка 2014 года ў арэндны фонд будуць пераведзеныя ўсе заселеныя службовыя і спецыяльныя жылыя памяшканнi, а пасля 1 ліпеня 2016 года ў гэты фонд будуць уключаны непрыватызаваныя грамадзянамі дзяржаўныя кватэры, якіх на сённяшні дзень налічваецца каля 330 тысяч.

«Калі не прыватызуюць, значыць, мы ўсё туды ўключым, зробім гэта дзяржаўнае жыллё арэндным, і плата за гэтыя кватэры будзе як за арэнднае жыллё», — заявіў Лукашэнка.

То бок, тыя, хто не прыватызаваў кватэру, гэтых кватэраў аднамомантна пазбавяцца. А калі хочуць застацца ў кватэры — калі ласка, акрамя «камуналкі» заплаціце яшчэ і арэнду.

Элегантны сродак пазбавіць насельніцтва ўласнасці! А нічога, што шмат якія кватэры такога кшталту будаваліся яшчэ за СССР, і Рэспубліка Беларусь, таксама, як і яе сённяшняя ўлада, не маюць да гэтых кватэраў аніякага дачынення?

Больш за тое, будзе створаны пералік грамадзян, якія маюць права на прадастаўленне арэнднага жылля. А атрыманне гэтага арэнднага жылля будзе лічыцца паляпшэннем жыллёвых умоў з наступным здыманнем з чаргі маючых у гэтым патрэбу!

То бок, калі ты здымаеш у некага, хай і ў дзяржавы, кватэру — то аўтаматычна ты не маеш патрэбы ва ўласным жыллі!

«Гэта само сабой зразумела. Атрымаў кватэру, тым больш што мы дамовіліся аб тым, што кошт арэнднага жылля будзе ніжэй, чым сёння рынкавы, прыкладна напалову. Натуральна, што гэта будзе паляпшэнне. Якія яшчэ чаргу і льготы?» — аднавіў беларускі кіраўнік сацыяльную справядлівасць.

Не ведаю, можа, для Аляксандра Рыгоравіча гэта і «само сабой зразумела», але логікі ў гэтым я не бачу. Тыя, хто жывуць у інтэрнатах, таксама не маюць права на чаргу і льготы? Бо інтэрнат — гэта ж таксама арэнднае жыллё? Альбо права на чаргу і льготы маюць увогуле толькі тыя, хто жыве на вуліцы?

Такімі двума рэвалюцыйнымі рашэннямі можна ўвогуле пакінуць народ без уласнасці.
Дарэчы, пра памылковасць некаторых папярэдніх рашэнняў нам на тыдні даклаў Нацыянальны банк. Памятаеце размовы пра «выязныя пошліны» ў 100 долараў і заявы прэзідэнта пра тое, што грамадзяне аж 3 мільярды долараў штогод за мяжу вывозяць? Аказалася, што лічба прэзідэнта завышаная разы гэтак у тры.

Раней дзяржаўнымі органамі Беларусі з удзелам Нацыянальнага банка 20 і 21 верасня было праведзена разавае анкетаванне грамадзян у сямі аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы нашай краіны. Дык вось, з улікам атрыманых у выніку абследавання дадзеных, прагназуемы на 2013 год сумарны кошт увезеных фізічнымі асобамі тавараў у Беларусь з гэтых краін складзе 1 мільярд 73,4 мільёна долараў. А сумарны кошт вывезеных тавараў з Беларусі ў Латвію, Літву, Польшчу і Украіну за 2013 год ацэньваецца ў памеры 620,3 мільёна долараў.

Так што, наадварот, трэба стымуляваць выезд грамадзян. Бо менавіта яны «разгрузілі склады» больш чым на паўмільярда долараў. Немаленькая сума па беларускіх мерках.

Можа, для гэтага ствараюцца невыносныя ўмовы для пражывання ў Беларусі? Каб нашы грамадзяне больш маталіся туды-сюды і павышалі кошт вывозімых тавараў? Каб хоць якімсьці чынам тут пражыць?
 

Каментаваць