Што чакае чыгуначную паліклініку ў Гродна

“Працаўнікі знаходзяцца ў вельмі занепакоеным стане. Людзі не маюць паняцця аб тым, што іх чакае заўтра. Бо заўтра кожнаму могуць сказаць: “Усё, кантракт скончаны, можаце быць вольнымі… — так сітуацыю ў горадзенскай Чыгуначнай паліклініцы каментуе адна з яе супрацоўніц.



“Працаўнікі знаходзяцца ў вельмі занепакоеным стане. Людзі не маюць паняцця аб тым, што іх чакае заўтра. Бо заўтра кожнаму могуць сказаць: “Усё, кантракт скончаны, можаце быць вольнымі… — так сітуацыю ў горадзенскай Чыгуначнай паліклініцы каментуе адна з яе супрацоўніц.

Паводле папярэдніх звестак першага лютага  паліклініку збіраліся зачыніць, аднак пакуль яна працуе, але як доўга гэта працягнецца  ніхто ня ведае. Персанал і пацыенты сур’ёзна занепакоеныя сваім далейшым лёсам. Пра тое, як доўга людзей трымаюць у стане невядомасці пагадзілася распавесці адна супрацоўніца
— Людзі ў такім стане знаходзяцца прыкладна з верасня, з часу, калі вырашалася гэтае пытанне. Шмат хто з працаўнікоў перажыў падобны шок, калі зачынілася вузлавая чыгуначная бальніца пару год таму — бо большасць з іх перайшла адтуль у паліклініку. Зараз усё паўтараецца. А шмат хто з іх прапрацаваў тут усё жыццё.

Калі паліклініка зачыніцца, дык вялікая колькасць чыгуначнікаў, якія абслугоўваліся ў ёй будуць пераведзеныя ў паліклінікі па месцы жыхарства. Гэта праблемна, бо дагэтуль урачы ведалі іх асаблівасці, асаблівасці іх працоўных месцаў і звязаныя з гэтым хваробы. Асабліва гэта тычыцца машыністаў, якія маюць вельмі вялікую нагрузку — фізічную і эмацыйную.

У цэнтры горада пражывае вялікая колькасць пенсіянераў, тых, каму цяжка хадзіць на вялікія адлегласці — напрыклад, у тую ж першую паліклініку. Частка з іх, асабліва гэта тычыцца жыхароў вуліцаў Будзёнага, Ажэшкі, Леніна і інш. былі замацаваныя за Чыгуначнай паліклінікай. Зараз яны перайдуць у першую паліклініку.

Працуючых чыгуначнікаў паспрабуюць перавесці ў аддзел прафілактыкі пры паліклініцы на вуліцы Астроўскага. Сем’яў чыгуначнікаў і замацаваных пенсіянераў гэта не тычыцца — яны будуць раскіданыя па паліклініках горада.

З усімі супрацоўнікамі былі заключаныя дамовы, але ў рэальнасці атрымалася так, што на новых месцах іх чакала няпоўная стаўка, ці стаўка можа і была, але ўжо кімсьці занятая. Часта атрымлівалася так: як прыехалі, так і выехалі. Напрыклад урач функцыянальнай дыягностыкі, яшчэ не пенсіянерка, жанчына 52-х год, наогул засталася без працы, бо для яе вакансій у горадзе няма — усе занятыя. Шмат людзей звольнілася самастойна і знаходзіцца ў пошуку працы, але тэрапеўтам і педыятарам гэта зрабіць цяжэй, бо іх спецыяльнасці незапатрабаваныя. За бортам апынуцца пенсіянеры, якія маглі б яшчэ працаваць. Няма ўпэўненасці зараз, што іх вопыт будзе выкарыстаны належным чынам.

Цікавае пытанне, што адбудзецца з будынкамі паліклінікі застаецца адкрытым:
— Будынак дадуць хутчэй за ўсё зубапратэзнай паліклініцы альбо Камісіі па вызначэнні групы інваліднасці. Будынак у любым выпадку адыдзе ад Беларускай Чыгункі Міністэрству Аховы Здароўя. Чыгунка пры гэтым уклала досыць шмат грошаў у абсталяванне: у прыватнасці ў кабінет ЭКГ былі набытыя холтэраўскія апараты, апарат ЭКГ. Шмат грошаў было ўкладзена ў фізіякабінет. Пад вялікім пытаннем яшчэ ці адыйдзе абсталяванне Чыгунцы. Хутчэй за ўсё яго атрымае Упраўленне аховы здароўя. — падсумоўвае суразмоўца.

Такім чынам ведамственная паліклініка ў Гродна застаецца толькі адна і гэта паліклініка МУС.

Паводле сайта "Беларускія рэгіянальныя навіны"


 

Каментаваць