Што мы вінныя дзяржаве?

Нашы правы — наша багацце. Але, кажучы пра правы і свабоды грамадзянаў, было б несумленна не ўзгадаць, што ў іх існуюць і абавязкі. У канстытуцыях сучасных дзяржаў аб абавязках гаворыцца няшмат: звычайна замацоўваюцца асноўныя, найбольш важныя. І беларуская Канстытуцыя тут — не выключэнне.

Толькі шэсць абавязкаў

Пра абавязкі, якія вынікаюць з Канстытуцыі, гаварыць значна прасцей, бо правоў багата, а абавязкаў — усяго шэсць. Гэта: выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі; паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб; берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці; ахоўваць прыроднае асяроддзе; прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў; абараняць Рэспубліку Беларусь.

У артыкуле 58 Канстытуцыі агаворваецца, што ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь, а роўна прымушаны да адмовы ад сваіх правоў. Гэта азначае, што абавязкі грамадзян — гэта «вымушаныя абцяжарванні», і могуць ўсталёўвацца толькі на ўзроўні закона і з захаваннем дэмакратычных працэдур.

То бок, абавязкі не могуць усталёўвацца ў прэзідэнцкіх актах (указах, дэкрэтах, дырэктывах), пастановах урада, актах міністэрстваў і ведамстваў, рашэннях мясцовых органаў улады. Акрамя таго, абавязкі не павінны прыводзіць да адмовы ад гарантаваных правоў грамадзян.

 

Дык давайце выконваць Канстытуцыю!

Абавязак выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі — агульны абавязак усіх грамадзян і іншых асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усіх — значыць, усіх, і прадстаўнікоў дзяржавы таксама. Прычым, на прадстаўнікоў улады ўскладаюцца павышаныя абавязацельствы, зыходзячы з іх службовага становішча. І самая вялікая адказнасць — у прэзідэнта, які з’яўляецца гарантам выканання Канстытуцыі. Вышэйшыя службовыя асобы нясуць адмысловую адказнасць за невыкананне сваіх абавязкаў. Гэтая адказнасць вымяраецца Канстытуцыяй. У ёй прадугледжваецца магчымасць працэдуры адхілення іх ад пасады («імпічменту»), датэрміновай адстаўкі, роспуску прадстаўнічых органаў улады.

Акрамя выканання Канстытуцыі і законаў, кожны абавязаны паважаць нацыянальныя традыцыі. Гэта азначае, што грамадзяне краіны павінны паважліва ставіцца да нацыянальнай гісторыі, культуры, мовы, сімволікі. Ігнараванне нацыянальных традыцый, а тым больш, абыякавае стаўленне да іх, павінна быць падставай для адмовы ў даверы канкрэтным службовым асобам. У некаторых выпадках можа быць пастаўлена пытанне аб прыцягненні іх да крымінальнай адказнасці (напрыклад, у выпадку здзеку з дзяржаўнага сцягу).

Улады абавязаны

Калі Канстытуцыя гарантуе кожнаму права на годнасць, абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў, то, адпаведна, ёсць і абавязак паважаць тое ж самае ў дачыненні да іншых асобаў. Гэты абавязак распаўсюджваецца, у першую чаргу, на прадстаўнікоў улады. Яны павінны дэманстраваць паважлівае стаўленне да грамадзян, «прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў асобы». Больш за тое, на іх ускладаецца адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян.

У дачыненні да канкрэтных дзеянняў-бяздзейнасці такі абавязак забяспечваецца нормамі заканадаўства (крымінальнага, адміністрацыйнага, працоўнага і інш.) Да прыкладу, у Крымінальным кодэксе ўтрымліваюцца цэлыя раздзелы, якія вызначаюць злачынствы супраць чалавека (у тым ліку супраць жыцця і здароўя), супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва.

Аднак на практыцы амаль не назіраецца выпадкаў, калі прадстаўнікі ўлады і іншыя службовыя асобы, у дзеяннях якіх бачацца прыкметы правапарушэнняў, прыцягваюцца да адказнасці за грэбаванне правамі і свабодамі грамадзян. Асабліва відавочна гэта праяўляецца пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. У ходзе выбарчай кампаній нярэдка становяцца вядомымі факты аб парушэнні правоў кандыдатаў, назіральнікаў, прадстаўнікоў СМІ, але ніхто да адказнасці не прыцягваецца.

Асаблівы статус мае першая асоба дзяржавы. Яна зараз, па сутнасці, вызвалена ад усякай адказнасці за свае дзеянні. Між тым, факт занятку пасады звыш устаноўленых тэрмінаў цалкам можна расцаніць як непавагу правоў, свабод і законных інтарэсаў іншых асоб.

Нам засталася спадчына

Абавязак берагчы гісторыка-культурную спадчыну і іншыя культурныя каштоўнасці скіраваны на ахову матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей беларускай нацыі, на развіццё культуры ўсіх народаў, якія насяляюць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

У мэтах рэалізацыі гэтага абавязку яшчэ ў 1992 годзе быў прыняты Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». Гісторыка-культурныя каштоўнасці ў ім вызначаліся як «найбольш адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якія маюць выдатныя духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы».

Па сэнсе гэтага закона, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», якія пэўны час былі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі, павінны лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.

У студзені 2006 года закон быў прыняты ў новай рэдакцыі. У адрозненне ад папярэдняга закона, у ім пералічваюцца аб’екты, якія адносяцца да матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у тым ліку: дакументальныя помнікі, помнікі археалогіі, помнікі архітэктуры, помнікі гісторыі, помнікі мастацтва, вусная народная творчасць, мова, яе дыялекты.

Варта звярнуць увагу, што гісторыка-культурнай каштоўнасцю з’яўляецца мова. То бок, яна павінна асабліва ахоўвацца ў дзяржаве, чаго мы не бачым. За знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а роўна за здзек з іх, прадугледжваецца крымінальная адказнасць.

Беражы прыроду, маці тваю!

Абавязак ахоўваць прыроднае асяроддзе канкрэтызуецца ў Законе «Аб ахове навакольнага асяроддзя» 1992 года. У адпаведнасці з законам, кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны: выконваць экалагічнае заканадаўства; берагчы і ахоўваць навакольнае асяроддзе і рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы; выконваць патрабаванні ў галіне абыходжання з адходамі, правілы пажарнай бяспекі, палявання і рыбалоўства; выконваць патрабаванні ў сферы барацьбы з бытавым шумам у памяшканнях, на вуліцах, у дварах, месцах адпачынку і іншых месцах; выконваць загады органаў і службовых асоб, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў па ахове прыроднага асяроддзя цягне за сабой грамадзянска-прававую, адміністрацыйную і крымінальную адказнасць.

Не хавайце грошы

Абавязак прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў знаходзіць сваё увасабленне ў рэспубліканскіх і мясцовых падатках, зборах (плацяжоў). Пры ўсталяванні падаткаў і збораў (плацяжоў) павінны выконвацца агульнапрызнаныя прынцыпы падаткаабкладання, у тым ліку сацыяльная (грамадская) абгрунтаванасць, усеагульнасць, роўнасць.

Між тым, Падатковы кодэкс спецыяльна агаворвае, што не дапускаецца ўстанаўленне падаткаў, збораў (пошлін) і льгот па іх аплаце, якія наносяць шкоду «... палітычнай і эканамічнай стабільнасці». Акрамя таго, увядзенне новых падаткаў і збораў ажыццяўляецца шляхам прыняцця закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс «...або прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». Але ў любым выпадку новыя падаткі і зборы павінны прымацца пры зацвярджэнні бюджэту на чарговы год і «ўступаць у сілу не раней чым 1 студзеня года, наступнага за годам яго прыняцця».

У сувязі з гэтым узнікае пытанне аб дапушчальнасці ўвядзення з 1 студзеня 2014 года дзяржаўнай пошліны «за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху». Відавочна, што гэтая пошліна супярэчыць вышэйназваным прынцыпам падаткаабкладання. Акрамя таго, працэдура яго ўвядзення разыходзіцца з парадкам, устаноўленым у артыкуле 11 Падатковага кодэкса.

Барані сваё

Абавязак абараняць Рэспубліку Беларусь тычыцца кожнага ваеннаабавязанага. У выпадку афіцыйнага абвяшчэння вайны і ўсеагульнай вайсковай мабілізацыі такі грамадзянін павінен прыбыць па выкліку адпаведных ваенных уладаў.

Парадак праходжання ваеннай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад яе альбо замены яе альтэрнатыўнай, вызначаюцца законам «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Ён вызначае парадак вайсковага абавязку: вайсковы ўлік; абавязковую падрыхтоўку да вайсковай службы; прызыў на вайсковую службу; праходжанне ваеннай службы па прызыве; прызыў на службу ў рэзерве і праходжанне службы ў рэзерве; стан у запасе; прызыў на ваенныя і спецыяльныя зборы і іх праходжанне.

Закон аб альтэрнатыўнай службе, прадугледжаны ў Канстытуцыі, «знаходзіцца ў стане распрацоўкі» ўжо каля 20 гадоў. Ёсць праект закона, але калі будзе ён прыняты, і ці будзе ён прыняты наогул, невядома.

Варта адзначыць, што некаторыя феміністкі незадаволеныя тым, як гэты абавязак у Беларусі рэалізуецца. Канстытуцыя кажа, што абарона краіны —абавязак «грамадзяніна Рэспублікі Беларусь» незалежна ад полавай прыналежнасці. Закон жа аб вайсковым абавязку распаўсюджваецца выключна на мужчынаў.

***

Падсумоўваючы, можна сказаць, што канстытуцыйныя абавязкі грамадзян у Беларусі ў значнай меры дапаўняюцца абавязкамі, якія замацоўваюцца ў бягучым заканадаўстве. І не толькі ў законах, але і ў прэзідэнцкіх дэкрэтах і ўказах, актах Урада, а таксама ў актах міністэрстваў і ведамстваў. З пазіцыі Канстытуцыі гэта недапушчальна, бо ўяўляе сабой незаконнае абмежаванне правоў і свабод грамадзян.

Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце novychas.info.

Каментаваць