Што нам абавязана дзяржава?

У 1996 годзе ўлады можа і хацелі б выкінуць з Канстытуцыі некаторыя раздзелы пра правы і свабоды грамадзянаў, але тады яшчэ спадзяваліся на супрацоўніцтва з Еўропай.



Канстытуцыя 1994 года стваралася на аснове міжнародных дакументаў і канстытуцыяў дэмакратычных краінаў, прайшла экспертызу ў Венецыянскай камісіі — галоўным кансультатыўным органе па канстытуцыйным праве, створаным пры Савеце Еўропы. І атрымала там высокую адзнаку. У 1996 годзе ўлады можа і хацелі б выкінуць з дакумента некаторыя раздзелы пра правы і свабоды грамадзянаў, але тады яшчэ спадзяваліся на супрацоўніцтва з Еўропай. Было значна прасцей не выконваць палажэнні Канстытуцыі, якія тычыліся забеспячэння правоў і свабодаў.
 
 

«Міжнародны» дакумент

 
 
Як і ў шматлікіх міжнародных дакументах, канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян падзяляюцца на пяць груп. Гэта грамадзянскія правы, палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і культурныя.
 
Грамадзянскія правы і свабоды — найбольш значныя. З часоў французскай рэвалюцыі яны атрымалі назву «натуральных і неадчужальных правоў», бо з’яўляюцца пажыццёвай уласнасцю грамадзян, ад нараджэння і да смерці. Дзяржава не можа замахвацца на іх, акрамя як у выключных выпадках. Гэта права на жыццё; права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права не лічыцца вінаватым у здзяйсненні злачынства, пакуль віна не будзе даказаная ва ўстаноўленым парадку; права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў; права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, у тым ліку на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў; права на недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў; права на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, права пакідаць краіну і бесперашкодна вяртацца назад; права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі; права на добраахвотнай аснове ўступаць у шлюб і ствараць сям’ю.
 
Правоў у нас багата, праблема ў тым, што дзяржава не спяшаецца іх выконваць. Напрыклад, асноўнае права — на жыццё. Дзяржава дагэтуль лічыць прымальным для сябе адбіраць жыццё шляхам смяротнага пакарання. Дарэчы, тут ёсць і пэўнае супярэчанне ў Асноўным законе. З аднаго боку, Канстытуцыя гарантуе права на жыццё, з другога — яна ўсталёўвае «часовы» парадак смяротнага пакарання «да яго адмены» і з трэцяга боку — дае магчымасць ужываць гэтае пакаранне «за асабліва цяжкія злачынствы».
 
Праблема смяротнай кары няпростая. Яна вырашыцца, калі прыйдзе ўсведамленне таго, што права на жыццё — гэта неад’емнае права чалавека. І значыць, дзяржава не можа яго адбіраць.
 
Не менш значным з’яўляецца права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. У якасці мераў яго забеспячэння выступаюць забароны на адвольныя арышты, катаванні, жорсткае, бесчалавечнае альбо прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне ці пакаранне. Але ў рэчаіснасці людзі ўжо звыкліся да «прэвентыўных арыштаў» актывістаў апазіцыі напярэдадні нейкіх значных падзей. Чэмпіянат свету па хакеі парушыў правы больш за 40 асобаў, якія былі стандартна асуджаныя за «непадпарадкаванне міліцыі» ці «дробнае хуліганства».
 
Няма сэнсу «праходзіцца» па ўсіх грамадзянскіх правах і свабодах. У цяперашняй Беларусі яны не сталі ўласнасцю грамадзян, а, па сутнасці, яны незаконна захопленыя дзяржавай. І цяпер задача складаецца ў тым, каб дамагчыся ажыццяўлення і абароны сваіх правоў.
 
 

Натуральная палітыка

 
Другія па значнасці правы грамадзян — палітычныя. У адрозненне ад першай групы, гэтыя правы прадастаўляюцца грамадзянам па дасягненні пэўнага ўзросту, калі яны рэальна могуць удзельнічаць у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы.
 
Сярод палітычных правоў і свабод Канстытуцыя называе права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне; права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі; свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; права на свабоду аб’яднанняў; права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў; права свабодна выбіраць і быць абраным у дзяржаўныя органы; права роўнага доступу да любых пасадаў у дзяржаўных органах; права накіроўваць асабістыя і калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.
 
Варта зазначыць, што найпершым палітычным правам з’яўляецца свабода слова. Грамадзянін павінен мець права свабодна выкладаць свае думкі і перакананні па ўсіх пытаннях дзяржаўнага жыцця, і, адпаведна, мае права ведаць усё пра сваю дзяржаву. І гэта невыпадкова, бо без свабоды слова і свабоды інфармацыі нельга зрабіць асэнсаваны выбар. Відавочна, калі дзяржава спрабуе заторкнуць рот усім крытыкам, навязаць сваю «адзі­на правільную» ідэалогію, то гэта ёй патрэбна для таго, каб маніпуляваць грамадствам.
 
Свабода мірных акцый пратэсту — гэта аддушына для грамадскай незадаволенасці. Грамадзяне маюць права публічна выказваць свае прэтэнзіі да ўлады. З гэтага вынікае, што міліцыя не мае права ўжываць сілу супраць удзельнікаў акцыі (акрамя выпадкаў парушэння грамадскага парадку).
 
З-за сістэмы дазволаў і забаронаў практычна ніводнае з палітычных правоў і свабод не можа быць рэалізавана напоўніцу. Гэта датычыць і права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў, і права выбіраць і быць абраным у дзяржаўныя органы, і права доступу да любых пасад у дзяржаўных органах, і нават права на звароты ў дзяржаўныя органы.
 
Але, як сказана ў Канстытуцыі, крыніцай улады з’яўляецца народ. Грамадзяне павінны як супольна, так і паасобна вырашаць пытанні палітычнага жыцця. Менавіта яны на нейкі час даручаюць сваім прадстаўнікам ажыццяўляць агульную ўладу. Па меры неабходнасці павінна адбывацца ратацыя «кіруючых кадраў».
Узурпацыя ўлады групай асобаў, а роўна яе ўтрыманне звыш устаноўленых тэрмінаў, прыводзіць не толькі да злоўжыванняў з боку ўлады. Ва ўладзе ўзнікае адсутнасць новых ідэй, а значыць — адсутнасць магчымасцяў прагрэсу і развіцця. У жыцці дзяржавы выспявае застой, які з часам пагаршаецца. Далей — як у арганізме чалавека: альбо слабільныя з наступным вызваленнем ад «завалаў», альбо арганізм гіне, змучаны і аслаблены. Як вядома, часцей здараецца першы варыянт.
 
 

Грамадская эканоміка

 
Эканамічныя правы — гэта тыя магчымасці, якія дзяржава абавязваецца даць кожнаму ў сферы працоўнай дзейнасці. Гаворка ідзе аб стварэнні ўмоў, пры якіх чалавек можа зарабляць сабе на харчаванне, адзенне, жыллё, і ўвогуле на жыццё.
 
Па Канстытуцыі, грамадзянам гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека; права на справядлівае ўзнагароджанне за працу асобам, якія працуюць па найму, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне; права на адпачынак; права ўласнасці.
Здавалася б, няшмат. Але і тут праблемы. Права на працу ператварылася ў абавязак: варта толькі ўзгадаць прымусовае размеркаванне выпускнікоў ВНУ. Кароткатэрміновыя кантракты ставяць працоўных у жорсткую залежнасць ад наймальнікаў і ўскосна — у залежнасць ад дзяржавы. Узровень зарплаты большасці працаўнікоў пакідае жадаць лепшага, бо ў разы меншы, чым у суседніх краінах. 
 
Права грамадзян на ўласнасць у многіх выпадках проста ігнаруецца дзяржавай. Напрыклад, за шэраг злачынстваў можа прымяняцца канфіскацыя маёмасці. І нават не злачынстваў — у прадпрымальніка могуць сканфіскаваць тавар за адміністратыўнае правапарушэнне. Па рашэнні судоў могуць адбірацца кватэры за нясплату жыллёва-камунальных плацяжоў. Асобным радком ідзе канфіскацыя аўтамабіляў, калі кіроўца два разы на працягу года затрымліваўся ў стане ап’янення. Карацей, у дзяржавы ёсць шмат інструментаў «адносна сумленнага ад’ёму каштоўнасцяў» у сваіх грамадзянаў.
 
 

Ці «сацыяльная» дзяржава?

 
Сацыяльныя правы — праява клопату дзяржавы аб шырокім грамадстве ў мэтах стварэння спрыяльных умоў жыцця. Звычайна гаворка ідзе аб ахове здароўя, адукацыі, пенсійным забеспячэнні, аказанні дапамогі сем’ям, якія маюць малалетніх дзяцей, прадастаўленні жылля.
 
У ліку сацыяльных правоў Канстытуцыя прадугледжвае: права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя; права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках; права на жыллё; права на адукацыю.
 
Але нават тое, што яшчэ захавалася, некаторыя чыноўнікі імкнуцца знішчыць. Напрыклад, па сэнсу артыкула 45 Канстытуцыі медыцынская дапамога ў дзяржаўных медыцынскіх установах павінна аказвацца бясплатна. Аднак ужо не першы год ходзяць ініцыятывы аб платным наведванні паліклінік. Гэта не толькі супярэчыць «сацыяльнай дзяржаве» як дэвізу, але і парушае тое, што запісана ў Канстытуцыі.
 
Тэндэнцыя адыходу дзяржавы ад выканання сваіх абавязацельстваў назіраецца і ў іншых сацыяльных сферах. Сур’ёзныя праблемы назіраюцца ў сферы пенсійнага забеспячэння, калі памеры пенсій не дазваляюць задавальняць асноўныя патрэбы пажылых людзей, і практычна згорнута праграма прадастаўлення жылля малазабяспечаным сем’ям, інвалідам, адзінокім маці.
 
 

Культура без мовы?

 
На культуры, як гэта часцяком адбываецца ў жыцці, стваральнікі канстытуцыі «зэканомілі». Культурных правоў няшмат. Гэта права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць; права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін; права на ўдзел у культурным жыцці; свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання.
 
Бадай, самым балючым у нашай сітуацыі з’яўляецца «права на мову». Улада не надае належнай увагі развіццю нацыянальнай культуры, і не стварае ўмоў для шырокага прымянення мовы тытульнай нацыі. Дагэтуль у Беларусі няма беларускамоўнай вышэйшай адукацыі, а ў Магілёве на беларускай мове навучаецца толькі адна школьніца.
 
 
* * *
 
Абвешчаныя Канстытуцыяй правы і свабоды сталі фікцыяй. Па сутнасці, дзеючая ўлада ўзурпавала правы і свабоды грамадзян, ператварыўшы іх у бяспраўных і безабаронных людзей.
 
 
Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам.

Каментаваць