Што напісала дзяўчынка на Палацы рэспублікі?

Учора супрацоўнікі АМАП затрымалі на Кастрычніцкай плошчы 14-гадовую дзяўчыну, якая «наносіла надпісы на мармуровы падмурак Палаца рэспублікі». 

 



Як правіла, нанясенне графіці на сцены будынкаў пагражае пратаколам па арт.10.9 КаАП (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), альбо па арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства) або па арт.21.14 КаАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). У некаторых выпадках — як правіла, гэта тычыцца графіці палітычнага характару, — можа быць распачата і крымінальная справа па арт.218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) або па ст.341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Надпісы, якія рабіла дзяўчынка, па словах прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага, «ніякага асаблівага сэнсу не неслі». Таму ёй, дакладней яе бацькам, бо дзяўчына непаўнагадовая, пагражае хіба што штраф. 

Аднак застаецца інтрыга — які менавіта надпіс быў зроблены на падмурку Палаца?

Па звестках палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Ігара Пармона, якімі ён падзяліўся ў Facebook, дзяўчына проста падзялілася радасцю ці то ад жыцця, ці то ад карыстання паслугамі мабільнага аператара, напісаўшы:  «I love my life :)»   

У фэйсбуку выказвалася таксама меркаванне, што гэта была зусім не простая дзяўчына, а надпіс быў такі:  «Мэнэ, тэкел, фарэс».

Паводле біблейскага падання, гэтыя словы былі напісаныя на сцяне таямнічай рукой падчас балю вавілонскага цара Валтасара незадоўга да падзення Вавілона ад рук Дарыя Мідыйскага. Тлумачэнне надпісу выклікала цяжкасці ў вавілонскіх мудрацоў, аднак іх змог патлумачыць прарок Данііл:
 
 
«Вось і разгадка слоў: мэнэ – вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму; тэкэл — ты ўзважаны на вагах і знойдзены вельмі лёгкім; фарэс — падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Персам». (Дан.5 :26-28) 

Абмеркаванне:

  • Люсик
  • 2013-08-03 19:35:30
Да-а-а... Слова мудрые. И - в десятку!

Каментаваць