Што ж мы адсвяткавалі?

У Жлобіне з размахам прайшлі «Дажынкі–2013». Свята ўраджаю апынулася вясёлым яшчэ да ягонага пачатку. Невядома, каму належала гэтая смешная ідэя — правесці агульны сельскагаспадарчы сход у горадзе металургаў. Але ўсё ж адсвяткавалі.



Пасля святаў заўсёды надыходзіць пахмелле: а ці было што святкаваць? Лічбы хранічна хворай беларускай сельскай гаспадаркі не радуюць. Як падлічыў Белстат, у сельскагаспадарчых арганізацыях аб’ём вытворчасці прадукцыі за 8 месяцаў 2013 года ў параўнанні з 8 месяцамі 2012 года зменшыўся на 3%. Вытворчасць прадукцыі раслінаводства за гэты час зменшылася на 8,6%. Малака надаілі на 1,9% менш. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі і паслуг у сельскай гаспадарцы за год упала з 20,3% да 9%. Рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку без дзяржпадтрымкі ўпала з 10,4% да 1,1%.

Колькасць стратных арганізацый сельскай гаспадаркі без дзяржпадтрымкі павялічылася з 434 да 800. Сума чыстых стратаў у гэтай галіне вырасла ў 3,7 разы. І гэта ўсяго толькі за год!

Не сказаць, каб сённяшняе лета было надзвычайным па ўмовах надвор’я. Здаецца, яно было нават менш праблемным, чым звычайна. Так, надышло яно даволі раптоўна: позняя зіма і гэтак далей. Але гэта не пашкодзіла грамадзянам на сваіх падворках ды лецішчах збіраць надзвычайныя ўраджаі. Дык чаму ж гэтага нельга сказаць пра калгасы?

Ураджайнасць збожжавых упала з 38,2 у 2012 годзе да 33,4 цэнтнера з гектара ў гэтым годзе (гэта без кукурузы). На гэты момант ураджай збожжавых на 1,765 мільёна тон менш за леташні. І гэта менш за ўраджаі 2008, 2009, 2011 і 2012 гадоў.

Нельга наракаць і на тое, што дзяржава недастаткова надае ўвагі сельскай гаспадарцы. Да звычайных датацый у калгасы, якія, па падліках эканамістаў, зараз складаюць 5–7 мільярдаў долараў на год, зараз вельмі шчасліва для некаторых далучыўся крызіс перавытворчасці. Памятаеце, яшчэ ўвесну, калі высветлілася, што нашыя трактары і грузавікі раптам перасталі прадавацца ў Расіі, прэзідэнт загадаў іх аддаць айчыннай сельскай гаспадарцы? Было ж заданне «разгрузіць склады» любым чынам: у лізінг, у крэдыт, па сабекошце і ледзьве не «проста так», ад чыстага сэрца. Так што наракаць на старую тэхніку і гэтак далей таксама не даводзіцца. Усё павінна быць новым.

Што ж перашкаджае сельскай гаспадарцы? Тут ужо не зваліш віну на «народзец», бо гэты «народзец» быў заняты тым, што валюту скупаў.

Але прэзідэнт заўсёды знойдзе вінаватых. Зараз вінаватымі апынуліся… Злучаныя Штаты Амерыкі, як заўсёды.

У інтэрв’ю казахскаму тэлеканалу «24KZ» напярэдадні свайго візіту ў гэтую краіну Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё бачанне канфлікту ў Сірыі. «Дабром гэта не закончыцца. Не дай Божа, амерыканцы ўлезуць туды, як яны ўлезлі ў Лівію, і ў цэлым блок NАТО, пачнуць бамбіць, то катастрофа, будзе катастрофа. Вось тады ўспыхне ўся арабская дуга, як казаў былы прэзідэнт ЗША, тады мала не пакажацца ўсім. Бо ў гэты канфлікт будзе ўцягнуты праз Ірак і Іран, і іншыя дзяржавы, будзе вельмі горача», — заявіў Лукашэнка.

Здавалася б, прычым тут наша сельская гаспадарка. З першага погляду, не пры чым. Але, па словах Лукашэнкі, гэтыя канфлікты могуць істотна падагрэць становішча ў іншых дзяржавах, у тым ліку Расіі, таму «мы вельмі актыўныя ў гэтым пытанні», пазіцыянуючы сябе ў рэчышчы расійскай палітыкі, «разам яе ажыццяўляем і катэгарычна супраць таго, каб супердзяржава, як вы сказалі, пад якімі бы тое ні было лозунгамі — дэмакратычнымі, і яшчэ нейкімі ўмешвалася ва ўнутраныя справы той ці і іншай дзяржавы, каб зрынала, забівала, вешала прэзідэнтаў».

Так што ёсць справа нашага сяла да канфлікту ў Сірыі! Мы актыўныя ў гэтым пытанні, і каб ЗША не зрынала, забівала і не вешала прэзідэнтаў, не было б патрэбы «ажыццяўляць і быць катэгарычна супраць». Тады б мы, канешне б, звярнулі ўвагу на свой ураджай, а не на сірыйскае ўзбярэжжа.

Але не толькі Амерыка нам перашкаджае. 2 кастрычніка адкрылася чарговая сесія абодвух палат Нацыянальнага сходу: Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Спікер верхняй палаты, паэт і проста харошы чалавек Анатоль Рубінаў у сваёй прамове паскардзіўся на ўсіх адразу. «На жаль, прыняцце чарговых санкцый, рашэнняў і рэзалюцый з боку Еўрасаюза, падтрыманых ЗША, у чарговы раз прадэманстравала негатоўнасць ЕС пераходзіць да канструктыўных стасункаў з Беларуссю. Па-ранейшаму дзейнічаюць зневажальныя санкцыі ў дачыненні да нашай краіны, ды і дзеянні асобных расійскіх бізнэсмэнаў лішні раз дэманструюць, як няпроста нам адстойваць нашы эканамічныя інтарэсы», — заявіў Рубінаў.

То блок вінаватыя ўсе адразу: ЗША, ЕС і Расія. І, як і прэзідэнту, Рубінаву замінае і беларускі народ: паводле слоў Рубінава, усё беларускае грамадства павінна «не паддавацца бацылы панікі і няверу, якія спрабуюць пасеяць у грамадстве асобныя элементы, а толькі рухацца наперад».

Калі ў спадара Рубінава вінаватыя ўсе навокал, можа, яму б было больш камфортна не ў парламенце, а дзе-небудзь на незаселенай выспе? З другога боку, каму б тады Рубінаў скардзіўся на тое, што яму ўсе перашкаджаюць?

І яшчэ больш цікава: калі нам замінаюць з усіх бакоў, куды «наперад» плануе рухацца спадар Рубінаў? Хіба што ў бок Украіны, пакуль яна не падпісала пагадненне пра асацыяцыю з ЕС. Падпіша ў лістападзе — усё, кранты, будзем абкружаныя ворагамі з усіх бакоў.

І з чым рухацца, таксама пытанне. З 1 кастрычніка, як і планавалася, значна падаражэў праезд у грамадскім транспарце ў Мінску: з 2 000 да 2 500 рублёў. Але гэта не адзіны сюрпрыз. Аказваецца, таксама падаражэлі імпартныя цыгарэты (на 3,7–4,8%). Падаражэлі паслугі ЖКГ: тарыф на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння вырас на 2,9%. Кошты на звадкаваны прыродны газ у малалітражных балонах для насельніцтва павялічыліся на 4% — істотнае падвышэнне для тых, хто жыве ў негазіфікаванай вёсцы. Тарыфы на прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у Мінску таксама павышаныя з 1 кастрычніка на 30%.

Павысілася за 130 тысяч базавая велічыня. Падаражэлі звязаныя з ёй стаўкі арэнды, штрафы і іншыя плацяжы.

Можа, нам лепш рухацца не наперад, а назад? Можа, хоць нешта патаннее?

Каментаваць