Што зберажэм у Год беражлівасці?

Літаральна напярэдадні Новага года Аляксандр Лукашэнка вырашыў, што 2013-ы будзе Годам беражлівасці. Уладныя органы раптам задумаліся, а што ж у гэты год ім зберагчы? Аказалася, зберагчы можна ўсё, што заўгодна. Але ўсё роўна атрымліваецца ў краіне, як у Прастаквашына — для таго, каб прадаць штосьці непатрэбнае, трэба спачатку набыць нешта непатрэбнае, а ў нас грошай няма.

 



Так і ў Беларусі: Год беражлівасці будзе фінансавацца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Днямі ўрад распрацаваў і зацвердзіў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў Беларусі Года беражлівасці. Адказным за яго выкананне прызначана Міністэрства эканомікі.

Усяго Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года беражлівасці налічвае 25 пунктаў. «Гэта мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне рэжыму эканоміі і беражлівасці, максімальна эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання прыродных, паліўна-энергетычных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў», — рапартуе прэс-служба ўрада.

Што ж нам прапануюць берагчы? Па-першае, гэта энергарэсурсы: сумарная эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў павінна скласці не менш як 1,43 мільёна тон умоўнага паліва. Акрамя гэтага, згодна з планам, будуць рэалізаваны пілотныя інавацыйныя праекты па зніжэнні энергаспажывання ў энергетыцы, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, транспарце, здабыўной і перапрацоўчай прамысловасці.

Плануецца ўзмацненне жорсткасці нормаў і нарматываў расходу матэрыяльных рэсурсаў, якія забяспечваюць зніжэнне выдаткаў на вытворчасць прадукцыі (работ, паслуг). Будуць зацверджаны ліміты і прагрэсіўныя нормы расходу цеплавых і энергетычных рэсурсаў, у тым ліку нарматывы непрадукцыйных страт пры транспартаванні вады, цеплавой і электрычнай энергіі, — гэта, бадай, стандартныя меры, якія былі прадугледжаныя яшчэ ў Дэкрэце прэзідэнта па беражлівасці.

Прадугледжана ўвядзенне падвышанага кошту за паліўна-энергетычныя рэсурсы пры іх перавышэнні. Больш жорсткімі стануць патрабаванні да правядзення абавязковых энергетычных абследаванняў суб’ектаў гаспадарання з улікам перадавога айчыннага і замежнага вопыту. Хаця які можа быць прагрэсіўны замежны вопыт у кантролі і абследаванні? Наш Камітэт дзяржкантролю — самая перадавая ў гэтым плане структура ва ўсім свеце!

Аднак не толькі вада і электраэнергія з’яўляюцца аб’ектам беражлівасці. Як паведамляе прэс-служба Саўміна, «рэжым жорсткай эканоміі бюджэтных і валютных рэсурсаў будзе дзейнічаць пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак». Во-во, што нам берагчы трэба — дык гэта валюту. Нам яшчэ крэдыты ў гэтым годзе аддаваць. Таму, здаецца, тут зэканоміць не атрымаецца.

Прынцыпы эканоміі і беражлівасці тычацца мер па зніжэнні затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву (не менш чым на 10% у супастаўных умовах у параўнанні з 2012 годам) і «ў сферы дарожнага будаўніцтва». У прыватнасці, прадугледжана аптымізацыя праектных рашэнняў, якая забяспечвае патанненне будаўніцтва дарог, эфектыўнае выкарыстанне тэхнікі, эканомію матэрыяльных рэсурсаў з максімальным выкарыстаннем айчынных матэрыялаў.

Што значыць «аптымізацыя дарожнага будаўніцтва»? Зноў адна традыцыйная праблема будзе вырашаць другую праблему? Бо пабудуеш дарогу з «аптымізацыяй» — і на наступны год яе трэба будзе будаваць наноў, гэта ўсе ведаюць.

Але ж самы яскравы прыклад беражлівасці, згодна з планам, наш урад абяцае нашаму народу. «У краіне з’явяцца новыя высокаэфектыўныя працоўныя месцы. Будуць прыняты меры па ліквідацыі працоўных месцаў з асабліва шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы, уключэнню ў эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва, садзейнічанню ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці», — гаворыцца ў плане Года беражлівасці.

Спадарства, вы не на прэзідэнцкія выбары ідзяце, каб такое абяцаць! Гэта ўсяго толькі план Года беражлівасці, а не генеральны план развіцця краіны на бліжэйшыя дзесяцігоддзі! Гэтага ўсяго мы не дамагліся з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі, а вы хочаце зрабіць гэта за год!

Але пакуль што ўлада не вельмі імкнецца берагчы, асабліва грошы. Ну, чым прэзідэнта не задавальняў ягоны сайт? Але ж хутка мы пабачым ягоны рэдызайн. Новы партал кіраўніка краіны плануюць запусціць ужо вясной. На яго стварэнне выдаткавана 2 мільярды 600 мільёнаў рублёў. Аднак, адпаведны Указ № 577 «Аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2012 год» падпісаў Аляксандр Лукашэнка 29 снежня, таму гэтыя траты, пэўна, Года беражлівасці не тычацца. Да таго ж, сродкі выдзяляюцца з рэзервовага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Было б добра, калі б мы пагасілі ўсе замежныя крэдыты таксама з гэтага фонду. Што там яшчэ ў заначцы?

Першыя вынікі Года беражлівасці мы пабачым вельмі хутка. Пасярод святаў Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Андрэем Кабяковым і сваім памочнікам Наталляй Пяткевіч, якія ўзначальваюць створаную ў кастрычніку 2012 года дзяржаўную камісію для выпрацоўкі прапаноў па аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў. Камісіі было даручана да 30 снежня мінулага года ўнесці Лукашэнку адпаведныя прапановы. Падчас рабочай сустрэчы абмяркоўваліся папярэднія вынікі работы.

«Калі мы гаворым пра дэбюракратызацыю, то, натуральна, трэба, каб чыноўнікаў было менш. Калі чыноўнікаў шмат, яны ўсё роўна знойдуць сабе магчымасць займацца нават тымі пытаннямі, якія нам не патрэбныя і якія якраз уваходзяць у пералік таго бюракратызму, супраць якога мы з вамі змагаемся, — адзначыў Лукашэнка. — З іншага боку, гэта не павінна быць чыста механічна. Бо мы можам нанесці шкоду дзяржаўнаму кіраванню. Ёсць пэўныя ўстояныя законы, хай яны суб’ектыўныя, але яны выпакутаваныя людзьмі, і трэба выразна ўяўляць, колькі ў арганізацыі павінна быць чалавек, каб яна эфектыўна працавала».

Пагроза, як мы даведаліся, найперш навісла над міністэрствамі гандлю і ЖКГ. Менавіта гэтыя ведамствы Кабякоў і Пяткевіч запланавалі «пусціць пад нож». Але і тут, як сказаў прэзідэнт, спяшацца не трэба. «Што датычыць скарачэння асобных органаў, міністэрстваў, ведамстваў, шчыра кажучы, я не гатовы па гэтаму напрамку прымаць рашэнне. Трэба яшчэ раз параіцца з урадам і іншымі», — адзначыў ён.

То бок, пачаў скарачэнне Лукашэнка з абмеркавання гэтага пытання з сілавікамі, але, здаецца, вырашыў іх зберагчы, а скараціць ЖКГ і гандаль. Зразумела, абараняць прэзідэнта будуць у выпадку чаго не дворнікі з гандляркамі…

Каментаваць