Штраф праваабаронцу

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна Мінска 19 кастрычніка пастанавіла спагнаць з намесніка старшыні зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна Валянціна Стэфановіча штраф у памеры 4 727 330 беларускіх рублёў. Гэтая сума складае 15% ад быццам бы “па неасцярожнасці нявыплачанага падатку на прыбытак за 2009–2010 гады.



Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна Мінска 19 кастрычніка пастанавіла спагнаць з намесніка старшыні зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна Валянціна Стэфановіча штраф у памеры 4 727 330 беларускіх рублёў. Гэтая сума складае 15% ад быццам бы “па неасцярожнасці нявыплачанага падатку на прыбытак за 2009–2010 гады.

Цікавасць да асобы праваабаронцы і юрыста з’явілася пасля таго, як Літва і Польшча перадалі беларускім уладам дадзеныя пра банкаўскія рахункі Валянціна Стэфановіча, а таксама кіраўніка “Вясны Алеся Бяляцкага, які зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 МУС Беларусі на сталічнай вуліцы Валадарскага ў чаканні суда за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Па словах Валянціна Стэфановіча, сродкі знаходзіліся на рахунку, куды паступалі грошы на дзейнасць “Вясны.

“Згодна з вынесенай пастановай, я “па неасцярожнасці не ўказаў усю суму прыбытку, якая падлягае падаткаабкладанню. У якасці змякчаючых абставінаў была прызнана наяўнасць у мяне двух малалетніх дзяцей, — распавёў праваабаронца. — Фактычна з пастановай мяне азнаёмілі яшчэ да разгляду маёй справы. Калі на мяне складалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, мне прапанавалі распісацца ў пастанове па справе адносна згаданага правапарушэння ў той частцы, што я азнаёмлены з матэрыяламі справы. На гэта я адказаў, што пастанова яшчэ не вынесена, пра што і напісаў у пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні. Гэта значыць, што пастанова ў дачыненні да мяне была вынесена яшчэ да таго, як адміністратыўная справа была разгледжана па сутнасці.

Валянцін Стэфановіч таксама заяўляў хадайніцтва аб больш поўным перакладзе матэрыялаў справы, бо ў раздрукоўках з банку, якія былі прадстаўлены праваабаронцу, не ўсё было перакладзена на зразумелую мову. “Напрыклад, падставы грашовага пераводу з галандскага аддзялення “Amnesty International былі пазначаны толькі па-англійску, і я лічу, што гэта мае істотнае значэнне для разгляду справы і ўстанаўлення маёй вінаватасці ў здзяйсненні правапарушэння. Але ўсё было адхілена, — паведаміў юрыст.

Па словах Валянціна Стэфановіча, ён збіраецца абскардзіць пастанову Партызанскай раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах у вызначаны законам дзесяцідзённы тэрмін. Варта адзначыць, што першапачаткова памянёная інспекцыя мелася спагнаць з праваабаронцы 31 500 000 рублёў быццам бы ўтоенага падатку, а таксама 6 000 000 рублёў пені.

 

Каментаваць