Штраф за «Крывінку» — 1 400 000 рублёў

Бешанковіцкі райсуд аштрафаваў Георгія Станкевіча за распаўсюд газеты «Крывінка», якую той заснаваў і выдае на ўласныя сродкі.

Спадар Станкевіч адмовіўся ад удзелу ў судовым працэсе і пакінуў будынак суду на знак пратэсту, бо лічыць, што суддзя Вольга Белавус парушыла ягоныя правы.



Бешанковіцкі райсуд аштрафаваў Георгія Станкевіча за распаўсюд газеты «Крывінка», якую той заснаваў і выдае на ўласныя сродкі.

Спадар Станкевіч адмовіўся ад удзелу ў судовым працэсе і пакінуў будынак суду на знак пратэсту, бо лічыць, што суддзя Вольга Белавус парушыла ягоныя правы.

«Пра суд я ўвогуле даведаўся выпадкова: працэс быў прызначаны на 4 студзеня, але я захварэў — пашкодзіў вока. Я паведаміў пра гэта ў суд, і 5 студзеня прынёс туды бюлетэнь — каб не думалі, што я хаваюся ад пакарання. Але суддзя Вольга Белавус заявіла, што будзе судзіць мяне ў любым выпадку — бо сыходзяць два месяцы з часу зафіксаванага ў пратаколе правапарушэння, і ў такім выпадку справу трэба спыняць. Я запатрабаваў, каб мне даслалі афіцыйную позву, якой так і не атрымаў. На ўсялякі выпадак патэлефанаваў сёння ў суд, і мне сказалі, што справу будуць разбіраць без мяне і што я нібыта адмовіўся ад удзелу ў працэсе».

У суд спадар Станкевіч усё ж прыйшоў, кінуўшы ўсе справы. Аднак суддзя Вольга Белавус не задаволіла ягонае хадайніцтва пра прысутнасць адваката на працэсе. Яна заявіла, што можа запрасіць дзяжурнага адваката замест таго, чые паслугі ўжо паспеў аплаціць Георгі Станкевіч. Аднак нават і дзяжурнага адваката не выклікала.

Спадар Станкевіч застаўся незадаволены і працай перакладчыцы. Яна настаўніца беларускай мовы, але навыкамі сінхроннага перакладу не валодае.

Сведак на судовым працэсе не было ўвогуле. Суддзя аштрафавала Георгія Станкевіча на 40 базавых велічынь. Пастанову ён лічыць незаконнай і збіраецца абскардзіць.

Суд па справе Георгія Станкевіча адбыўся толькі з другой спробы. 5 лістапада яго затрымалі, калі ён распаўсюджваў газету «Крывінка», якую ўжо чатыры гады выдае за ўласныя сродкі. У пастарунку супрацоўнікі міліцыі распавялі, што на яго праз тэлефон паступіла ананімная скарга — маўляў, дзве спадарыні абураліся, што не выпісваюць «Крывінку», але знайшлі яе ў паштовых скрынях. На выдаўца склалі пратакол пра парушэнне парадку распаўсюду газеты. Але 5 снежня суддзя Вольга Белавус адправіла пратакол на дапрацоўку, бо ён быў складзены непісьменна.

Ужо перапрацаваны пратакол стаўся падставай для сённяшняга штрафу, хоць Георгі Станкевіч два дні таму падаў скаргу ў суд, патрабуючы спыніць справу, бо следчыя дзеянні праводзіліся з парушэннямі Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У красавіку 2009 году спадара Станкевіча таксама затрымлівалі падчас распаўсюду «Крывінкі», і паводле аналагічнага абвінавачання яму быў прысуджаны штраф памерам 700 тысяч рублёў.

Паводле Радыё Свабода

Каментаваць