Штрафы — народу, грошы — настаўнікам!

Вясна надышла, але праблемы не скончыліся. Мы ўсё яшчэ адварочваемся назад, зазіраючы ў зіму: а раптам пахаладнее? Азіраецца на зіму нават той, хто не мае да нашых «Хаўераў» аніякага дачынення.



Інфляцыя ў Беларусі па выніках I квартала ў 10,8 разы перавысіла сярэднееўрапейскі ўзровень, сведчыць агляд Расстата, падрыхтаваны на аснове публікацый агульнаеўрапейскага статыстычнага агенцтва Еўрастат і нацыянальных статыстычных дадзеных.

«Сярод разгляданых краін з пачатку бягучага года цэны больш за ўсё ўзраслі ў Беларусі (на 5,4%), Турцыі (на 2,9%), Нідэрландах (на 2,3%), Эстоніі (на 2,2%)», — гаворыцца ў паведамленні. У Расіі і Казахстане інфляцыя склала 1,9%, ва Украіне — 0,1%. У сярэднім па краінах ЕС рост коштаў з пачатку года склаў 0,5%.

Ну, пра 5,4% інфляцыі мы і без Расстату ведалі. А чаму так адбываецца? Хто вінаваты? Здавалася б, Мінэканомікі, бо цэны раслі ў асноўным на прадукцыю, кошт якой рэгулюецца дзяржавай. Але вось само Мінэканомікі так не лічыць.

Амаль 80% беларускіх прадпрымальнікаў не выконваюць цэнавае і антыманапольнае заканадаўства — перакладвае Міністэрства эканомікі праблему з хворай галавы на здаровую. Паводле паведамлення, у першым квартале 2013 года органамі цэнаўтварэння Беларусі праведзена 189 праверак суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку 87 пазапланавых праверак. Парушэнні цэнавага і антыманапольнага заканадаўства былі выяўлены ў 150 правераных аб’ектаў. Па выніках 718 праверак у 2012 (у тым ліку 112 пазапланавых) парушэнні былі выяўлены ў 512 суб’ектаў.

Да суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства, Дэпартаментам цэнавай палітыкі Мінэканомікі і гаспадарчымі судамі абласцей ужываліся штрафныя санкцыі. У 2012 годзе вынесена 811 пастаноў аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выглядзе штрафу на 12,9 мільярда рублёў, у першым квартале 2013 года — 236 пастаноў на суму 356,1 мільёна рублёў. У даход бюджэту ў 2012 годзе і ў першым квартале 2013 года ўнесена 12,3 мільярда рублёў.

Ці верыце вы, што прадпрымальнік парушае антыманапольнае заканадаўства? Гы-гы тры разы. Канешне, шарыць па кішэнях прадпрымальнікаў, любым, нават самым абсурдным спосабам, выціскаючы з іх грошы, — гэта не праблема. Але чаму б не праверыць на антыманапольнасць такога манапаліста, як «Белтэлекам»? Альбо «Белпошту» з «Белсаюздрукам» як манапалістаў па распаўсюдзе газет? Менавіта праз гэтыя манаполіі «Новы час» не трапляе шмат да якіх чытачоў. На гэта ў Мінэканомікі рукі кароткія.

Ну што ж, бюджэт, хаця б штрафамі, але напаўняць трэба. Вось яшчэ адна структура далучылася да дзейнасці па напаўненні бюджэту. УП «Белтэхагляд» ініцыюе павелічэнне штрафаў за несвоечасовае праходжанне дзяржаўнага тэхагляду да 4 базавых велічынь (400 тысяч рублёў), а для легкавых аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца для камерцыйных перавозак пасажыраў, — да 20 велічынь (2 мільёны). Згодна з дзейным заканадаўствам, дадзенае правапарушэнне караецца папярэджаннем або штрафам да 2 базавых велічынь. У цяперашні час прапановы УП «Белтэхагляд» разглядаюцца ў Міністэрстве транспарту і камунікацый.

Як паведамляе прэс-служба УП «Белтэхагляд», у канцы сакавіка падчас правядзення агульнарэспубліканскай дэкады «Дзяржтэхагляд» было праверана каля 24,7 тысячы аўтамабіляў, у траціны з якіх былі выяўлены парушэнні тэрмінаў праходжання тэхагляду. Гэта ж якое неаранае поле для «стрыжкі купонаў» з простых грамадзян!

Лепш бы ўсе гэтыя Мінэканомікі і тэхагляды разбіраліся з іншымі рэчамі. Напрыклад, з нашай горача любімай і вельмі шаноўнай прамысловасцю, якая ўкладвае грошы проста ў паветра.

Напрыклад, на тыдні прадстаўнік Мінпрама РБ Вадзім Казлоў выпрошваў ва ўладаў Новасібірскай вобласці дапамогу для зборачнай вытворчасці «Магілёўліфтмаша». Справа ў тым, што «Магілёўліфтмаш» стварыў у Новасібірску сваё прадпрыемства, якое там аказалася нікому не патрэбнае. «Зборачная вытворчасць «Магілёўліфтмаша» была створана, але ў цяпер не працуе з адсутнасці падтрымкі з боку адміністрацыі Новасібірскай вобласці. Гатовыя ліфты закупляюцца, аднак зборачная вытворчасць не працуе», — заявіў Казлоў.

«Вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць каля 400–500 ліфтаў на год. Беларускі бок зацікаўлены ў развіцці гэтага зборачнай вытворчасці. І хацелася б папрасіць падтрымку гэтаму праекту з боку адміністрацыі і мэрыі», — удакладніў беларускі чыноўнік, фактычна запатрабаваўшы заказы ліфтаў для новага жылля і замены старых ліфтаў на новыя ў наяўным жылфондзе.

Па словах Казлова, для стварэння зборачнай вытворчасці было выкуплена 3,3 тысячы квадратных метраў вытворчых плошчаў і 1,5 гектара зямлі на тэрыторыі былога завода «Сібсельмаш». Але, як высветлілася, Новасібірску гэтыя ліфты, як ужо казалася, не патрэбныя.

Колькі грошай было закапана ў гэтае прадпрыемства, можна толькі здагадвацца. Але ж без належнай прапрацоўкі рынку, без пакета заказаў, без ніякай маркетынгавай стратэгіі — стварылі вытворчасць, прасігналілі: «загад выкананы!» — і ўсё. Далей — сядзець без заказаў і без штаноў на сваіх трох тысячах квадратных метраў вытворчасці і 1,5 гектара зямлі. Хоць бы назад прадалі гэта прадпрыемства — за камунальныя паслугі не плацілі б…

Адзінае, што радуе ў гэтай агульнай сітуацыі з падаткамі, штрафамі і зборамі, дык хоць тое, што грошы нарэшце пойдуць таму, каму трэба. Калі яшчэ заплацім больш штрафаў, то з 1 ліпеня 2013 года будуць павышаны аклады выхавальнікам дашкольнай адукацыі. Згодна з пастановай Саўміна ад 22 красавіка 2013 года, аклады выхавальнікам дашкольных устаноў будуць павышаны на 25%, памочнікам выхавальніка — на 10%.

Хоць нешта людзям перападзе, а не ўсё адно на разбазарванне.

Каментаваць