Штурм «Вясны»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пазбаўлены ўсіх кампутараў. У ноч з 19 на 20 снежня міліцыя ўварвалася ў офіс, куды паступала інфармацыя па выніках галасавання ад назіральнікаў.

«На працягу ночы двойчы «штурмавалі» наш офіс. Была канфіскаваная ўся аргтэхніка. Мы фактычна пазбаўленыя сродкаў працы. І будзем нейкі час працаваць па-за офіснымі ўмовамі», — паведаміла супрацоўніца праваабарончага цэнтра Таццяна Равяка.

Супрацоўнікі Першамайскага РУУС правялі вынятку тэхнікі ў тры гадзіны ночы. Яны скарысталіся момантам, калі двое праваабаронцаў выходзілі з офісу, і дзверы не паспелі зачыніць. Прычынай свайго візіту яны абвясцілі пошук рэчаў ці каштоўнасцей, якія маглі б мець дачыненне да злачынства. «Каштоўнасцей быццам бы не знайшлі. А інфармацыйныя носьбіты вынялі. Вось мы паглядзім, да якога злачынства яны могуць мець дачыненне», — сказаў кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі.

Яго калег, 10 чалавек, якія знаходзіліся ў офісе, завезлі ў Першамайскае РУУС. Міліцыянты праводзілі «агляд памяшкання». «Вельмі цяжка сказаць, чым ён адрозніваўся ад ператрусу, — адзначыў Алесь Бяляцкі. — Таму што яны лазілі практычна ўсюды і забіралі ўсе інфармацыйныя сродкі, якія тут былі. Гэта флэшкі, відэакасеты, аўдыёкасеты, кампутары, ноўтбукі»

Выняцце тэхнікі скончылася каля 6.30. У гэты час усе затрыманыя былі адпушчаныя з міліцыі. Але прыкладна праз 40 хвілін з’явілася ўжо другая група. На мікрааўтобусе «Фольксваген» з цёмным шклом прыехалі 5 чалавек у цывільным. «Гэтыя наогул не назваліся. І пагражаючы тым, што яны ўзламаюць дзверы, патрабавалі адчыніць памяшканне. Я сказаў, што калі не будзе ордэра, дзверы не будуць адчынены», — распавёў Алесь Бяляцкі. Другая спроба пранікнення ў офіс не здзейснілася.

Наступным днём за офісам працягвалася весціся вонкавае назіранне. «Так што ў нас выбарчая кампанія працягваецца, — рэзюмаваў Алесь Бяляцкі. — Але ў нейкай ступені я лічу, што гэта ацэнка нашага назірання. Таго, што мы рабілі ўсе гэтыя тры месяцы. Пра тое, што ўлады не хацелі б на самай справе ведаць пра вынікі нашага назірання, сведчаць якраз здарэнні гэтай ночы».

У дзень галасавання «Вясне» адключылі стацыянарны тэлефон.
 
Каментаваць