Сінявокая сметніца

Усё б у нас было прыўкрасна, калі б не знешнія сілы. Канешне, жывем мы не ў закаркаванай бляшанцы, але як было б цудоўна, калі б нам не перашкаджалі ўсе: з Захаду, з Усходу, і гэтак далей. Псуюць нам нервы, толькі і паспявай адмахвацца.



Напрыклад, злыя капіталісты ў чарговы раз пазайздросцілі нашай сацыяльна-арыентаванай эканамічнай мадэлі. На тыдні міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s Investors Service паставіла на перагляд рэйтынг эмітэнта B3 і еўрабондаў Беларусі з мэтай паніжэння.

Як паведамляе Moody’s, ключавымі фактарамі для такіх дзеянняў сталі павелічэнне нагрузкі на плацяжы па вонкавых абавязках на фоне страты больш за 30% золатавалютных рэзерваў з-за ціску на курс нацыянальнай валюты са снежня мінулага года, а таксама рызыка падзення эканомікі і магчымыя адмовы Расіі ад фінансавай падтрымкі Беларусі, бо сама Расія сутыкнулася з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі.

Вынік перагляду рэйтынгу будзе залежаць ад змены аб’ёму ЗВР Нацбанка ў бліжэйшыя 6 месяцаў — год, адзначаецца ў прэс-рэлізе агенцтва.

Разам з тым, рэйтынгі Беларусі пакуль застаюцца нязменнымі: па аблігацыях у замежнай валюце B3/NP, па валютных дэпазітах — Caa1/NP, нацвалюце — B1.

Усе гэтыя «Бэ-тры» і «Сааа-адзін» звычайнаму грамадзяніну ні пра што не кажуць. Таму варта патлумачыць. Рэйтынг "В" азначае, што нашы валютныя аблігацыі разглядаюцца як «спекулятыўныя» і маюць высокую рызыку невяртання. А лічбачка «3» азначае, што яны знаходзяцца ў самым канцы спіса «В». Рэйтынг «В1» нацыянальнай валюты — вы зразумелі, «спекулятыўная валюта», у любы момант можа абрынуцца, але знаходзіцца ўверсе спіса «В». «Саа1» азначае, што валютныя дэпазіты лічацца абавязацельствамі вельмі нізкай якасці і схільныя да вельмі высокай крэдытнай рызыкі.

Літары «NP» напрыканцы рэйтынгу азначаюць Not Prime («непершакласны»). Гэта азначае, што эмітэнты з такім рэйтынгам з вялікай цяжкасцю могуць расплаціцца па ўзятых на сябе кароткатэрміновых крэдытах.

Варта зазначыць: усё тое, што знаходзіцца ніжэй за катэгорыю «В», лічыцца «смеццевым» узроўнем. То бок, укласці грошы ў такія каштоўныя паперы ці ў такую валюту — усё роўна, што выкінуць грошы ў сметніцу. Зразумела, ніякі інвестар у цвярозым розуме і яснай памяці не стане звязвацца з такімі «абавязацельствамі». Што аўтаматычна вядзе да страты інвестыцыйнай прываблівасці.

Відавочна, што пагаршэнне рэйтынгаў Moody’s пераводзіць Беларусь на ўзровень міжнароднага фінансавага «смецця», і пра інвестыцыі ў краіну ў такіх умовах можна забыцца. Таму не дзіва, што такое рашэнне агенцтва выклікала рэзкую незадаволенасць айчыннага Мінфіна. «Дадзенае рашэнне, на наш погляд, прынята без усебаковага аналізу сітуацыі ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь», — заявіў наш Мінфін.

Зрэшты, рэакцыю Мінфіна можна зразумець. Рашэнне Moody’s адбілася на каціроўках беларускіх еўрабондаў. Бонды дэбютнага выпуску з пагашэннем у жніўні 2015-га пасля паведамлення агенцтва патаннелі на Франкфурцкай біржы на 0,77%. Бонды другога выпуску з пагашэннем у 2018-м годзе не каціруюцца на біржы з 20-х дзён студзеня.

Але лепш бы Мінфін займаўся фінансавай палітыкай і прымаў нейкія захады па павышэнні, напрыклад, ЗВР, а не раз’юшваўся з нагоды паведамлення Moody’s. Таму што і там ведаюць, і мы ўсе ведаем, што нам у гэтым годзе трэба сплаціць $4 млрд. па знешніх пазыках, а ўсе ЗВР складаюць толькі $5 млрд.

І ведаюць у агенцтве нават больш, чым мы. Таму што ўжо пасля рашэння агенцтва, якое ўказала адной з прычынаў «магчымую адмову Расіі ад падтрымкі Беларусі», прыйшла навіна пра тое, што сінявокая не атрымае апошні транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Па словах новага кіраўніка Еўразійскага банка Развіцця Дзмітрыя Панкіна, Беларусь можа ініцыяваць чарговы разгляд пытання аб шостым траншы, але апошні транш стабкрэдыту не быў пералічаны ў засекі Беларусі, паколькі краіна не выканала 10 з 14 паказчыкаў стабілізацыйнай праграмы, у тым ліку 5 кантрольных паказчыкаў.

«Умовы, як вы памятаеце, выкананыя не былі, і да гэтага часу сітуацыя ніякім чынам не змянілася», — адзначыў у сваю чаргу дырэктар беларускага прадстаўніцтва ЕАБР Віктар Гуляеў. Ён таксама зазначыў, што ў цяперашні час Беларусь не можа разлічваць на фінансаванне іншых праектаў за кошт крэдытаў АКФ, паколькі ўжо выбрала свой ліміт, які складаў $2,8 млрд.

Так што разлічваць краіна можа толькі на наўпроставыя крэдыты з Расіі. Але і з імі цяжкавата. Прынамсі, адным з вынікаў візіту Аляксандра Рыгоравіча ў Сочы была навіна пра тое, што ён папрасіў у Пуціна крэдыт у $2,5 млрд. Папрасіць — папрасіў, але ці дадуць яго, пра гэта нічога сказана не было.

Канешне, па меркаванні спецыялістаў, нават для «крызіснай» Расіі гэтая сума невялікая, маглі б і даць. Але сімптаматычна тое, што «старэйшы брат» не дае грошай нават на самае святое. А менавіта, грошай няма на беларускую АЭС у Астраўцы.

Палата прадстаўнікоў на пасяджэнні 25 лютага ратыфікавала пратакол, які ўносіць змены ў міжурадавае беларуска-расійскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС. Дакумент змяняе тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю энергаблокаў АЭС. Раней бакі бралі на сябе абавязкі па ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока ў 2017-м годзе, другога — у 2018-м. Дадатак змяняе тэрміны адпаведна на 2018 і 2020 гады.

Улічваючы тое, што фінансуе будаўніцтва Расія, гэта азначае адно — грошы скончыліся. Наш атамны рэактар ператвараецца ў савецкую доўгабудоўлю.

Ну, нічога. Затое мы ведаем, хто нам ніколі не здрадзіць і шмат карысці прынясе. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што ўсе нашыя праблемы вырашаць… прусакі!

Калі верыць БелТА, нашыя навукоўцы прапануюць спецыяльна разводзіць мармуровых прусакоў, якія «могуць есці адходы арганічнага паходжання, такім чынам вырашаючы вострую праблему ўтылізацыі прамысловых адкідаў. Вынікам такой перапрацоўкі з’яўляецца высокаэфектыўнае ўгнаенне біягумус. Самі ж жывёлы могуць стаць кармавым бялком для рыбных гаспадарак, птушкафермаў і жывёлагадоўчых комплексаў», — піша БелТА. Справа толькі за малым: «стварыць біятэхналагічны цэнтр і адпрацаваць стэрылізацыю казурак».

Падаецца, да 1 красавіка — Дня дурняў — яшчэ далёка…

Каментаваць